Вяленая плотка
Розная дробная рыба, свежая, дае няшмат навару і карысці. Лепш яе адразу пасля ўлову
ачысціць, выпатрашыць і кінуць у цёплую печ на засланую салому. Там яна высахне за
адзін-два разы і будзе цудоўным дадаткам да стала чэлядзі ў пост. Плотка вяленая дае такі
смак і пах, якога не мае ў свежым выглядзе нават тады, калі яе ў чатыры разы больш.
Падпечаная белая рыба
Усялякую белую рыбу падпякаюць у печы, як і плотку, бо звараная яна не такая смачная.
У посныя дні яе можна дзеля разнастайнасці ўжывыць на кухні.
Вэнджаная рыба
Рыбу расплескваюць удоўж, выпатрошваюць, соляць у драўлянай пасудзіне, перасыпаючы
кожны слой жменяй солі, ставяць у халодным месцы. Праз тры-чатыры дні расцягваюць
на лучынах і праветрываюць адзін-два дні. Потым, укруціўшы кожную ў паперу так, каб
даходзіў дым, вешаюць для вэнджання ў халодным дыме ў вяндлярні ці коміне.
Чым больш тлустая рыба, тым смачнейшая яна будзе вэнджаная. А тэрмін залежыць ад
памераў рыбы: восем — чатырнаццаць дзён дастаткова, каб завэндзіць нават вялікую.
Хатняя траска са шчупакоў
Свежага шчупака расплескваюць, але не так, як звычайна праз сярэдзіну жывата, а праз
спіну, выціраюць сурвэткай з усіх бакоў. Не соляць, а развешваюць на сонцы і на ветры, расцягнуўшы ўпоперак лучынамі, захоўваюць ад дажджу і сырасці. Калі рыба добра
прасохне, трымаюць у сухім і халодным месцы заўсёды развешанай. Па патрэбе
вымочваюць у лузе, а потым у вадзе, і прыпраўляюць як траску. На смак амаль што няма
розніцы, асабліва калі бяруць вялікіх шчупакоў.
Траска, хутка прыгатаваная са шчупака ці судака
Свежую рыбу чысцяць, расплескваюць, дастаюць косткі са спіны, не спалоскваюць, а
адразу соляць. Затым насыпаюць на палатно попел, накрываюць яго зверху іншым
палатном, раскладваюць кавалкі рыбы, скручваюць усё ў трубку і кладуць на лёд. Праз
тры дні адварваюць у вадзе і ўжываюць па спосабу капуцынаў, але не з соусам са
смятаны.
Мачэнне траскі
У драўлянай пасудзіне заліваюць траску моцным альховым ці бярозавым лугам і ставяць
на чатыры дні ў цёплае месца. Потым зліваюць луг, рэжуць рыбу на кавалкі і ў другі раз
заліваюць свежым лугам. Праз чатыры дні палошчуць у халоднай вадзе, а потым
заліваюць вапнавай вадой. У ёй пакідаюць рыбу на некалькі дзён, пасля чаго
перакладваюць у іншы посуд, заліваюць мяккай вадой і зменьваюць яе тры разы ў дзень
да таго часу, пакуль льга будзе ўжываць, што звычайна адбываецца пасля трох дзён
вымакання. Але можна мачыць і далей, гэта рыбе не шкодзіць.
Каб атрымаць вапнавую ваду, нягашаную вапну заліваюць вадой, пакуль яна не зробіцца
белай, як малако.
NВ. Калі пачынаюць гатаваць траску — не соляць, бо яна сцвярдзее. Але пад канец варкі
ўсыпаюць трохі солі.
Прыгатаванне траскі і хуткае яе вымочванне на працягу адной ночы
3 вечара адбіваюць траску молатам на кавадле так моцна, каб яна павялічылася ў аб’ёме.
Пасля замочваюць на ноч у рачной вадзе. Назаўтра рыба зробіцца рыхлай і мяккай, нібыта
яе вымочвалі тыдзень.
Хатняя ікра з ікры шчупака
Ікру шчупака, ачышчаную ад плевак, апарваюць варам і адразу сцэджваюць на сіта. Добра
соляць і ставяць у лёгкім цяпле ад печкі, але не перад полымем, на некалькі гадзін. Вельмі
часта мяшаюць, каб соль растала. Потым складваюць у маленькія гаршчочкі, заліваюць
зверху алеем і абвязваюць пузыром.
Атрыманая ікра, мабыць, не гэткая смачная і тлустая, як асятровая, але прываблівае сваім
залацістым колерам, а асабліва — таннасцю.
Солі сыплюць не менш паўтара лота на кварту ікры, а для больш позняга ўжывання
дадаюць нават больш.
Захоўванне селядцоў
Добра вымачаныя ад солі селядцы заліваюць півам, якое кіпела з перцам, простым і
англійскім, з лаўровым лістом, затым дабаўляюць алей, абвязваюць пасудзіну пузыром і
ставяць у сухое і халоднае месца.
Як прыгатаваць просты селядзец, каб ён быў гэткі жа далікатны, як і галандскі
Выпатрашаны селядзец заліваюць халоднай вадой і выносяць у склеп на дваццаць чатыры
гадзіны. Да паўгарца воцату дадаюць пяць цыбулін, адзін лот англійскага перцу, паўлота
простага, дзесяць лаўровых лістоў і дзесяць гваздзікаў. Усё тры разы кіпяцяць, кладуць
туды вымачаны селядзец і ставяць у склеп. Праз тыдзень льга ўжо ўжываць. Такая
колькасць воцату разлічана на дзесяць селядцоў.