не зложаць усе буракі. Астатнюю глебу насыпаюць зверху, недзе на паўлокця, каб над
кожным ровам быў пагорак. Паміж імі пракопваюць раўкі для сцёку вады. Калі зямля
прамерзне на шэсць цаляў, накрываюць бурты перагніўшым гноем слоем у дваццаць
цаляў. Вясной, як пацяплее, яго адразу адкідваюць.
Равы для захоўвання капусты
Капаюць іх на сухім пясчаным месцы, толькі не гэтак глыбока і шырока, як ужо згаданыя.
Капусту кладуць галоўкамі ўніз, ачышчаючы ад бакавых лістоў і не прытульваючы
качаны адзін да аднаго. Засыпаюць зверху пяском настолькі, каб утварыўся пагорак са
схіламі вышынёй у паўлокця і трохі шырэйшы, чым роў. Калі глеба замерзне, яго
накрываюць крыху гноем.
Роў рыхтуюць прынамсі за некалькі гадзін да ўкладкі капусты, каб ён трохі праветрыўся і
высах.
Пастарнак як вясення зеляніна
Пастарнак, пасеяны ў тых месцах, дзе восенню не ходзяць парсюкі, пакідаюць на зіму на
градах і нічым не накрываюць. Вясной ён будзе лепшы, чым восенню, бо зробіцца
салодкім ад марозу. Калі зямля растане, яго ўбіраюць з агароду і ўносяць у склеп.
Тапінамбур
Расліна з’яўляецца добрай гароднінай як вясной, так і восенню. Таму лепш адну частку яе
восенню пакласці ў склеп, а другую пакінуць на градах да вясны, а тады спажываць.
Як вясной мець моркву
У сухім месцы ў зямлі морква, накрытая саломай ці лісцем, можа перанесці мяккія зімы, асабліва калі зверху палажыць трохі гною з саломы, які вясной адразу ж трэба адкінуць.
Аднак больш надзейнае, вядома ж, захоўванне ў ямах.
Парэй і пятрушка свежыя вясной і летам
Часцей за ўсё здараецца, што гэтая зеляніна, так патрэбная для кухні, ці псуецца ў склепе
ці кухары яе зрасходуюць зімой, і ўсю вясну і лета мусіш абыходзіцца без яе. Прадухіліць
такое льга, калі вясной засеяць парэем 1і пятрушкай грады ў аддаленым месцы, куды
восенню не пускаюць парсюкоў. У лістападзе, як зямлю крыху сцягне мароз накрываюць
грады хваёвымі галінамі. Пад імі расліны лепш за ўсё перазімуюць, толькі адразу, калі
снег пачне вясной раставаць, неабходна той покрыў зняць, бо такая далікатная зеляніна, як парэй, можа згінуць ад вільгаці. Пятрушка больш стойкая. У мяккія зімы яна можа
нават заставацца ў глебе, але не заўсёды.
Вясной каля парэю належыць прыціснуць трохі зямлю, падсыпаць сухога пяску. Найперш
бяруць на кухню парэй і пятрушку з градкі. Аднак нельга дапускаць, каб яны пачалі зноў
расці. Варта перанесці расліны ў склеп і пасадзіць у сухім пяску, дзе яны захаваюцца
амаль што да новай гародніны, калі іх часта будуць ачышчаць ад гнілых лістоў.
__________
1Парэй павінен быць зімовага сорту.
__________
Пятрушка зялёная на ўсю зіму
У не вельмі вялікай і шырокай драўлянай пасудзіне прасвідроўваюць наскрозь адну каля
адной дзіркі памерам з шыйку бутэлькі на адлегласці ў дзве цалі. Супраць кожнай
адтуліны кладуць карані пятрушкі. У іх абрываюць вялікія і старыя лісты, але пакідаюць
парасткі. Ставяць пасудзіну ў склеп, дзе не надта цёмна і суха. Свежая расліна да страў
будзе штодзённа.
NВ. Укладваючы пятрушку, звычайна прысыпаюць карані агароднай зямлёй. Вясной каля
пасадкі льга будзе браць маладыя лісцікі.
Захоўванне яек
На паліцу, засцеленую цёртай саломай, у халодным і сухім памяшканні кладуць вясной
радамі яйкі: няшчыльна, паасобку. Больш познія, якія паступяць, размяшчаюць за
першымі, а яшчэ пазнейшыя — далей за імі, каб не дапусціць памылкі, расходуючы іх.
Заўсёды спачатку спажываюць ранейшыя — яны будуць ляжаць спераду. Абавязкова
разлічваюць, каб вясновых яек хапіла на ўвесь летні перыяд, да зімы. Знесеныя ж у час
жніва захоўваюць для выкарыстання зімой. Іх трымаюць у скрыні альбо ў іншай
пасудзіне, складваючы наскамі ўніз, каб адно другога не дакраналася. Перасыпаюць
высушаным у печы аўсом ці жытам альбо дубовым попелам, нарэшце пяском, належным
чынам прасушаным у сушылцы ці ў печы. Не псуюцца яйкі і ў дробна патоўчанай солі.
Аднак найлепш яны захоўваюцца, калі іх складваюць у гліняныя гаршкі і заліваюць добра
гашанай і прасеянай вапнай, распушчанай у вадзе, настолькі, каб яна была на два пальцы
вышэй над яйкамі. Так замураваныя яны могуць стаяць год і болей, бо паветра да іх не
праходзіць. Жадаючы выкарыстаць яйкі, льюць ваду ў гаршчок, пакуль яна не размочыць