Выплакалася Ядвіся ўволю і троху прыціхла, у пакоі з прыемнасцю палепшанага пацягнулася на мяккім паху чым сене, закінула рукі за галаву, глыбока ўздыхнула і прыслухалася. Гарматны гул не сціхаў, але далятаў здалёку, як глухі гром, глухімі раскатамі. Наўкола ж блізка ўсё было ціха. З хаты не чуваць было ані гуку.
Шкло вакенца на вышках ледзь дрынчэла і званіла, калі мацней гудзеў гул. Мусі, дожджык ішоў: вакенца было затуманена дробнымі капачкамі, запацела.
На вышкі залезла кошка, упёрлася зялёнымі зрэнкамі на дзяўчыну, падняла хвост і замяўкала.
— Кыць-кыць-кыць, — паманіла Ядвіся, але вуха яе раптам уразілася рэзкім хлопаннем унізе, блізка возера.
Яна мігам скочыла, падбегла да шыбкі, працёрла яе ад туману і глянула на поле.
Дожджык ішоў. Людзей не было відаць, але паміж гор то тут, то там хлопала, і на міг віднеўся клубочак пару, як ад дыхання ў мароз.
Прыгледзеўшыся, убачыла Ядвіся, што за хутарам, куды пайшло рускае войска, па ўсім полі, у лагчынах і па адхону гары пераскаквалі, як вераб'і, адбягалі назад і прысядалі, нібы перапырхвалі, шэрыя са штыкамі і старэцкімі хатылькамі фігуркі. I ўсё нешта хлопала.
— Матка боска! То ж яны страляюць, — спалохана даўмелася Ядвіська і заламала, аж хрэснулі, пальцы.
Адна шэрая, абчэпленая торбамі кароценькая фігурка бегла саўсім недалёка ад пруда, па канаўцы ля шасэ. Во прысела, выставіла стрэльбу да лесу, рэзка хлопнула, — і раз, і два, і тры. Усхапілася і шпарка-шпарка пакацілася ад хутарка.
Ядвіся не мела сілы аглянуцца. Во фігурка ўзмахнула ўгору рукі і кінула стрэльбу. А воддаль яе і блізка пыл на раллі там, тута курыцца, як пыл на дарозе, калі пачынаецца буйны дождж. Прысела фігурка, потым сярдзіта пачала рваць з сябе тыя торбачкі; ізноў ускочыла, схапілася за грудзі, замяталася туды сюды ў бакі, кінулася ніц на дол і асталася ляжаць нерухома.
Шлёпалі тыя буйныя каплі па возеры, раскідаючы дробныя пырскі, і ўкола возера ўжо ляжала яшчэ некалькі такіх фігурак.
Пачуўся з пад лесу грукат, конскі тупат, страляніна і крык.
Ядвіся прыльнула вокам да ваконца і ўбачыла: ад лесу на шасэ важка імчыцца конніца ў сініх мундзірах з флажкамі на канцы пік.
Ту-ту-ту-тук!.. — Як гарохам, забарабаніла па сцяне хаты.
— Ядвіся! Ядвіся! — даляцеў голас са слязамі крыклівы знізу.
Дзяўчынка кінулася да лесвічкі.
Дзы-ынз! — пасыпалася вакенца, і ў дзіру са злыбедным свістам уляцела яшчэ некалькі куль.
Не паспела Ядвіська дабегчы з бацькам да пограба, як да хутарка наўскачка падляцелі нямецкія кавалерысты.
— Прусы, — уздрыгнула і акамянела дзяўчына і ўжо не магла адвесці застылых вачэй ад тых. Ногі неспадзявана аслаблі, дажа згібаліся, зрабілася сцюдзёна. I Ядвіся проці волі хрыпла і дужа ціха шапнула, узняўшы руку: — Не рушце!..
V
У Янавай хаце за сталом сядзяць нямецкія пехацінцы. П'юць кофе, малако, ядуць хлеб з маслам, яйкі. На лавах навалены шынелі, ранцы. У кутку — стрэльбы. На масту пасцелена салома. Каля столу стаіць Ян і гамоніць з салдатамі. Ад печы да столу бегае Ядвіська. Монця з маткаю на печы. Салдат жыд перакладае таварышам, што кажа гаспадар па-літоўску.
— Во, дзед, — кажа адзін салдат, — у вас, у Расіі, баюць, што ў нас ужо есці няма чаго. На-ка табе кавалачак хлеба, ці не бялей наш будзе, ха-ха. Скажы яму, Глюкман.
— Бярэце, бярэце, гаспадар, што ж, — гаворыць Глюкман, — пакаштуйце нашскага хлеба. Ян віхаецца і бярэ.
— Дзякую, браткі. А мы да чорнага прызвыклі.
— Дадай, Глюкман, што калі ў нас не хопіць хлеба, мы ў рускіх адбяром… Дзяўчына, даліце кофе!
Ядвіся зразумела, пачырванела і ўсміхнулася.
— Зараз, пане, зараз.
— Старому што ні кажы, ці ён вінават?
— Па-вашаму, Цымерман, стары не вінават? А ён жа паляк, ён не рускі, ён і гаварыць па-руску не ўмее, а чаму ідзе з рускімі на нас? Як ён жыве пад уладай рускіх? Як батрак, хлеба няма, а як брудна. I яны ўсе тут таксама. А ў Германіі ён чалавекам быў бы.
— Ведаеце, — заступаецца Глюкман, — ён паляк, але тутэйшы: па-польску тож не разумее, гаворыць па-літоўску. I ён нічога таго не разумее, дарма вы на яго. Ён жыве і жыве. Я жыў у Расіі, дык я знаю. Праўда, усе тут так. Яны простыя людзі, яны не разумеюць. Маладзенькі хлопчык шэпча вусатаму брудэру:
— А гэта дзяўчонка нічога сабе, адылі што на печы, яшчэ прыгажэйшая. А вусаты чуе і кажа:
— Глюкман! Растлумач запечнай дзяўчыне: няхай не баіцца, мы не з'ямо яе, няхай не хаваецца.
— Ай, ну што там, — кажа ім жыд, — пакіньце вы іх чапаць, ну, простыя, бедныя сабе людзі, і ўсё.