Той раніцай выйшаў на шпацыр і Стасік. У гэтага ў галаве адно - пакруціцца, пацерціся каля маладых паненак. Якраз тады, калі цётка Цэцыля, тая самая, з бародаўкай, спіць. А спіць яна доўга, да дванаццаці, бо яна святуля - уночы не спіць, а моліцца.
Дзяўчаты акурат і стаялі каля звярынца. Прыйшлі так рана, бо хацелі паглядзець, як раніцай кормяць драпежнікаў: рысю, мядзведзя, ваўкоў.
Ваўкоў у звярынцы сядзела цэлая рознакаліберная дэлегацыя з лясоў «Северо-Западного края»... Быў здаравезны баравы ваўчуга з Налібокаў, меліся галаватыя пушчанскія ваўкі, знаходзіліся драбнацелыя інфлянцкія ваўкі, цэлая сям'я: воўк, ваўчыца і ваўчаняты. Быў яшчэ адзін воўк, які, як казалі, з'явіўся ў звярынцы нядаўна. Невялікі, сухарэбры, адно званне, што воўк. Казалі, што то быў ручны звер, але шмат рабіў шкоды, таму запраторылі ў клетку.
Пан аканом падышоў да паненак, дакрануўся да свайго касторавага кацялка ў знак вітання. Дзяўчаты стрымана хітнулі галоўкамі. Аканом паглядзеў на мядзведзя, рысю, на ваўкоў. Каля клеткі з сухарэбрым ваўком спыніўся. Звер ляжаў, паклаўшы галаву на таўставатыя пярэднія лапы. Кавалак свежай ялавічыны ляжаў у пляскатай жалезнай місе, але воўк не звяртаў на спажыву ўвагі. Словам, воўк як воўк. Тыповы шэры драпежнік, якіх на прасторах Літвы тысячы, а можа, дзесяткі тысяч... Да чаго яны падобныя адзін да аднаго!
Стасік побач круціў галавой, зазіраючы ў маладыя, сонечныя, як свежае масла з бойкі, і роўненькія, як курыныя яйцы, тварыкі маладзічак, нешта плявузгаў пра раманы Крашэўскага, з якіх ён ніводнага не дачытаў, і нават асмеліўся ўзяць адну з дзяўчат за локцік. Тая далікатна выслабаніла руку і з'едліва сказала голасам у нос, па-французску, што ў маладога пана ёсць каго браць за руку, маючы на ўвазе цётку.
Раптам ні з таго ні з сяго сухарэбры воўк падняўся і... заскуголіў. Так голасна і так сумотна, што паненачкі і Стасік сталі з жалем глядзець на звера. Стасік аб'явіў, што воўк плача. Па волі. А сам воўк - так сабе, няма на што глядзець. І не такіх бачыў. Наглядзеўся на ваўкоў у той глухмені, у якой змушаны жыць. Не аднаго драпежніка дасягла куля, пушчаная са ствала ягонай паляўнічай дубальтоўкі. Такія экземпляры трапляліся! Бывалі - ого! Даўжынёй вунь з гэтую паркавую лаву. Лапы - што цурбалкі ў каня. А гэтыя ваўкі тут, у Друскеніках, - дробныя, не вартыя ўвагі.
- Вось, - балбатаў Стасік, - маці Ромула і Рэма... Выбітны сімвал... Плач гэтай ваўчыцы сімвалізуе плач народа па незалежнасці...
- To pies, nie samica... - перабіла пустаслоўе Стасіка адна з паненак і сарамліва заплюскала вачамі.
- Ці важна... - ганарыста адмахнуўся Стасік. - Ваўкі ў многіх народаў сімваламі... Знаёмы каўказскі афіцэр расказваў, што дзікія горцы яго на сцягу зялёным, мусульманскім, маюць... Ваўчыцу... І вось, паводле легенды...
Воўк паскуголіў і цяжка бухнуўся, упаў на жывот, паклаў морду на лапы. Калі загучаў голас Стасіка, адно вуха ваўка варухнулася і стала старчаком. Гэта падмеціў пан аканом. Голас Стасіка гучаў, а воўк нават прыўзняў галаву, нібы слухаючы бязглуздзіцу маладога пана.
- Паводле чэчэнскай легенды, ваўчыца ўратавала дзяцей, сваіх ваўчукоў, ад буры... Паслухайце, - Стасік перайшоў на шэпт, - думаеце, Расея заваявала Каўказ? Чэчня ім адрыгнецца праз сто, дзвесце гадоў. Як і наша радзіма... Так, грамадзянкі?
Зваротак «грамадзянкі» мог пацэліць у сэрца любой дзяўчыны. Гэтак жа звярталіся адзін да аднаго паўстанцы... Яшчэ летась гэтак казалі ўсе прыстойныя палякі, ды, уласна, яшчэ і ў студзені, лютым сёлета казалі. Уголас, смела. Цяпер - не. Цяпер расейскія жандары ў Вільні хапаюць жанчын у чорным і, кажуць, задзіраюць спадніцы на галовы. Каб гэтак адвабіць насіць чорнае, жалобу па задушанай інсурэкцыі. Праўда, не зусім яшчэ і задушанай. Хто ведаў, колькі яшчэ хавалася па лясох з прагай помсты за забраны край.
- Пан Станіслаў, ці варта завязваць дыскусіі? - зрабіў заўвагу аканом маладому сваяку.
Падумаў ён пры гэтым больш рэзка: «Балван дурны. Ці час гаварыць пра радзіму, пра вольнасць? Толькі што, якіх пару месяцаў таму, у віленскіх мурах павешаны Каліноўскі. Падумаць толькі, крывавы дыктатар Літвы гасцяваў у іх, там, на поўдні, у эканоміі, некалькі дзён... А потым уся гэта калатнеча з інсурэкцыяй... А гэты, ну сапраўды, ці ж не балван, распускае язык... Вакол шпегі... Сотні, калі не тысячы расстраляны, адпраўлены ў Сібір, пазбаўлены маёмасці, правоў шляхецтва, а Стасік выхваляецца, каб заваяваць прыхільнасць дэвотак, у якіх невядома што ў галаве. А раптам каторая з іх - дачка дзяржаўнага службістага?»