РАЗДЗЕЛ III. Ператрус
1. Як было папраўдзе
Калі чытач думае, што ўсё: цікаванне за пакаёўкай Ганнай, захоп яе, лупцаванне адбываліся так, як выкладзена вышэй, ён памыляецца. Такія жарсці, а галоўнае - такім чынам, могуць адбывацца толькі ў раманах. Насамрэч усё было не гэтак.
Напраўду аканом не выклікаў да сябе Мондрыка, а сам знайшоў яго каля стайні, і не загадаў, а прыніжана папрасіў прасачыць за Ганнай. Гэтак было. Мондрык зайшоў да Ганны на тую палавіну афіцыны, дзе яна мела прытулак, і вачэй з яе не спускаў. Гэта праўда, але рабіў ён так зусім з іншых прычын. Ганна была ягонай дзеўчынай. Зграбная ў постаці, рухавая, з гарачымі сухімі далонямі... Ну і вядома, як на шляхцянку - ганарыстая. Мондрык даўно на яе вока палажыў. А дзяўчына ўдавала, што цярпець не можа панскага прыслугача. Колькі за ёю Мондрык выхадзіў, колькі паўздыхаў, а дзяўчына - нуль увагі. Вядома, яна - шляхта! А ён хто? Халуёвіна, панскія міскі вылізвае. Што з таго, што правая рука самога аканома, разумны, хітры, умее з людзьмі абыходзіцца, распарадчык на ўсіх работах? Але ж і за спадніцамі валацуга добры. Нос драпежны, як у каршуна, чаго варты.
Упаляваў Мондрык Ганну на беразе Гарыні - гэта было, гэта - праўда. Яна яго на смех падняла, чаго ўслед ходзіш, як ліса ў лесе за вясковай кошкай. Ён - слова за словам, сціснуў дзяўчыну ў абдымках. І раней так рабіў. Жартам, вядома. Але атрымліваў адпор - о-го-го! Да шляхцянкі як падступішся? Праўда, апошнім часам, мо з месяц, - якраз на лета, - асабліва не адбівалася, сціхала ў ягоных руках... Карацей, намацаў, дзе была, складзеную ў чатыры столачкі паперку, спрактыкаваным жэстам выцягнуў з-пад станіка.
- Аддай! - разгневалася дзяўчына. - Што за хлопства!
Не аддаў. Гуляў, патрабаваў пацалунак. Яна і цалаваць цалавала, але не, Мондрык не дурань аддаць. Які выпадак пану дагадзіць! Не думаў, што з гэтага далей будзе.
Адабраўшы цыдулку, Мондрык, пасвістваючы, пайшоў да афіцыны. Следам плялася Ганна. Кляла яго на чым свет, бэсціла, потым плакаць пачала. Тут ужо Мондрык адчуў насалоду - паплач-паплач. Ён не гэтулькі адпакутаваў каля гэткае шляхецкае недатыкі. Яму мроілася, што ў паперцы напісана нешта такое, паводле чаго Ганну завядуць у стайню, распрануць, прывяжуць да слупа і загадаюць усыпаць ёй бізуноў. І выканае прысуд ён - Мондрык. Біцьме ашчадна, без адцяжкі, але пару разоў свісне так, што ого-го! Будзе ёй і «панскі падлізнік», будзе ёй і «ты ўсіх дзевак манкевіцкіх пералапаў, а я - не такая...».
У стайні каля ліхтара разгарнуў паперку. На табе, значкі незразумелыя, халера на іх - па-польску напісана. Ён і па-руску, кірыліцай, слаба чытаў, а польскія літары здаваліся абсалютнай абракадабрай. Хрышчаны бацюшкам, але чытаць спраўна так і не навучыўся. Ад таго і Мондрыкам празвалі, што браў кнігу дагары і чытаў абы-што. Да польскіх літар было сваё, асаблівае стаўленне. То была панская навука, панская грамата, усё польскае, звязанае з ксяндзом, якога і не любіў і баяўся, як агню, - бо, бачыце, той ксёндз жонкі не меў і не мог мець. А сваю будучыню Мондрык без жонкі не ўяўляў. Лацінскія літары проста пужалі яго сваёй чужасцю.
«Мо аддаць?» - падумаў Мондрык, выйшаў на паветра і ўбачыў, што Ганна тралюе праз кветкі да акна панскай спальні. «Ага, Вабішчэвічыху, Аксану, папярэдзіць хочаш...» Кінуўся да будынка, каб перахапіць Ганну. Паспеў адцягнуць ад акна, пачалі валтузіцца. Тут іх і застаў пан Урбановіч.
- Што такое?
Куды дзецца? Аддаў цыдулку аканому. Ну, а далей усё адбывалася так, як апісана ў папярэднім раздзеле.
2. Дарагі крышталь кахання
Валадар узорнай эканоміі аканом пан Ежы Ўрбановіч апынуўся ў няпростым становішчы. Ягоная жонка выкрыта ў сужэнскай здрадзе. Была б старэйшай, то і падгуляла б сабе, і сярод шляхты бывае. А то ж лічы - дзяўчо. Калі ў такім узросце на здраду пацягнула, то што ўжо будзе потым?
Не разумеў ён пані Аксану, хоць стрэльні. Што за дурное пакаленне нарадзілася? Ім усё на Эўропу хочацца глядзець. А чаго глядзець, як бельгійцы волю атрымалі, як італьянцы хочуць Рым аднавіць?.. Ну не ў Бельгіі, не на Апенінах жывём... Ёсць дынастыя Раманавых... Кажуць, з літоўскімі, ліцвінскімі каранямі. Вядома, не са жмудзінаў, але з рускіх, або, як яшчэ кажуць, беларусаў.
Ёсць цар, ёсць імперыя, ёсць раз і назаўсёды пастаўленыя законы. Цар разумее, што законы час ад часу трэба мяняць. І мяняе... Вунь якую рэформу адбамберылі... Волю далі. Праўда, яшчэ невядома, як яно будзе, бо на выкупныя плацяжы адкуль у хлопаў грошы? Навошта рэвалюцыі? Навошта патрасенні? Навошта кроў, страляніна?