Кабыла напраўду цурбоніла ў ваду.
- Што? - перапытаў настаўнік.
Настаўніка здзівілі слова «Ліза» і грубасць фурмана. У вадзе, на балоце, ён нечакана пасмялеў.
Кабыла зрабіла сваё, пакалыхала пузам у вадзе і твані, потым, далёка выцягнуўшы морду наперад, дзе вада была чысцейшая, усмак папіла. Піла яна доўга, возчык пры гэтым пасвістваў, а ў вазок набегла вады на корху. Далей вазок не заглыбляўся - ён, здавалася, усплыў.
Настаўнік крыху супакоіўся, астыў, сеў, узяўся права- і леваруч за аглабіны. І ўспомніў, што яго абразілі! Гэтая во тля, вош з вошай мае нахабнасць пагражаць яму, двараніну, няхай сабе і небагатаму, фізічнай расправай. Пугай па вушах? Ды сарваць гэтую заечую аблавушку і даць яму кулаком па кумпалу! Гэта ж здзек, а не язда! Умажа ў бруд рэчы, выпацкае ў твань, а потым скажа - няма дарогі, нягоднік. Абдурыў яго гэты паляшук, згаварыўся з тымі старобінскімі жыдкамі...
Тым часам Ліза, як яе назваў гаспадар, аперлася нагамі на купіну, якую намацала капытамі пад вадой, згарбацілася, скукожылася і скокнула. Потым зноў ірванула. І пайшло-паехала скаканне-рванне. Настаўнік толькі бачыў, што злева і справа хвалюецца рудая неглыбокая вада.
Гэтак рухаліся некалькі хвілін. Тут настаўнік і зразумеў, што па балоце, пад вадой, пакладзены бярвенцы і кабылка ступае па іх, як па клавішах раяля. Намацвае нагамі, абапіраецца і гэтак рухаецца. Настаўнік адразу адчуў глыбокую павагу да Лізы, а пра абразу ад Тымуха-Цімоха забыў. Да новага выпадку.
4. Начлежная візія
Неўзабаве бераг застаўся далёка ззаду. Кабыла відавочна стамілася, ад яе пайшла пара, але возчык сцябаў і сцябаў яе сваёю пугаю. Настаўнік зразумеў, што калі яны спыняцца - патонуць. Ногі кабылы, калі яна не намацае нябачнае бярвенца, тут жа засмоктвала твань. А калі Ліза абслізгнецца на падгнілым бярвенцы?.. Ці варта тут гаварыць, што душа настаўніка даўно скуксілася. Часам Ліза ўвальвалася па пуза ў балотную твань, і тады возчык саскокваў у ваду, намацваў нагамі бярвенні і як мог падштурхваў воз. Пры гэтым ён гучна цмокаў, праходзіўся па худой спіне канякі пужальнам і лаяў яе на чым свет стаіць. Самымі бяскрыўднымі словамі ў адрас Лізы былі: «кутніца», «торба» і «трыбух».
На сушэйшых месцах адпачывалі, і настаўнік адчуваў, што вантробы ў яго быццам паадрываныя. Далася і Ліза - ногі ў яе падкошваліся, яна дрыжэла ад знясілення, і здавалася, вось-вось паваліцца. Але ехалі далей, калі гэтыя скокі можна было назваць яздой, і нічога - Ліза ўсё не валілася. Пэўна, калі кабыла ляжала пузам у твані, яна адпачывала.
Неўзабаве грэбля зрабілася сушэйшая, бярвенні пад калёсамі цалейшыя, і тады настаўніка трэсла на вазку, як у ліхаманцы. Ён ужо даўно адрокся ад сваёй дурной задумкі ехаць напрасткі, але ж не вяртацца!
Урэшце чэзлыя бярозкі абапал дарогі змяніліся на тоўстыя алешыны, якія раслі кожная на сваёй пірамідзе з адмерлых карэнняў і куп'ішчаў, бярвенні на гаці зніклі - пайшоў забалочаны лес, калёсы гразлі ў чорную бліскучую гразь па калодкі. Цімох трымаўся канавы, якая віляла па лесе. Чароды дзікіх качак з крыкам падымаліся раз за разам з чорнай, як дзёгаць, паверхні, упрыгожанай зялёным бісерам буйнай раскі.
- Як гэтая рэчка называецца? - спытаўся, каб разрадзіць напружаную цішыню, настаўнік.
- Канава? Смердзь... - буркнуў Цімох. - Тут што ні канава - то Смердзь...
Было душна. Гнілыя выпарэнні ад балота сціналі дых. Часам лес зноў пераходзіў у балацявіну, і тады Цімох злазіў з воза, высякаў жэрдку і ішоў наперад шукаць дарогі.
Канца і краю, здавалася, гэтаму то чэзламу, то выносістаму балотнаму лесу не будзе. Сонца даўно схілілася да небакраю. З жудасцю настаўнік думаў, што ім прыйдзецца начаваць. Ніводнага стажэчка, ніводнай хаткі, сядзібы - балота і балота, купіны, лаза, алешнікі, нейкія азярыны. Дзікія качкі ўжо не падымаліся на крыло шумлівымі статкамі, а з адлегласці дзесяці крокаў нахабна пазіралі на няпрошаных гасцей. Пэўна, яны ніколі не бачылі людзей, - вырашыў настаўнік.
Калі сонца дакранулася да вершалін далёкага асмужанага лесу, Цімох тпрукнуў, вылез з вазка і стаў распрагаць Лізу.
- Начуем? - спытаўся настаўнік.
Цімох нешта буркнуў. Расклаў вогнішча, прыставіў да агню гаршчок, у які насыпаў нейкіх круп. Крупеню еў без хлеба - заміж яго карыстаўся цыбуляй. Настаўнік прапанаваў возчыку кавалак са сваіх прыпасаў, але той адмовіўся.
- Мо ў пана зуб прапаласкаць што знойдзецца, - раптам папрасіў Цімох. - Баліць, сілы няма.
Давялося наліць з паходнай біклагі чарку. Цімох павесялеў, нават стаў мармытаць нейкую песеньку, раз-пораз прыляпваючы на лбе крывасмока-камара.