Цімох пасцяліў пану ў вазку, сам прымасціўся каля вогнішча на старым кажушку і варочаў у прысаку дзве бульбіны.
Настаўнік адышоўся ад месца начлегу. Авохці - высечка нейкая. Пространь, толькі пянькі тырчаць. Месяц з-за рэдкалесся за спіной паднімаецца... З нізінак плыве туман.
Вось тут і ўвага, чытач! Менавіта тут і здарылася тое, што спатрэбіцца дзеля разумення першага раздзела. Нечакана недалёка ад настаўніка матлянулася лазовая галіна і на пространь выйшаў цёмна-шэры, высокі, з казулю, звер. Што гэта не казуля, настаўнік адразу пазнаў - нізкая лабатая галава, вушы тырчком. Воўк! У настаўніка і духі сцяло, імгненна перасохла ў роце. Уцякаць! Да Цімоха, ён абароніць, прагоніць звера - у яго і агонь, і сякера ёсць.
Але момант першага страху прайшоў. Рэч была ў тым, што настаўнік меў пісталет. Бяда - адназарадны, але стрэльнуць, папужаць звера прыдатны. Праўда, ён быў схованы ў куфэрку і да ўсяго незараджаны, але адна толькі думка пра зброю супакойвала.
Ліза захрапла, Цімох нягучна падаў голас, і воўк пераступіў на месцы, нагнуў галаву і панюхаў купіну.
Настаўнік ведаў: крыкні ён, свісні - звер уцячэ, знікне, а настаўніку ой як цікава паглядзець на драпежніка.
З месяца спаўзла хмарка, і срабрыстае святло заліло паляну. Месяц стаяў у настаўніка за спінай, адбіваўся промнямі ў кожнай расінцы, струменіўся святлом з кожнай лужынкі, з кожнага мокрага слядка. Воўк іскрыўся ў промнях цыганскага сонца - месяца, быў белы, быццам сівы...
І раптам, гледзячы на ваўка, звяругу, настаўнік убачыў зусім не ваўка, а чалавека... Самога сябе ўбачыў... Развёў рукі ў бакі, і той чалавек рукі адставіў... Сівы воўк знік, а чалавек застаўся. І тут настаўнік убачыў, што гэта на тумане адбіваецца ад месяцавага святла ягоны ўласны цень. Што-што, а оптыку настаўнік крыху ведаў. Няўжо ён ва ўласным цені прымроіў ваўка?
Вярнуўся да вогнішча. Раскатурхаў возчыка, расказаў яму пра відмо. Цімох спрасоння нічога не зразумеў. Мыркнуў і павярнуўся на другі бок.
Ляжаць аднаму нават у вазку было страшна.
- Слухай, чаго ты на зямлі спацьмеш, прымасціся на возе, - прапанаваў настаўнік селяніну.
Цімох моўчкі палез у вазок.
Начавалі ў возе спінамі адзін да аднаго. Прывязаная недалёка Ліза пазвоньвала цуглямі - абгрызала купіны асакі, стоячы па калена ў вадзе.
Спачатку настаўнік цярпеў пах, які ішоў ад Цімоха, - у нос тнулі гарэлка, цыбуля і нейкі своеасаблівы пот. Вядома - селянін. Ляжаў, не мог заснуць, пакуль не адсунуўся. Потым настаўніка атакавалі камары, ды так, што не ведаў, куды падзецца. Заўважыў, што Цімоха яны не чапаюць. Давялося прысунуцца бліжэй. Так і заснулі. Ніколі ў жыцці не думаў настаўнік, выпраўляючыся з далёкай Расеі сюды, на абшары зямлі, якую называюць Белай Руссю, або Літвою, а людзей - ліцвінамі, што яму давядзецца спаць ледзь не ў абдымкі з просталюдзінам, ад якога смярдзіць гарэлкай і цыбуляй.
«Не набрацца б вошай», - мільгнула апошняя перад правалам у сон думка.
5. Ваўкалакі
Уночы настаўнік прачнуўся ад холаду. Было золка - камары зніклі. Туман на акольных балацявінах застыў малочным кісялём. У небе зіхцелі колкія зоркі. Месяц схаваўся недзе ў гушчыню дрэў.
Настаўнік адзначыў, што яшчэ і развідняць не пачало, а ён выспаўся. Адчуваў сябе радасным, бадзёрым. Настаўнік прыпісаў гэта дзеянню свежага паветра, перанесеным перажыткам у пераадоленні балота і марамі пра дзяўчат, якіх неўзабаве ён вучыцьме і выхоўвацьме.
Ахапіў далонямі твар - мусова галіцца. Ён галіўся абавязкова штодня, і на тое мелася свая прычына. Ага, каб нагрэць вады, раздзьмухае цяпер агеньчык.
Заціўкалі птушкі, наваколле пасвятлела, на душы зрабілася яшчэ больш радасна. Раптам Ліза рэзка ўскінула галаву, пырхнула. Наструніўся і настаўнік. Ён убачыў, як з туману выйшлі дзве постаці. Людзі! Настаўнік штурхануў Цімоха. Цімох няўцямна агледзеўся, а настаўнік паказаў яму на прыхадняў. Тыя стаялі воддаль і прыглядваліся да начлежнікаў.
Прыглядкі працягваліся хвілін пяць. Урэшце незнаёмцы пакіраваліся да воза. Ішлі яны нерашуча, спыняліся і зноў моўчкі ўзіраліся. Цімох злез з падводы і поўзаў ракам, нечага шукаючы.
Цікава, што і Ліза ўзіралася ў прыхадняў. Яны ішлі асцярожна, нібы прынюхваліся. У іхных руках настаўнік заўважыў сякеры. Чым бліжэй яны падыходзілі, тым часцей тахкала сэрца настаўніка - выгляд у невядомых людзей быў самы разбойніцкі. Падпяразаныя вяроўкамі, кашлатыя, аброслыя - да бародаў нажнічкі не дакраналіся гадамі. У аднаго збоку блыталася шабля. Ніякага сумнення, што яны, гэтыя людзі, належалі да прадстаўнікоў вельмі старажытнай прафесіі.
- Хто такія? - рэкнуў адзін зводдаль насцярожаным, непрыемным голасам.