Выбрать главу

Ні па ўнутраным канале, ні па інтэркаме звязацца з памочнікам капітана так і не ўдалося.

— Мы павінны трапіць на мосцік!

Зрабіць гэта хутка і з найменшай рызыкай можна было толькі праз выхад у адкрыты космас.

Гаўрыш не вагалася.

У суседнім адсеку панаваў вакуум — выбух прабіў наскрозь усе тры пласты ашалёўкі. Пры цьмяным святле зорак была бачная бялявая заслона інею, што пакрываў сцены, падлогу і столь.

Холад абсалютнага нуля. Выжыць немагчыма.

На шчасце, помпа не пацярпела, і касманаўтам удалося хутка адпампаваць паветра. А вось перагародка падымалася з цяжкасцю, прымушаючы губляць каштоўныя хвіліны. Нарэшце шлях быў вольным.

— Чаравікі! — не паленаваўся лішні раз нагадаць пра магнітныя прысоскі Ракса. З космасам жартаваць нельга. Ён, як і раней, заставаўся чужым і варожым. — Гатовая?.. За мной!

Касманаўты ўключылі ўнутраны ціск скафандраў і ступілі ў пустэчу. Па адсеку загулялі прамяні ліхтароў. Да шлюзавай камеры дайшлі без праблем, а вось з люкам зноў узнікла замінка — створкі ніяк не хацелі рассоўвацца.

Ракса і Гаўрыш пасля няўдалай спробы прабіць праход пры дапамозе лома пусцілі ў ход плазменны разак. Промень без цяжкасці прарэзаў тоўсты метал. Замацаваўшы страховачны трос, Ракса першым пакінуў судна.

Ашалёўку «Непатрабавальнага мула» нібы паела воспа. Рознапамерныя кратэры, шчыліны і шчарбіны пакрывалі ўсю пярэднюю частку судна. Дзе-нідзе ў корпу­се зеўралі вялікія дзіркі. Усе яны размяшчаліся насупраць адсекаў, дзе знаходзіліся людзі.

Ракса ў думках вылаяўся — ён да апошняга моманту спадзяваўся на тое, што яшчэ каму-небудзь пашчасціла выжыць.

— Пашанцавала, нічога не скажаш.

Гаўрыш заплакала — яна паспела пасябраваць з усімі.

Варта было павярнуць галаву, як у поле зроку трапляла воблака, якое хутка аддалялася. Нічога не сведчыла пра тое, што нейкія паўгадзіны таму яно сустрэлася з «Непатрабавальным мулам».

— Антыгаз... Трагічная выпадковасць... Мы павінны ісці!

Падсвядома Ракса чакаў пытання «навошта», але яно не ўзнікла — на першае месца выйшла дзіця.

Хуткасць была невысокая, тым не менш перасоўвацца па корпусе аказалася справай вельмі няпростай. Няроўная паверхня абцяжарвала счапленне, і з гэтай прычыны даводзілася пастаянна сачыць за тым, каб цэнтр цяжару ссоўваўся наперад.

Касманаўты былі ўсяго за некалькі крокаў ад мэты, калі «Непатрабавальны мул» патануў у асляпляльнай вогненнай успышцы...

Ракса адчуў, як жахлівая сіла адарвала яго ад корпуса і шпурнула насустрач зоркам. Яго страховачны трос захліснуўся на назе Гаўрыш, тым самым не дазволіўшы ёй адарвацца ад мужчыны.

Палёт працягваўся вечнасць...

Урэшце супраціў інерцыі масы прымусіў касманаўтаў скінуць хуткасць да нуля.

Ракса падцягнуў да сябе Гаўрыш. Жанчына была жывая, але яе твар нагадваў маску. Безвыходнасць. Нават калі б яны і мелі магчымасць паслаць сігнал бедства, выратавальнікам не паспець да таго, як скончыцца кісларод.

Заставалася спадзявацца толькі на цуд. Касманаўты былі рацыяналістамі.

— Чаму, як толькі я знайшла сэнс жыцця, гэтае жыццё ў мяне адбіраюць?.. Хай бы толькі маё, але дзіцячае...

Адзінае, што быў у стане зрабіць Ракса, — схапіць Гаўрыш у абдымкі. Ён не саромеўся слёз. Менавіта праз іх капітан «Непатрабавальнага мула» не адразу зразумеў, што яркая кропка, якая загарэлася на фоне Юпітара, галюцынацыяй не з’яўляецца.

Не маючы магчымасці выцерці слёзы, Ракса прамаргаўся. Кропка пачала набываць строгія геаметрычныя формы. Загарэўся агеньчык надзеі.

— Сняжана! — жанчына не адрэагавала, таму Ракса энергічна страсянуў яе. — Паглядзі туды!

Гаўрыш пакорліва павярнула галаву, каб праз некалькі секунд схамянуцца і закрычаць:

— Гэй, мы тут! Дапамажыце!

Дзве фігуркі ў светлых скафандрах маглі і не заўважыць, а вось атрутна-аранжавы фальшфейер...

Ракса вырваў чаку і адкінуў цыліндр, які выбухнуў воблакам дробнадысперснага пылу. За хвіліну дыяметр воблака павялічыўся ў дзесяць разоў.

Радасць змянілася спалохам — па меры таго, як касмічны карабель скарачаў адлегласць, можна было зразумець, што з тварэннем чалавечых рук ён не мае нічога агульнага.

— Хто гэта, Долмат?

— Здаецца, мы ўсё ж такі не самотныя ў Сусвеце... Браты па розуме завіталі!

— Мне страшна!

— Не бойся, я з табой! — якія яшчэ словы мог знайсці Ракса?

Іншапланетны зоркалёт завіс прыкладна за сотню кіламетраў ад касманаўтаў.

Нават на такой адлегласці ён здаваўся велізарным. У корпусе з’явілася дзірка, з яе вылецеў бот. Яму спатрэбілася ўсяго некалькі секунд для таго, каб наблізіцца да Раксы і Гаўрыш.