Праспэр Мэрымэ
Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха
...
Тэадор, - сказаў прафесар Вітэмбах, - падайце Мне, калі ласка, вунь той абкладзены пергаментам сшытак, на другой паліцы над пісьмовым сталом. Не, не гэты, а той маленькі, in octavo. Там усе мае дзённікавыя запісы за 1866 год, прынамсі, тыя, што дачытаць графа Шэмета.
Усе прыціхлі. Прафесар надзеў акуляры і прачытаў наступнае:
Калі ў Лондане быў выдадзены першы пераклад Святога пісання на літоўскую мову, я змясціў у кёнігсбергскай «Навукова-літаратурнай газеце» артыкул, дзе, аддаўшы належнае намаганням дасведчанага перакладчыка і пачцівым намерам Біблейскага таварыства, я ўсё ж звярнуў увагу на некаторыя дробныя памылкі, а таксама адзначыў, што гэты пераклад мог быць карысны не ўсяму літоўскаму насельніцтву, а толькі яго частцы. І сапраўды, выкарыстаны ў перакладзе дыялект з вялікай цяжкасцю зразумеюць жыхары таго краю, дзе гавораць па-жамойцку, ці, як яшчэ кажуць, па-жмудску. Я маю на ўвазе Жамойцкае староства. Мова гэтага краю стаіць яшчэ бліжэй да санскрыту, чым верхнелітоўская. Гэтая заўвага, нягледзячы на рэзкую крытыку з боку аднаго добра вядомага прафесара Дэрпцкага універсітэта, была з цікавасцю прынята шаноўнымі членамі праўлення Біблейскага таварыства, і яны не вагаючыся даслалі мне пачэсную прапанову рэдагаваць выданне Евангелля паводле Мацвея на жамойцкай мове. На той час я не мог узяцца за шырэйшую працу - пераклад усіх чатырох евангелляў, бо быў заняты даследаваннямі ва ўральскіх мовах. Мне прыйшлося адкласці шлюб з паннай Гертрудай Вебер і выехаць у Коўна, дзе я меўся сабраць усе, якія толькі магчыма, пісьмовыя помнікі на жамойцкай мове, як друкаваныя, гэтак і рукапісныя, не забываючыся, вядома, і пра народныя песні, дайны, апавяданні або легенды, пасакі, якія забяспечылі б мяне матэрыяламі да жамойцкага слоўніка, - працы, што мусіла папярэднічаць перакладу.
Я меў ліст да маладога графа Міхала Шэмета, бацьку якога, як мяне запэўнілі, некалі належаў вядомы Catechismus Saтogiticus айца Лявіцкага, такі рэдкі, што яго існаванне нават аспрэчвалася, асабліва згаданым ужо прафесарам з Дэрпта. У графавым кнігазборы, паводле звестак, захоўваўся стары збор дайнаў, а таксама вершаў на старажытнай прускай мове. Я напісаў графу Шэмету ліст, дзе вытлумачыў мэту майго візіту, і атрымаў ад яго найласкавейшае запрашэнне правесці ў ягоным замку ў Мядзінцілтасе гэтулькі часу, колькі запатрабуюць мае даследаванні. У канцы ліста ён асцярожна пахваліўся, што гаворыць па-жамойцку не горш за сялян і з прыемнасцю дапамог бы ў маёй працы, якая здаецца яму ўхвальнай і цікавай. Як і некаторыя іншыя найбагацейшыя літоўскія землеўласнікі, ён быў евангеліцкага веравызнання, святаром якога я маю гонар быць. Мяне папярэдзілі, што граф трохі дзівакаваты, але вельмі гасцінны, любіць навукі і зычліва ставіцца да навукоўцаў. І я паехаў у Мядзінцілтас.
Каля замкавага ганка мяне сустрэў графаў аканом. Ён адразу правёў мяне ў пакой, адмыслова для мяне падрыхтаваны.
- Пан граф, на жаль, не можа сёння абедаць з панам прафесарам, - сказаў аканом. - У яго прыступ мігрэні. Калі пан прафесар не хоча есці ў сваім пакоі, ён можа паабедаць з доктарам Фробэрам, лекарам пані графіні. Абед пададуць праз гадзіну, гарнітур не абавязковы. Калі пану прафесару што-кольвек спатрэбіцца, хай ён пазвоніць у гэты званочак.
Ён нізка пакланіўся і адышоў.
Пакой быў прасторны, багата абсталяваны, аздоблены люстрамі і залачэннем. З аднаго боку ён выходзіў на сад ці, хутчэй, замкавы парк, з другога - на вялікі парадны двор. Нягледзячы на папярэджанне: «Гарнітур не абавязковы», я палічыў патрэбным дастаць з куфра чорны фрак. Я пачаў разгортваць свае сціплыя пакункі, калі маю ўвагу прыцягнуў нейкі грукат, і я падышоў да акна, што выходзіла на двор. Да замка пад'ехала прыгожая карэта. Там сядзелі дама ў чорным, нейкі пан і жанчына, убраная, як літоўская сялянка, але такая высокая і мажная, што я быў прыняў яе за пераапранутага мужчыну. Яна выйшла першая. Дзве іншыя жанчыны, гэтакія ж дужыя з выгляду, ужо стаялі на ганку. Мужчына схіліўся да дамы ў чорным і, на маё вялікае здзіўленне, адшпіліў шырокі скураны пас, якім дама была прымацаваная да свайго месца ў карэце. У чорнай дамы былі доўгія раскудлачаныя сівыя валасы, а яе шырока расплюшчаныя вочы былі нібы пазбаўленыя жыцця, як у васковай фігуры. Адшпіліўшы даму, яе спадарожнік зняў капялюш і з вялікай павагай нешта ёй сказаў, але здавалася, што яна не звярнула на гэта ніякай увагі. Тады ён павярнуўся да чалядніц і кіўнуў ім галавой. Тры жанчыны ўраз падхапілі даму ў чорным і, не зважаючы на яе спробы ўчапіцца за карэту, узнялі яе, як пярынку, і панеслі ў замак. Сведкамі гэтага відовішча было некалькі чаляднікаў, і здавалася, што для іх у гэтым не было нічога незвычайнага.
Мужчына, які ўсім гэтым кіраваў, выняў гадзіннік і спытаўся, ці хутка пададуць абед.
- Праз чвэрць гадзіны, пане доктар, - адказалі яму.
Мне не цяжка было здагадацца, што гэта быў доктар Фробэр і што дама ў чорным была графіня. Мяркуючы па яе веку, яна была маці графа Шэмета, а асцярога, з якой да яе ставіліся, даводзіла, што розум у яе быў пашкоджаны.
Праз некалькі хвілін у мой пакой увайшоў сам доктар.
- Пан граф хворы, - сказаў ён, - і таму я мушу сам адрэкамендавацца пану прафесару. Доктар Фробэр, да вашых паслуг. Вельмі прыемна пазнаёміцца з вучоным, чые заслугі добра вядомыя ўсім, хто чытае кёнігсбергскую «Навукова-літаратурную газету». Вы не супраць, каб падалі абед?
Я адказаў як мага больш ветліва на ягонае прывітанне і дадаў, што, калі ўжо настаў час сесці за стол, я гатовы.
Калі мы ўвайшлі ў сталовую, старшы лёкай, згодна з паўночным звычаем, паднёс нам срэбную тацу з напоямі і нейкімі салёнымі і вельмі вострымі стравамі для смаку.
- Дазвольце, я як лекар параю вам пакаштаваць гэтую старку, - звярнуўся да мяне доктар. - Гэта сапраўдны каньяк саракагадовай вытрымкі, бацька ўсіх напояў. Пакаштуйце таксама дронтхаймскіх анчоўсаў - нішто лепш за іх не спрыяе страваванню... А цяпер - за стол. Мо давайце паразмаўляем па-нямецку? Вы з Кёнігсберга, я з Мемеля, але вучыўся ў Ене. Так нам будзе прасцей, дый чэлядзь нас не зразумее.
Спачатку мы елі моўчкі. Пасля, выпіўшы першы келіх мадэры, я спытаўся ў доктара, ці часта графа турбуе гэтая немач, якая пазбавіла нас сёння ягонага таварыства.
- І так, і не, - адказаў доктар. - Гэта залежыць ад таго, дзе ён гуляе.
- Як гэта?
- Калі ён адыходзіць, напрыклад, Расенскім шляхам, ён вяртаецца з мігрэнню і ў панурым настроі.
- Я сам ездзіў у Расені, але нічога падобнага са мною не здарылася.
- Гэта гаворыць за тое, пане прафесар, што вы не закаханы, - адказаў, усміхнуўшыся, доктар.
Я ўздыхнуў і падумаў пра панну Гертруду Вебер.
- Дык, значыць, нявеста пана графа жыве ў Расенях? - спытаўся я.
- Ну так, у ваколіцах. Але ці нявеста?.. Гэтага я ўжо не ведаю. Сапраўдная баламутка! Ён хутка праз яе звар'яцее, як яго маці.
- І праўда, мне здаецца, што графіня... хворая?
- Ды яна вар'ятка, дарагі пане, вар'ятка! Але найбольшы вар'ят - гэта я сам, бо прыехаў сюды.
- Будзем спадзявацца, што ваш пільны догляд верне ёй здароўе.
Доктар пакруціў галавой, падняў келіх з бардоскім віном і паглядзеў праз яго на святло, любуючыся густым колерам.
- Такі, якім вы мяне цяпер бачыце, пане прафесар, я служыў хірург-маёрам у Калужскім палку. У Севастопалі мы з раніцы да вечара рэзалі рукі і ногі, я ўжо не кажу пра бомбы, што лёталі вакол нас, як мухі вакол скалелага каня. Дык вось, хоць і без жытла, і без харчу, але ж я так не бедаваў тады, як цяпер тут, дзе я ем і п'ю як найлепей, дзе я жыву, як князь, дзе мне плацяць, як надворнаму лекару... Але ж свабода, дарагі пане!.. Уявіце сабе, што ад гэтай шайтанкі ў мяне не застаецца ніводнай хвілінкі вольнага часу!
- І ці даўно вам яе даручылі?
- Менш чым два гады таму. Але звар'яцела яна ўжо больш чым дваццаць сем год таму, яшчэ да нараджэння графа. Вам не казалі пра гэта ў Расенях ці ў Коўне? Ну дык слухайце, бо гэта выпадак, пра які я хачу напісаць аднойчы артыкул у «Санкт-Пецярбургскі медыцынскі часопіс». Яна звар'яцела ад жаху...