Гэтая яго лінія будзе галоўная. Ён правядзе яе з усходу на захад — ад Сырніцы па Каралінскую пасеку, а тады пачне кроіць лес на кварталы: пад Лонву і пад Вілію.
Гэта будзе яго галоўная лінія ў мсціжаўскіх лясах. А недзе ў канцы яе — яго светлая палоска. Ён дойдзе да яе...
Па твары сцёбалі лапкі маладога калючага сасняку. Калі Завішнюк браў іх у рукі, каб адхінуць ад вачэй, адчуваў, што маладая ігліца мяккая, не такая калючая, як на старой хвоі.
Калі ён спусціўся з пагор’я, лінія-расцяроб адразу знікла з воч, але ён ведаў, куды ісці. Тут, у лагчыне, пад ногі траплялася высокая трава круглец, доўгі белы мох — яго выцягвалі з купін і пакідалі на ягадніку чаравікі,— журавіннік, бруснічнік, дурніцы. У багуне і верасе тырчалі пні і старое карэнне — трэба было высока падымаць ногі. Шашчэла пад імі сухая баравая трава сінюха, пахла грыбамі і брусніцамі.
Сонца паднялося высока і хавалася за рэдкімі вярхамі сосен. Было горача, на лбе выступаў пот, і хацелася піць.
Завішнюк ішоў па жоўтую палоску ў канцы ліпіі.
На захадзе, у тым баку, дзе была Лонва, чырванеў лес — там хавалася сонца. Ад Сырніцы з імшар пацягнула холадам, прэлым мохам і балотнай вадой.
Пахла сырая падзолістая зямля. Неба было чыстае; далёка на ўсходзе, можа, пад самымі Мсціжамі, вісела цяжкое белае воблака-туляг. Тут, у кутку, дзе поле і дарога падыходзілі да самай Сырніцы, пад цёмныя нізкія елкі на зямлю ляглі ўжо моракі. У лесе пачыналася ноч. Недзе далёка рыкала карова і ляскаталі калёсы.
Завішнюк выйшаў па дарогу з імшар мокры па пояс.
За дзень ён пабыў у семнаццаці кварталах.
Балелі ногі ў галёнках, хацелася піць, і ціха ныла спіна. Ён не думаў цяпер, дзе быў, а калі заплюшчваў ад стомы на хвіліну вочы, усюль калыхаліся і калыхаліся яловыя лапкі, якія ён рассоўваў і рассоўваў на лініях увесь дзень. Яму і самому цяпер было дзіўна, што ён прабіўся з пагор’я да Віліі...
Ад Сырніцы да Лонвы — кіламетры з чатыры. Трэба было ісці пехатою... Але ён яшчэ доўга сядзеў на шліхце бярвення, леташняга, падапрэлага, з якога пааблазіла кара. Калі зноў заплюшчваў вочы, недзе далёка, здавалася, аж там, за мсціжаўскімі лясамі, на Паліку, свяцілася жоўтая палоска... Пасля яна тухла, хавалася ў тумане...
Тады ён адплюшчваў вочы. Ля яго на шліхце бярвення скакала сарока. Не шчабятала, скакала толькі, як на адной назе. Ля яе дрыжалі камары і лётаў белы матыль. Калі ён сеў і прыцішыўся на бервяне, сарока хацела яго клюнуць, але перадумала і адвярнулася. Пасля зашчабятала і, растапырыўшы крылле, шмыгнула ў ельнік.
Завішнюк выйшаў на дарогу.
Ужо ля мастка, недалёка ад Лонвы, яго дагнала грузавая машына. У кузаве былі мужчыны. Заднія віселі аж на борце.
Завішнюк успомніў, што сёння была субота і гэта везлі леспрамгасаўскіх грузчыкаў дамоў на адзін дзень — на нядзелю. Так рабілі і ў Мсціжах.
Ён не "галасаваў", але шафёр сам спыніў машыну і кіўнуў сваёй стрыжанай галавой на кузаў. Завішнюк угледзеў, што галава ў шафёра ўся ў смале.
Мужчыны, лаючыся, "выкраілі яму шчэлку" ля борта.
Завішнюк нічога ім не адказаў, падумаў толькі, што леспрамгасаўская машына набіта мужчынамі, а ў калгасе жанчыны і дзеці малоцяць цэлы дзень і возяць нарыхтоўку.
Калі ён у кузаве ўбачыў з мужчынамі Андрэя Акцызніка, то нават не здзівіўся. Пасля падумаў, што слупкі Акцызнік яму "сарваў", што заўтра нядзеля, што баляць ногі і што ўсё роўна прыйдзецца рана ўставаць.
Шафёр імчаў, не шкадуючы ні машыны, ні грузчыкаў. Завішнюк ухапіўся абедзвюма рукамі за борт. Трэба было трымацца, бо за яго плечы ўчапіліся мужчыны.
Калі яго раптам падкінула ўгору, ударыла каленам аб кузаў і наваліліся мужчыны, ён са злосцю выпрастаўся — тады чуць-чуць параскашнела. Пасля яму здалося, што недзе ў лесе, за Сырніцай, адкуль ён толькі выйшаў, бліснула палоска жоўтай зямлі і зашчабятала сарока...
Ён адчуў, што ў яго, недзе глыбока ў душы, кранулася радасць. Мужчыны ў кузаве запелі на ўвесь лес — без галасоў і без ладу.
Калі Завішнюк аглянуўся на Сырніцу, нічога не ўбачыў: за мастком на дарозе і ў ельніку вісеў пыл, як туман.
Раздзел трэці
Агонь ля студні
Яшчэ добра не сцямнела, але на дварэ быў мрок. Полымя калыхала яго на сценах старой, скіданай пасля вайны на папялішчы хаты; на кругляках варывенькі, што цвёрда стаяла на сваім новым подрубе тут жа, блізка ля хаты; на перасыпаным і перакрытым сёлета шчапой хляве, што стаяў, расцягнуўшыся, аж у куце двара, далёка ад хаты і ад вуліцы.
Ад агню добра быў відаць гародчык: высвечваўся. Сёлетнім сухім летам гародчык-глінішча амаль апусцеў. Зімою ў ім вымерзлі Грасыльдзіны слівы — іх было тры дрэўцы,— і цяпер толькі тырчала рудаватае сухое дуддзё. Грасыльда ўсё чакала, калі яно адыдзе, не выкопвала. Так было з лонваўскімі калгаснымі садамі ў саракавым годзе, "фінскай вайной",— яны адышлі, Грасыльда помніць.