Грасыльда адсунула сталюгу да дроў, што ляжалі за асверам пад частаколам, зняла з яе фуфайку і ўскінула на дошкі ля гародчыка. Схадзіла прынесла з хаты чысцейшую анучу "з прыпечка", адцадзіла бульбу і панесла да сенечак перад сабою гаршчэчак, выцягнуўшы рукі. Дзверы і ў сенцы і ў хату стаялі адчыненыя, і, калі Грасыльда запаліла лямпу, Завішнюк угледзеў, як агонь ад яе свяціў на вымытую падлогу — яна была жоўтая.
Хутка Грасыльда вярнулася на двор з вядром у руках. Падышла да вогнішча.
— На двары суха. Пырсне іскра... Да хлева недалёка. А там іржышча, успыхне, як сярнічка...— Яна ліла з вядра ваду на чырвоныя галавешкі. Падняўся дым — повен двор. Завішнюк адышоўся ад асвера да гародчыка, дзе ляжалі дошкі, абапёрся на частакол.
— Нікуды не адлучайся, сын. Бульбу на стол сыплю...
Грасыльда дастала са студні вады, скрыпнуўшы сухім асверам, і падыбала з поўным вядром да сяней.
Завішнюку не хацелася цяпер ісці ў хату, не хацелася нават і вячэраць. Можа, ад таго, што перачакаў. У яго перад вачыма чамусьці стаяў цяпер невысокі, шырокі ў плячах чалавек з вялікімі і доўгімі рукамі, бы яны выраслі ў яго для таго, каб імі можна было заграбаць усё пад сябе. У гэтага чалавека раслі чорныя густыя валасы, нізка, ад самых, здавалася, броў, лоб пашмаравалі ўжо маршчыны. Нос у чалавека быў шырокі, і калі чалавек дыхаў, у яго хадзілі ноздры, як храпы ў каня, калі яму цяжка цягнуць калёсы. Здавалася, што чалавек хапае больш паветра. Вушы ў яго былі адтапыраны і вочы, вялікія і рудыя, ніколі не былі на месцы — бегалі. Чалавек усё прыслухоўваўся да нечага — можа, каб усё пачуць, што пра яго кажуць? Гэта і быў Міхал Кастыцкі.