Выбрать главу

— Людзей? Рабочых трэба? А яшчэ чаго ты не хочаш? Ага, прадуктаў... Ні грама нічога з калгаса ты, хлопец, не палучыш. I так вас многа навучылася калгас аб’ядаць, вас, прыезджых. А-а-а... Ты за грошы. У мяне не крама. Я не прадаю. Я здаю. Дзяржаве ўсё здаю. А ты купі ў магазіне. Што? Далёка? Нічога. Сходзіш. А людзой — дудкі я табе дам. Усе і так у вас — у тым лесе. Больш ні душы не палучыш, хочаш ты ці не хочаш. Што? Плоціш многа? А хто тады, скажы, у мяне ў калгасе астанецца малаціць? Хто? Разумныя вы такія — з грашыма прыязджаеце, людзей зманьваеце, ад калгаса адбівасце...

Завішнюк успомніў, як гэты валасаты, з доўгімі рукамі чалавек бегаў усё па канцылярыі, калі ён, Завішнюк, прыйшоў прасіць, каб адпусцілі людзей, хоць бы "дзве пары рук", чысціць лініі.

Чалавек, здалося, за калгас стаіць гарой.

Завішнюк падумаў яшчэ, што Грасыльдзе з бабамі будзе цяжка "скінуць з паста", як яна казала, старшыню. Яго нехта недзе трымае, калі пасля вайны паставіў. А Грасыльда... куды яна дойдзе і чаго даб’ецца...

Яму стала шкада яе, і ён думаў ужо, як бы ёй памагчы, але тады хацелася адразу пабегчы да гэтага Кастыцкага... А што ён зробіць яму, калі пабяжыць? 3 работы здыме? Ён жа, Завішнюк, да Лонвы і калгасаў ніколі не бачыў. Яму яшчэ хацелася заступіцца за Паніху, якую аддалі пад суд. Ён ведаў, што гэта несправядліва і што, калі на тое пайшло, то не такім яе судзіць, як Кастыцкі... Але ж гэта відаць недзе кожнаму. Грасыльда сваім бабскім розумам рассартавала ўсё, што да чаго. I Завішнюк падумаў тады, што ён перад нечым зусім бяссільны, што ёсць у жыцці рэчы, да якіх у яго кароткія рукі... А Грасыльда тады? Мацнейшая за яго? Выходзіць, мацнейшая... Ён добра, можа, разбіраўся ў сасне, у масівах, у дзялянках і кварталах, а ў людзях, у жыцці? У лесе, на лініі, яму прасцей... Тое, што замінае бачыць,— сячы... Сячы і адкідай прэч. Гэтак рабіў ён і яго дзяўчаты — Жэнька і Света. Гэтак рабілі ўжо і Акцызнік з Юркам Далінай. У лесе, на лініі,— навука простая. А тут, у вёсцы, дзе людзі? А калі тут ёсць замінішча?

Завішнюк пачынаў думаць пра гэта толькі цяпер, дваццаць шостым годам, пасля інстытута... Можа, так яно і трэба было. Там — вучыцца. А тут — думаць. Але думаць тут, у Лонве, было мала, тут нечым некаму трэба было памагаць, умешвацца ў нешта. А хто ён такі? I калі ён так думаў, яму было сорамна перад Грасыльдай. I тое, пра што яна расказвала ў раёне, ці пайшоў бы, ці расказаў бы ён?

У Акцызніка на двары бразнула клямка — вечарам стала ціха і далёка было чуваць,— і на гапак, смеючыся,выбеглі дзяўчаты. Нехта іх падрушыў з хаты і наўздагон лінуў яшчэ з конаўкі вады — не было ўжо відаць хто. Дзяўчаты яшчэ больш зарагаталі і апынуліся аж на вуліцы. Завішнюк падышоў да варот, апёрся і стаў чакаць. Ішлі Жэнька са Светай, ішлі ў вёску, адразу было відаць. Параўняліся з Грасыльдзінымі варотамі — аціхлі.

— Клікні Вікенцьевіча...— загаманіла Света. Гэта яе дзяркаты голас.

— Выдумай...— Жэнька нават саступіла са сцежкі і чамусьці прайшла ля Грасыльды вуліцай аж па пяску — далей ад варот. Як ведала, што ён тут стаяў.

— Гм... Я цябе, Жэнька, не раскушу... Ніяк. То ты так пра яго, то... А па мне, то хай сабе ён качаецца на сенніку ў Грасыльды...— Ціхоня Света распускала ноччу язык, кугікала, як сава. Завішнюка гэта было зачапіла, ён хацеў кінуць ім слоўца туды, на вуліцу, але стрымаўся. Падумаў, што будзе падобны на таго, хто брэша з падваротні.

— Адстань... Света...— пачуў ён ужо здалёку — недзе аж адтуль, ад бярозавых платоў,— як злосна сказала Жэнька, і доўга думаў пра яе, стоячы ля варот.

Над Лонвай цямнела. Далёка на захадзе гарэла яшчэ, не стухала неба. Святло цадзілася на двор да Грасыльды праз дрэвы, што цямнелі на гародзе, і адсвечвала ў шыбінах акна, ад двара. 3 балота, з-за ракі, аж сюды на двор, несла гарам — за Лонвай гарэў каторы ўжо дзень торф. Завішнюк чуў яшчэ, што пахне зжаты бульбоўнік, які Грасыльда сёння ўдзень падняла з зямлі і павесіла на плот, што за вуліцай.

Было чуваць, як на двары ў Акцызніка яго жонка Юзэфа доіць карову: позна прыйшла з работы. Завішнюк, прыслухаўшыся, чуў, як звоняць струмені малака аб парожняе вядро. А можа, гэта звінелі над вухам камары, якія не баяліся на двары ўвесь вечар дыму, а цяпер не баяцца і холаду?..