Выбрать главу

У хляве ў Акцызніка адзываліся запёртыя нанач, мусіць, някормленыя, свінні. Па вуліцы па пяску папаўзлі з фермы, валюхаючыся, белыя гусі. У суседзяў, што жылі па другі бок вуліцы ад Грасыльды — Завішнюк іх не ведаў,— з плота здымалі бялізну. Далёка над лесам, за Грасыльдзінай студняй, бялела яшчэ ржышча на зжатым полі. Па ім хадзілі коні: недзе там, бліжэй да рэчкі, на лагу, ціха, ледзь чутна звінеў званок — на шыі ў жарабяці. На выгане за ракой раскладалі нанач агонь начлежнікі.

Над вёскай праляцелі дзве зграі варання. Ціха, каб табе каркнула хоць адна. Падаліся недзе на лес. У Акцызніка на двары зноў заляпала клямка — на ўсю вёску. Недзе ў гародчыку, блізка ля Завішнюка, покнула на зямлю груша-дзічка. Праз колькі часу па пяску, сярод вуліцы, там, дзе ішлі гусі, ступаў паволі з дубцом у руках Юрка Даліна. Ішоў ад Акцызніка. Завішнюк адчуў, што яго душа неяк горнецца да гэтага няскладнага рыжага хлопца, што яму яго шкада.

На ферме забліскалі агні — там курылі, тады загаманілі людзі, ходзячы з ліхтарамі. Пасля зараўла малатарня, застагнала на ўсю моч. Завішнюк зноў апёрся на вароты і глядзеў на рабіну, што нагіналася над самым плотам ад вуліцы. Ягады ў вячэрняй цемнаце былі яшчэ чырвоныя. Хацелася дастаць іх рукой і пакратаць.

Ён не чуў, як Грасыльда доўга клікала яго вячэраць.

Раздзел чацвёрты

Дым

Ззаду за калясьмі ўсю дарогу ад Разіна падымаўся пыл. Ветрам яго зносіла на сухое і халоднае пад вечар поле, і дзіўна было — адкуль браўся і трашчаў на зубах пясок: ён жа, Юрка Даліна, сядзеў у перадку высока на ахапку пацёртай жытняй саломы. Салому ён падсцяліў — падкінуў пад мяхі, наскубшы са стога, які ўчора за дзень скідалі на ржышчы за кароўнікам; яна пахла жытам і мышамі.

Далёка ўжо наперадзе, аж за грушамі, што ў двары ў садзе,— стары Тодарчык: схаваўся з падводай.

Валодзі Сідаркі з Валуйком даўно нідзе не відаць, хоць глядзі, стаўшы на ляжэйкі,— у іх добрыя коні. Сідарка з Валуйком першыя прыперліся ў Разіна да млына, што па беразе маленькай ракі. Млын тут быў да вайны, тады і раку застаўлялі; цяпер у будынку склады — сюды возяць нарыхтоўку з усіх калгасаў, што ля блізку, і нават з-за Віліі, з другой вобласці.

Сідарка з Валуйком першыя і разгрузіліся і цяпер "населі" на коней. Відаць, да вечара зноў, як і ўчора, будуць вазіць Палюсе дровы, калі не наткнуцца на брыгадзіра ці на самога Міхала. Палюха ставіць самагонку.

Юрка не п’е, не п’е ў яго і бацька — ён хворы. I ніхто ў іх доме не п’е, і госці рэдка ў іх бываюць.

Да саду трэба падымацца на гару па пяску. Там ужо дзірван, а тут старыя разбайдаваныя заднія колы шапацяць і аж трашчаць у густым жвіры, нібыта коціш дома па двары з хлява да студні дзежку, на якой рассохліся абручы і вось рассыплюцца клёпкі.

А Смык? Яго цадзі і цадзі сукаватым пугаўём: ледзь перастаўляе пад гару ногі. Закульгаў яшчэ. Калі зморыцца — заўсёды кульгае.

— Юрка-а!..— крычыць недзе з-за саду стары Тодарчык.

"Дзюрка-а-а!" — здаецца яму, і ён успамінае, што так яго заўсёды заве Валуёк і дражняць у вёсцы. Але яму весялей: мусіць, Волька Янкава сказала Тодарчыку не кідаць Смыка, бо ён наравісты. А знаравіцца — кладзецца ў аглоблях нават на сухім. Хоць забі яго.

Так моцна крычыць Тодарчык, кліча. Юрка падумаў, што той крычыць, стаўшы на калёсах, і сам падымаецца, каб угледзець таго, але нічога не відаць за садам. Юрка доўга ўзіраецца на дарогу, і тады яму здаецца, што ён бачыць Тодарчыка. Той стаіць у чорнай кашулі і чорных штанах на калёсах, шырокі, сагнуты, падняўшы левую руку ў плячы,— на крывых нагах і глядзіць у зямлю, як заўсёды. Не ўзнімае воч. А яны ў яго сумныя: пасля вайны ён астаўся адзін, усіх у яго спалілі... I бровы ў Тодарчыка калматыя, суровыя, і валасы бурыя, не пасівелі...

"Што мядзведзь... Касалапы...— думае Юрка, хоць ніколі мядзведзяў і не бачыў. А яны ж у вайну прыйшлі аднекуль аж у лонваўскія лясы..."

Пасля Юрка ўспамінае, што і яго Валуёк заве "касалапы". I зваць пачаў пасля таго, як раз, сеючы за гумном бульбу, яго, Юрку, усадзілі ў пусты мяшок і завязалі. Можа, ён тады, як быў у мяшку, і касалапіў, а так ён, здаецца, ступае прама і ногі ў яго не крывыя, як у Тодарчыка.

Валуёк яшчэ заве яго, Юрку,— руды мядзведзь... Ну і хай заве — Юрка не баіцца, што руды... Зусім не баіцца. Калі сад, павярнуўшыся бокам, павузеў і паменшаў, Юрка ўгледзеў далёка ля лесу на самай гары могілкі і дарогу, што цягнулася недзе да іх цераз белае ад іржышча поле. Там, на дарозе, здавалася, стаялі на адным месцы дзве падводы. Іх даганяў ужо і стары Тодарчык: яго кабыла бегла па чорнай дарозе.

Юрка ткнуў пугаўём пад хвост Смыку — той пачаў брыкацца: закідаў нагу і стукаў надковай аж па аглоблі. Бегчы — не бег. Спацеў раптам увесь, з-пад падсядзёлка пайшла пена. Форскаў, махаў галавою. Хапіла яму, відаць, за дзень. Трэці раз схадзіў з мяхамі ў Разіна. Недалугі ён, мусіць, яго ніхто з хлапцоў ніколі не хоча запрагаць, хапаюць лепшых. А Волька Янкава тады просіць яго, Юрку. Дзіўная яна. Брыгадзір — а ніколі на Юрку не крыкне. Яна ж магла і загадаць яму, як Міхал. Той дык толькі і загадвае, сувіраецца на баб дзень і ноч. I ў вёсцы, і на загуменні. "Лопнеш! — крычыць,— а ў мяне на работу пойдзеш! Выкуру з нары!.." А Волька не такая. Прыйдзе на двор, пакліча з хаты і глядзіць у вочы: нешта ёй трэба, ведаеш ужо. I вочы ў яе добрыя, блакітныя, як і нажутка, у якой яна заўсёды ходзіць і на якую заўсёды ў яе набіраецца асця ад ячменю. Глядзіць у вочы, пасля пакладзе руку на галаву, пагладзіць ціха — чуваць нават, што рука ў яе цёплая,— і скажа: "А Смык толькі цябе і слухае..." I, калі Юрка маўчыць, пагнецца і зашэпча на самае вуха: "Памажы, пляменнік... (Яна яму ніякая не цётка, яна і Валуйка пляменнікам заве.) Не магу баб ад малатарні зрываць. Не хапае рук".