Выбрать главу

I Юрка слухае Вольку. Шкадуе ён і Смыка. Падарвалі яго, відаць, недзе ў дарозе, бо кінулі салдаты на выганчыку, калі стаялі адразу пасля вайны ў вёсцы. Юрка знайшоў яго тады ў кустах на балоце і прыехаў на ім конна да Волькі на двор...

Калі мінуўся пясок, пачало трэсці на калдобінах. Дарога тут была цвёрдая, што камень, і Смык цокаў надковамі, зыбаючыся на нагах.

Юрка зусім адпусціў лейцы.

"Дзе ты іх дагоніш..."

Зноў схаваліся з вачэй далёкі лес і могілкі: дарога вяла ў лагчыну, у бярэзнік.

Калі нарэшце Смык патрухаў, з-пад калёс пачалі пырскаць і біць па твары дробныя каменьчыкі. Яны траплялі ў рот, тады ўспаміналася, як у пачатку лета, калі налівалася жыта і калі ў Лонве нічога не было есці, Юрка з маці рвалі каласы. Ад сырога і салодкага, як малако, жыта яшчэ больш хацелася есці і вяла хоць куды галава...

Цяпер у калгасе жыта многа, дзень і ноч малоцяць. I ніяк яго не перавозяць у гэта Разіна...

Юрка любіў малаціць.

Лапоча і звініць, аж заходзіцца малатарня. Наверсе стары Тодарчык ці сама Волька Янкава кідаюць снапы ў барабан — у чорную ляпу малатарні. Яна хапае ўсё на свеце. Толькі снапы трэба развязваць. Але раскручваць перавяслы доўга, адзін чалавек не спраўляецца. I тады прыдумалі рэзаць іх вострым нажом. Аж тры дні сядзеў ён, Юрка, ля барабана, рэзаў перавяслы і падсоўваў, а то і падкідваў снапы пад рукі старому Тодарчыку. У вочы сыпала асцё і пыл, калола ў твар вострая салома — снапы камлямі,— а ён, Юрка, глядзеў толькі, каб не разануць нажом сабе па руцэ, не чуў, што баляць паясніца і рукі ў плячах. Затое, калі пераставаў гусці трактар і трэсціся малатарня, Юрка мог адзін адваліцца на салому на малатарні, спакойна ляжаць, не кратаючыся, і глядзець у неба. Яно бывае рознае: густое, блакітнае, а то аж белае, калі свеціць сонца. У хмарныя дні яно нізкае, апускаецца над самай фермай, кладзецца аж на стрэхі кароўнікаў і сцірты саломы — яго з малатарні можна дастаць рукой. Падняцца трэба толькі. Але цяжка падняцца, каб і хацеў,— разамлелі ногі, баляць плечы, ныюць і пякуць на далонях мазалі ад нажа. Хочацца спаць, але не заплюшчваюцца вочы: пад павекі набілася пылу і асця. Яшчэ — хочацца есці. Але няма каманды знізу: "Канчай!.. Палудзень!.." Нешта, мусіць, у трактарыста заела, чуваць, як там ляпаюць у жалеза і лаюцца мужчыны. Юрка тады паварочваецца на малатарні на бок і бачыць ля кароўніка трактар "ХТЗ" з зубамі на колах. Да яго ад малатарні цягнецца шырокі пас — выслізгаўся, блішчыць на сонцы. Ля самай выхлапной трубы — чырвоныя вяргіні, гараць, што жар. Трактарыст любіць іх і кожны дзень — раніцай — прыносіць ад некага свежую густую кветку-шышку (а то і дзве) і торкае за дроцік ля выцяжной трубы. Пасля заводзіць трактар...

Зноў гудзе матор, ляскае малатарня... Юрка ўздрыгвае — гэта Смык пабег з гары, і па каменні ляскалі калёсы. Тады Юрка думае, што, каб не прыехаў у Лонву таксатар, ён, Юрка, малаціў бы ўсё лета. Сядзеў бы ля цапоў з Тодарчыкам ці Волькай і рэзаў бы перавяслы — трыбушыў снапы. Можа б, ён і астаўся пры малатарні, каб не трапіў на вочы Міхалу ў канцылярыі, калі той крычаў на таксатара. Ён на ўсіх крычыць: на сваіх і на чужых.

— Людзей? Не дам! Не дам, і ўсё. Леспрамгас, лясгас. Зімой і летам. А сеяць, а малаціць — хто? Не дам! — Міхал бегаў тады па канцылярыі, махаў рукамі і ні на кога не глядзеў. Ён ніколі ні на кога не глядзіць, калі гаворыць, Юрка гэта знае.— Кожны жук і жаба тут табе... Упаўнаважаны сам са свечкай па вёсцы людзей шукаў учора, спытайся! Знайшоў, думаеш, лішняга каго? У мяне бабы, адны бабы. Я іх сучкі абсякаць табе, хлапец, не дам. Не пашлю! Не дам! — Міхал зноў бегаў па хаце, здавалася, ніколі не ўціхамірыцца. Пасля раптам змоўк, сеў ля стала на ўслончык і доўга глядзеў у акно. Юрка тады стаяў у парозе, зайшоўшы ў канцылярыю,— Вольку шукаў. Стаяў у парозе і малады таксатар у акулярах — Завішнюк, Юрка ведае. Стаяў і таксама маўчаў. Смешны нейкі таксатар. Сагнуўся нечага. Нос у яго маленькі, і чорныя акуляры на ім вісяць, ледзь зачапіўшыся за кончык. Здаецца, яны вось-вось спаўзуць і ўпадуць на зямлю,— яму пад ногі. I валасы ў таксатара надта светлыя і доўгія, калі рассыпаюцца на лбе — хаваюць акуляры. Таксатар рэдка калі смяецца — сур’ёзны.