Выбрать главу

Міхал доўга тады сядзеў ля стала, пасля падняўся, адышоўся на сярэдзіну канцылярыі і паказаў доўгай рукой на яго, Юрку.

— Вось табе работнік! I больш ні грама не прасі. Усё. Гаварыць не стану...— і ён выбег з канцылярыі, бягом.

Таксатар толькі зірнуў на яго, Юрку, праз свае бліскучыя акуляры, не сказаў ні слова, сагнуўся і падаўся цераз парог за старшынёй...

У бярэзніку ззаду за калясьмі гнала апалае ўжо сухое лісце і сена, што валялася на дарозе: перш тут у Разіна вазілі сена на нарыхтоўку. Праз бярэзнік свіцілася поле, пустое, ціхае. Мінуўшы бярэзнік, Юрка неяк адразу падняўся на горку да могілак. Адгэтуль відаць вёска. Ён становіцца на ўзгоенай саломе на калені — падвод ужо не відаць — і глядзіць на вёску. Чорныя хаты, калі глядзіш здалёку, неяк улукаткі раскіданы за ракой. Сям-там белелі стрэхі — гэта людзі будаваліся пасля вайны. За сухой грушай ля моста, у гэтым канцы вёскі,— іхняя хата. Яе будавалі два гады, узяўшы ў раёне вялікі крэдыт — пяць тысяч. Што ім на сям’ю пяць тысяч, калі летась вясной пуд жыта быў у Даўгінаве на рынку пяцьсот рублёў, а Акцызнік прадаваў кошык бульбы за сотню. А ў яго, у Юркі, бацька хворы. Паранены ў грудзі з вайны вярнуўся, хварэе. Крэдыт ужо аддаваць трэба — фінагент па працэнты прыходзіў, апісваў з дэпутатам швейную машыну, якая ў маці ад немцаў і ад пажару асталася,— была закапана ў зямлі.

Добра яшчэ, што хату "лёгка пажылі", як кажа бацька. Купілі ў калгасе зруб ад пуні — калгас прадаў яго за дзвесце рублёў, акт нават ёсць, у куфры ў прыскрынку ляжыць, Юрка сам яго чытаў. Зруб стары ўжо. Але калі з аднаго боку пачасалі бярвенне — ён як новы. 3 двара толькі стары, бо з двара — кругляк ляжыць. Хата цяпер вялікая... Юрка з бацькам вазілі ў Даўгінава на лесапілку дрэва на дошкі. Іх хапіла толькі на столь. Падлогу пасля пакладуць, а цяпер глінай выбілі. У хаце ўжо ёсць вокны і дзверы. Вокны новыя, а дзверы старыя і маленькія. Бацька іх прывёз пасля вайны з партызанскага лагера, калі па дровы ў Сырніцу ездзіў. Бацька і маці сагінаюцца на парозе, толькі ён, Юрка, яшчэ не дарос, каб гнуцца...

Смык бяжыць з гары, і падганяць не трэба. Бяжыць і кульгае. Цяпер пыл ужо засцілае ззаду ўсю дарогу, нічога не відаць. Зноў трашчыць на зубах пясок, як ля малатарні. Юрка пра малатарню больш не думае. Ён ужо два дні хадзіў у лес. Першы дзень рэзаў слупкі з дзяўчатамі, што прыехалі з таксатарам: Акцызнік збег немаведама куды, калі прыйшлі дзяўчаты. А тыя, відаць, баяцца таксатара... Другі дзень Юрка быў на лініі, з сякерай. Рукі на лініі балелі больш, чым ля малатарні. I мазалёў больш. Сёння таксатар дамоў раней адпусціў з лініі, дык Волька ўгледзела на ферме, калі ён, Юрка, з лесу ішоў, і прыбегла прасіць...

— Тыр-р-р... Драбіны растрасуцца...

3 калёс спаўзала і рассыпалася салома.

Смык стаў, форскаў і круціў галавой,— ці не баяўся, што яго могуць завярнуць назад: скаціна гэта чуе.

Юрка падняўся, паправіў салому, падгарнуўшы яе ў перадок, туды, дзе было дагэтуль сядзенне, хацеў ужо зноў крануць лейцы, як раптам падаўся ўвесь наперад і застыў стоячы. Адна нага ў яго была паднята на ляжэйку.

"Дым..."

Ён не бачыў, што пад’ехаў ужо да самай грэблі, што адгэтуль відаць рог аселіцы за ракой і хаты ў вёсцы. Вунь высокі асвер, здалёку тонкі, як жэрдка; здаецца, што там задзёр сваю дзюбу бусел. Гэта іхні асвер... Ён не згарэў, астаўся ў вайну ад пажару. Вунь, адгэтуль, ад рэчкі,— белая страха. Гэта іхняя хата... Над ёй дым. Дым белы, густы, высокі... Роўным слупком падымаецца ўгору — упоравень з асверам. Гэта іхні дым... Над іхняй страхой...

Юрка стаіць на калёсах, не здрыганецца... Пасля саскоквае на дарогу, падбягае да Смыка і папраўляе хамут, выцягвае грыву з-пад мокрага лямца, адпускае ніжэй падпінак — з вяроўкі, увесь у вузлах; тады зноў забягае Смыку наперад і гладзіць яго па шыі і па мордзе. У вялікім сінім воку на хвіліну бачыць сябе: свой доўгі нос, вунь які доўгі і гарбаты — на ўсё вока. I зубы вялікія і шырокія, як касцяныя падплятанкі, якімі ў вайну падпляталі лазовыя лапці.