Выбрать главу

Юрка смяецца. I калі ён смяецца — у яго тады яшчэ шырэйшы нос і даўжэйшыя зубы. У адным Смыковым воку і ў другім.

Пасля яму, Юрку, раптам робіцца холадна — усяму,— і яго пачынае трэсці. Ён зашпіляе на верхні гузік сваю кашулю з чорнага корту, якую маці сама шыла на швейнай машыне, купіўшы корту ў Даўгінаве, але яго, Юрку, усё роўна трасе. Тады ён становіцца нагой на вось і ўкульваецца зноў у калёсы на сядзенне, падкурчвае пад сябе босыя ногі. Ён не ведае, чаго яго схапілі дрыжыкі, і баіцца. Але яму не страшна. Дрыжыкі пройдуць. Гэта яны б’юць яго, мусіць, таму, што ён успомніў, як яны калацілі яго кожную раніцу з самай вясны, калі перайшлі з "кута" ад Акцызніка ў сваю хату, у якой былі толькі дзверы і адно зашклёнае акно. А тры астатнія прарэзаныя вокны завешвалі пасцілкамі. Ад мух і ад холаду. А ноччу тады не было чым накрыцца, і пад раніцу білі дрыжыкі пад парванай старой сівой буркай з хлясцікам, якой ён накрываўся разам з бацькам. А калі бацька сцягваў ноччу з яго бурку, раскрываў,— тады Юрку вунь як было холадна.

У хаце не было печы. Усю вясну і лета.

Цяпер у хаце ёсць печ. Яе рабіў два дні стары Кірык з Разіна. Маці з бацькам памагалі яму — мясілі гліну. Яны ўсю вясну мясілі гліну на ферме ля ямы (мясіў і Юрка) — рабілі цэглу. Хата ў іх высокая і печ высокая — цэглы на яе шмат пайшло. На комін на страсе дык і не хапіла. Але комін клалі сёння пасля полудня, калі Юрка ад’язджаў у Разіна. Клалі з цэглы-паленкі, якую бацька прывёз з партызанскіх лагераў.

3 коміна валіў белы дым. Відаць, скончылі ўсё і падпалілі печ саломай. Ад саломы лепшая цяга і лепшае полымя,— казаў раніцай стары Кірык з Разіна,— скарэй абсохнуць і люхты. А то на хату дым можа доўга каціцца.

Дрыжыкі не адпускалі. Але было цяплей, бо падкурчаны ногі. Яшчэ трасуцца калёсы, кідаюць ад драбіны да драбіны, грэешся.

Юрка не помніць: здаецца, Смыка ён не паганяў і за лейцы не кратаў. Той, відаць, пайшоў сам, калі ён, Юрка, узлез на калёсы.

Блізка была аселіца. Юрка цяпер глядзеў толькі на слупок дыму над сваёй хатай. Ён то быў просты і белы, то раптам нахіляўся да тонкай дзюбы асвера, тады чарнеў, гусцеў і над ім вырастала шапка, як над мухаморам. У печы, відаць, гарэла ўжо не салома, а дровы — смаляныя трэскі і аскалёпкі, якія ляжалі ў сенечках.

Калі Юрка пераехаў уброд раку — Смык не сагнуўся нават, каб напіцца,— і падняўся ў аселіцу, убачыў, што дым ужо сцелецца па страсе ля коміна, падае зверху на двор — варожыць на дождж,— што ён цягнецца па двары ля паркана аж на вуліцу, аж сюды, на аселіцу да ракі. Юрка чуе, як пахне дымам,— гарэлымі смалякамі...

Было пад вечар, але ў вёсцы цяпер ні ў кога не палілася ў печы — вячэру варыць яшчэ рана. Юрка падумаў тады, што цяпер толькі ў іх адных паліцца ў печы, і засвістаў, рвануўшы за лейцы,— дрыжыкаў ужо не было.

Калі ён уехаў у вёску, пачуў, як нехта загаварыў да яго ад Валуйковага свірна:

— Хоць бы свістаў хлёстка, а то як баба старая. Каня запарыў, цыган...

Юрка не паглядзеў нават, хто быў ля свірна.

Раздзел пяты

Каралінская пасека

Пад пагамі на сцежцы мяккі сівы мох, і ў ім хаваюцца вышчараныя шэрыя сасновыя шышкі, калі ступаеш на іх. Шышак на моху насыпана, як дробнага камення ў лагчыне за гумнамі на полі, там адзін сіпак і нічога ніколі не расце. У маладым сосніку пачынае цвісці верас. Верас у лонваўскім лесе зацвітае ў жніўні, летам. Яшчэ не скора загарыцца белым, а то і сінім агнём пасека пад Цянямі, праз якую яны ідуць, але ўжо лёгка назнаць, які куст верасу якім цветам будзе цвісці. На адным, на зялёных елачках — дробненькія беленькія пупышачкі, на другім — сінія-сінія. Глянеш — аж мітусіцца ў вачах.

Яны ідуць цэлай грамадой — расцягнуліся па сцежцы на ўвесь соснік. Уперадзе Андрэй Акцызнік — ён павёў на пасеку праз Цяні-балота на кладкі, тут бліжэй, чымся праз мост па пагранзастаўскай дарозе. За Андрэем — таксатар Завішнюк, худы, сагнуты; Юрку, бывае, здаецца, што той нават гарбаты. Завішнюк у гумавых, бліскучьіх, добрых ботах, у рудым спартыўным касцюме. Тэадаліт нясе сам — у скрыначцы,— ніколі не аддасць несці нікому. За ім ідуць — ніяк не могуць ісці адна за адной, а ўпобачкі — Жэнька са Светай. У Жэнькі ў руках скручаная і перавязаная белай аборачкай лента — блішчыць на сонцы. Бразджаць аб ленту шпількі, жалезныя пруткі, іх ажно адзінаццаць штук, і нясе іх Жэнька ў той руцэ, што і ленту. У Светы на плячы толькі тры рабыя вешкі — белае з чырвоным. Вешкі ў яе на плячы здаюцца зусім кароценькія, як і яна сама, не такія, калі іх паставіш, уткнуўшы на лініі ў зямлю. Тады яны высокія, у два разы вышэй за Свету.

За імі, астаўшыся ззаду, топча мох Юрка, топча сваімі падранымі вялікімі чаравікамі з кірзавымі халяўкамі. У такіх вялікіх чаравіках прыпшоў з вайны ягоны бацька. У Юркі за плячыма трыножнік. "Цяжкі, каб на яго халера,— думае Юрка.— 3 дубу ён, ці што. Дрэва вунь якое цвёрдае, а на яго яшчэ наканечнікі панабіваны з жалеза, вострыя, блішчаць — вышараваліся аб пясок". Трыножнік рэжа плячо, цягне назад, але Юрка баіцца сказаць, што яму нязручна: скажы — засмяе Света. Жэнька, дык тая толькі можа ўсміхнуцца і паглядзець на яго сваімі вострымі чорнымі вачыма. А Света... 3 языка ўвесь дзень не спусціць. Света — пустабрэх. Пустабрэх і сакатуха. Ён гэта ёй некалі скажа, хай яна пачакае.