Выбрать главу

Трыножнік ад тэадаліта на брызентавым шырокім зялёным — новым — рамяні. Калі ступаеш — бразджыць недзе клямарчык па жалезе: бразь, бразь. Тады Юрку ўспамінаецца, што так насіў ручны кулямёт за плячыма Чумак з "Імсціцеля". Ніколі не скідаў: і за стол есці з кулямётам садзіўся, і спаў раз у іх у хаце з ім за плячыма. Юрка помніць, што з Чумака смяяліся партызаны, што той і ў баі не здымае кулямёта з-за плячэй. Гэта няпраўда, што Чумак не здымаў кулямёта, як жа ён тады біўся з немцамі? Проста Чумак вялікі — вышэйшы за ўсіх мужчын у вёсцы, Юрка такога ніколі не бачыў,— і кулямёт яму, як муха...

Юрка ўспамінае Чумака і забываецца, што за плячыма цяжкі трыножнік і яшчэ сякера пад пахай. Юрка засоўвае яе за дзягу — тады сякера цягне далоў штаны... Можа лопнуць старая дзяга. У вайну яшчэ ён зрабіў яе з падпінка, які выкінуў з шафарні бацька.

Юрка ўспамінае Чумака і забываецца, што з раніцы хочацца есці — што там надта з’еў снедаючы: маладую бульбу, адну; што ён ужо быў памкнуўся яшчэ на ўзлеску з’есці палудзень — кавалак праснака і два салёныя агуркі,— але не рашыўся: маглі ўгледзець дзяўчаты. А палуднаваць тады што, калі збяруцца ўсе ў кучу ў паўдні? Жэнька ўбачыць, што ў яго нічога няма,— разломіць папалам свой кавалак хлеба, як учора. А Завішнюк падасць друзачак белага цукру. Юрка не возьме, не. Ён і ўчора не ўзяў. Тады Света сказала, што ён шашок і дзічка. Ну і шашок,— а сама яна хто? — але ў іх ён нічога не возьме.

— Давай, давай!.. Малакасос!.. Не згубіся. Цягнецца, што цяля. У твае гады я з прыскокам...— Гэта крычыць на яго, Юрку, Акцызнік. Ён уперадзе, на самай горцы на пасецы, і яму ўсё відаць здалёку.

— Дзяўчаты, дзяўчаты... Кавалер ваш разнюніўся...— Акцызнік сёння не сціхаў усю дарогу — п’яны ён, ці што?

Юрка злуе на Акцызніка, але ступае шпарчэй і даганяе Завішнюка.

За соснікам пачынаецца імшара — высокі верас па пояс і багун. Між маладых сасонак трапляюцца бяроза, рабіна, вольха. Тут якраз ішла лінія, якая некалі да вайны адсякала соснік — пасеку — ад Цянёў-балота. Цяпер лініі не відаць, нават цяжка пазнаць, што яна калі была тут. На лініі заўсёды было сонца, і маладняк шугануў угору — зраўняўся з соснікам на самой пасецы. Ля сцежкі, дзе стаяў некалі слуп-капец у гэтым месцы, няма нават і курганка. За гэтыя гады збілі яго нагамі і зраўнялі з зямлёй і людзі і скаціна. Недалёка ад гэтага месца — глыбакаватая сухая ямка. Гэта студня. Цяпер у ёй суха: сухое лета, а ў вайну, калі сюды, пад Цяні, у зямлянкі выязджалі ад нямецкіх бамбёжак лонваўцы,— з яе бралі ваду. I нядаўна, у дажджы, нехта, відаць, сіляў яе адсюль — ля ямы на пяску валяюцца дзве парожнія "варонкі". Мусіць, прынеслі іх сюды падсочніцы.

Чуваць, як уперадзе пад нагамі ў людзей трашчаць сухія сукі і крышацца высахлыя сёлета кладкі, як шапаціць лазняк і альшэўнік, калі расхістаюць яго рукамі. Кладкі зусім зараслі. 3 альшэўнікам тут пасеяліся маладыя рабіны, і цяпер ім цяжка ад сваіх ягад — згінаюцца аж на кладкі, пад ногі. Ягады на іх буйныя, ліст зялёны, аж цёмны, а ў бары, у сосніку на пяску, яны сохнуць. На балоце ўжо жаўцее бярэзнік, не дачакаўшыся марозу, і абтрасае на пачарнелую траву і сівую гразь на сцежцы жоўта-белае лісце. Яно дробнае, чахлае — асыпаецца з самых нізкіх галін, што блізка ад зямлі. Высокае, што на самым версе,— зялёнае і моцнае, яно не баіцца нават першых маразоў.

На балоце жаўцее і пад’яловец, ён расце на куп’і ля старых засмаленых сасновых пнёў. Ля пад’ялоўцу — паземачнік, высокі, зялёны, на ім ёсць яшчэ і познія ягады. Але тут былі дзікі, падыходзілі з-за Цянёў, папоркалі мох і зямлю ля паземачніку: дасталі жоўтага пяску.

Чуваць наперадзе ў кустах, як шчабеча і шчабеча Света, што сарока, пасля пачынае спяваць. Спявае яна прыгожа, але нядоўга, тады смяецца і зноў шчабеча. Каму яна што расказвае? Жэньцы? Ну і назола... Пустабрэх. Юрка яе не любіць, хоць яна і спявае прыгожа.

Ля кладак у зашыйках расла густая трава сінюха. Яе скасілі, мусіць, бабы з вёскі і вынеслі адгэтуль пасцілкамі. На выкасах — стаптаныя рудыя купінкі — торф. Ля іх пажоўклае лісце ад травы бабку, якой не дастала каса; рыжы, што лісіная поўсць, мох і сухая белая леташняя трава, прыбітая да самай зямлі. На купінах каля пнёў, дзе каса не кранула травы (яе цяжка абрэзаць ля дрэва), застылі, мусіць, мокрьія ад расы, блакітпыя балотныя званочкі. На зямлі ля іх — шырокія, па далоні, грыбы рудзякі: грыбы растуць, як пасеяныя, хоць касу закладвай ды рэж! Але касой тут не пацягнеш — на доле шмат такіх жа жоўтых, як рудзякі, яловых шышак. Яны доўгія, тоўстыя і цяжкія, калі сагнешся і возьмеш у руку,— намоклі ў вадзе, аж пачарнелі. I яны пахнуць грыбамі.