Выбрать главу

Здаецца, што і ўсе Цяні ля кладак пахнуць рудзякамі і сыраежкамі.

Далей, дзе кладкі ляжаць ужо не ў балоце, а па ўбітым, парослым рэдкай мятліцай бары, патрэсена сена — яго вязкамі выносілі па кладках на сухое з Цянёў. С-пад яго вылазяць белыя галоўкі чашчавікоў і чырванеюць раннія брусніцы.

Брусніц па пагорку, яшчэ зеленаватых,— што насыпана. Над імі — высокі дурнічнік, увесь у ягадах. Ягады даўно выспелі і цяпер блакітныя-блакітныя. Здаецца, калі глядзіш на гэты пагорак сярод балота, што і зямля — плямамі: то блакітная — дзе дурніцы, то чырвона-белая — гэта дзе збуяў і разросся бруснічнік.

У халодным яшчэ ў лесе паветры чуваць, як нехта стукае далёка ззаду, ля вёскі, сякерай: бах! бах! Здаецца, і няма ветру, а ціха шумяць над галавой сосны і недзе за балотам ракоча трактар.

Людзі тут, на сухім пагорку сярод балота, спудзілі сіваваронак — тыя аж стогнуць, носячыся над галовамі. Цыльгікае дзяцел, перастаўшы стукаць па сухой і падгнілай бязверхай елцы; у альшэўніку, пад балота, заходзяцца рабыя сарокі,— відаць, ужо маладыя. Чыр-р-р... Ч-ч-чыр...— аж шыпяць. Здаецца, нехта прастуджаны ў альшэўніку чысціць нос — смаркаецца.

Лес, патрывожаны чалавекам, жыў сваім жыццём.

Пад нагамі ў Юркі аж скрыпеў сухі мох, шасцеў высокі, за калені, багун і верас, чапляўся за плячыма аб сосны ля сцежкі трыножнік. Перад тым як выйсці на Цяні-балота, Юрку давялося зняць яго з-за плячэй і несці пад пахай, ножкамі ўперад.

У гэтым месцы лаза так пераплялася над сцежкай, што Акцызнік, чуваць, абыходзіў яе далёка па балоце — лаяўся.

За лазняком — чыстае балота, сенажаць. Цяпі спрадаўна — сена для лонваўцаў, і лопваўцы іх глядзелі. Высякалі бярэзнік і ніцую лазу, што сеяліся і раслі тут на балоце разам з травой рабінкай і сіпюхай кожпы год, як лебяда дзе ў гародзе пад хатай.

Кладкі на балоце зусім уехалі ў зямлю, зараслі белым мохам і травой — па іх мякка ступаць. На іх ужо даўно нават косяць траву — яны пачарнелыя і гнілыя, рэдка дзе вытыркаюцца наверх.

Але калі з кладак зрываецца нага — квокча балота, бурбаліць; пырскае ўгору рэдкая чорная гразь. Можна праваліцца аж за калені. Света, відаць, ускочыла, бо стаіць, сагнуўшыся, на сухім і выцірае ногі. Варта ёй, няхай не скача, што каза.

Калі павявае вецер,— ён дзьме адтуль, з кутка, дзе пастухі са скацінай, даносячы іх галасы,— шуміць тады лаза і шапоча падсохлая не скошаная ля кустоў асака, сінюха і трава елка. Махаюць, нагінаючыся, сваімі чорнымі галовамі кіёўкі, і пахне старым, зляжалым і ўпрэлым кіслым балотам — аж зрывае нос, як кажа Акцызнік.

На балоце — стагі. Яны стаяць адзін за адным — як у шнурок — і цягнуцца аж адтуль, дзе рыкае скаціна. Стагоў сёлета калгас у Цянях наставіў шмат: была добрая трава. Але некалі яна была, відаць, яшчэ лепшая, бо на балоце ёсць і пустыя старыя стажар’і. Абсунуліся, пачарнелі, пасохлі бярозавыя доўгія калкі-жэрдкі, ля якіх кідалі стог, пахіліліся да зямлі. Калі Юрка глядзіць на пустыя стажар’і, думае тады, што скора ўжо будзе восень...

За кладкамі Акцызнік чакаў усіх: "збіраў у кучу".

— Прайшлі-праехалі, як міленькія. I ўсе сухія. Затое зэканоміліся. Можна і пакурыць і пастагнаць, у каго забалела паясніца за дарогу...— Гэта ён гаварыў, мусіць, да Юркі, а мо і да самога Завішнюка, якога не любіў і за вочы называў "інцілігентам". А ўчора нават асмеліўся і пры ўсіх сказаць: "Вы інцілігенцыя..."

Акцызніку такое гаварыць можна; у леспрамгасе шафёры і грузчыкі, сабраўшыся з Чаркашыным, не такое гавораць, Юрка ведае.

— Можна і пераабуцца,— бубніць Акцызнік і выцірае з твару павуцінне, якое з дробным сухім лісцем вісіць у яго на носе і на вушах.— Можна і чаравічкі скінуць ды пасушыць, каб ногі не прэлі на пасецы, каб нагам здаравей было. I панчошкі памыць, хто заляпаў гразёй і хто саромеецца ў Цяні надзяваць боты ці абуваць лапці...

Акцызнік браўся за Свету. Яна лапатала і лапатала з ім, і ён не спускаў яе ўчора ўвесь дзень з языка і сёння ўзяўся з самай раніцы, калі яшчэ ішлі соснікам да кладак. Юрку здавалася, што яны ўжо адзін без аднаго дык і быць не могуць, хоць ведаў, што Акцызніку, як ён гаворыць, "для языка патрэбен быў падрукаянт", і той шукаў яго ўсгоды: і ў вёсцы, і ў леспрамгасе па дзялянцы, і на ферме ля малатарні, і сярод таксатаравых дзяўчат.