Выбрать главу

Але Юрка ўбачыў, як у Акцызніка ззаду зачырванелася шыя, як той страсянуў дробненька сваёй доўгай галавой, і яму, Юрку, захацелася пайсці з Завішнюком, але гэтага нельга было зрабіць. Трэба было брацца за сякеру.

Прыгравала з-за дрэў соцца, рабілася горача, і балелі ўжо ногі...

Гах-гах!.. Лясь... Ча-а-ах-х...

Настырна, звонка, на ўсю Каралінскую пасеку стукаюць сякеры. Здаецца, аж звіняць, калі ўдараюцца дзе аб сасновую сухастоіну на лініі, здаецца, аж скрыпіць і просіцца дрэва, калі ў яго ўядаецца наточанае ў лонваўскай кузні на тачыле і даведзенае яшчэ бруском у Акцызніка дома лязо сякеры, уядаецца ў жоўта-белае і цвёрдае, як высушаны сыр, зусім неакрэплае цела маладой сасны. Разлятаюцца трэскі з-пад сякеры, як на дрывотні, вялікія, што аскалёпкі,— на іх можна зварыць гаршчок бульбы — сыплюцца на свежы, яшчэ мокры ад ранішняй расы мох і верас дробненькія, сшаткаваныя,— як мякіна на ферме з-пад малатарні на зялёную траву.

Скрыпяць, трашчаць, енчаць бярозкі — яны цвёрдыя, караватыя. Ссячэш, здаецца, а бяроза яшчэ стаіць на адшчэпленай жыліне ці на маладой кары-бяросце. Тады бяры яе, бярэзіну, адрывай, адкручвай, калі не хочаш лішні раз падымаць руку з сякерай.

Лес стогне, просіцца... Ён малады, хоча жыць. Але прасіся не прасіся — ніхто не злітуецца. Бо вырас ён, малады і здаровы соснік, не там, дзе трэба чалавеку. Ён засланіў лінію, зраўняў лес, знішчыў мяжу, зацямніў квартал. Яму трэба было вырасці далей, на Каралінскай пасецы. Там за ім глядзелі б, аж пакуль бы ён не спатрэбіўся на цэўку, на жэрдзе, на латы, а тады на слупкі ці на перакладзіну ў хаце; пасля — на падсочку... Ён векаваў бы, аж пакуль не прыйшла б пара скінуць яго з пня, аж пакуль бы ў квартал не пад’ехалі леспрамгасаўцы з піламі, аж пакуль бы кварталы не адвялі пад вырубку...

А лінія — закон лесу, дзе гаспадарыць чалавек, закон лясніцтва, закон Завішнюка. Ён прыйшоў сюды дзеля гэтага, расставіў вехі, тэадаліт і людзей з сякерамі, пасля паставіць жоўтыя без кары сасновыя слупкі з падпісамі: "48 км. Пл. 0,5 га. Квартал асветлен. 1946 г." і пойдзе далей, пакінуўшы ўбаку Цяні, пойдзе на Сырніцу, на партызанскія лагеры. А сюды, на лінію, прыгоняць пасля трактар з плугамі, і ён разверне ўсё на свеце, выцягне наверх карэнне маладога сасняку, і яно будзе сохнуць на сонцы. За адзін раз трактар-трохплужнік не справіцца тут, яму трэба будзе заязджаць, браць яшчэ раз на плугі, каб зрабіць граду, дастаўшы з таго свету, з-пад моху і верасу, жоўтага пяску і навярнуўшы, паставіўшы скібаў з сівога сіпаку і дзірвану.

Гэта каб на Каралінскую пасеку ніколі не падышоў агонь.

Га-а-ах-ах!..— стукаюць сякеры, і на ўвесь лес плыве рэха, тады адгукаецца далёка, недзе аж пад Віліяй.

Чуваць яшчэ, як ля пагранзастаўскай дарогі крычыць сваім густым голасам Завішнюк: "Лявей! Лявей! Яшчэ лявей!" — чуваць, як перагаворваюцца дзяўчаты. Юрку здаецца тады, што ён бачыць, як няўклюдны Завішнюк нагнуўся і прынік да тэадаліта, у які відаць галава Жэнькі. а то і ўся Жэнька з доўгай рабой вяхой у руках. Тады ў Юркі робіцца сумна-сумна на душы. Можа, хто падумае, што яму, Юрку, самому хочацца глянуць праз тэадаліт на Жэньку? Не! Юрка не хоча глядзець на яе, не хоча быць на месцы Завішнюка... Яму хочацца цяпер на ферму, да малатарні, каб рэзаць перавяслы, трыбушыць снапы і шпурляць іх Тодарчыку да барабана... Але крычыць Завішнюк, крычыць на ўвесь лес, і смяюцца дзяўчаты. А можа, гэта з яго, з Юркі, з ягоных вялікіх бацькавых чаравік? Смяецца недзе Света. Жэнька не стане...

Крычыць і крычыць Завішнюк, камандуе. Хай бы ён лепш маўчаў. Рукой паказваў бы дзяўчатам, дзе ступіць, куды адысціся.

А ён крычыць...

Падымаецца ўгору сонца — усчынаецца вецер. Шумяць над галавой вярхі сосен, пагойдваюцца на іх сукі-галіны — адтуль падаюць сырыя яшчэ шышкі. Б'юць у мох — адразу робяць сабе ямку, каб зручней легчы. Цярусяцца разам з шышкамі і сасновыя іголкі — не разбярэш, адкуль яны: са старых сосен ці з сасонак, якія трэба расхінаць, каб да іх даступіцца і ўдарыць па камлі сякерай.

Га-ах!.. Бух-бух...— не сціхае ў лесе. Нарэшце змаўкае Завішнюк; відаць, прысеў дзе на пні і паклаў на калені планшэт — падлічвае свае "шпількі і градусы"...

Юрка махае і махае цяжкай сякерай, тады адгінаецца і за адзін раз сцягвае ў кучу насечаны сасняк. Сасняк маленькі, да яго сёння не падлезці; адкуль толькі бярэцца; здаецца, і не густы надта, а колькі ён, Юрка, ужо нацягаў кучак за раніцу...

Калі Юрка адгінаецца — тады ў яго баліць сярэдзіна і хочацца піць. А дзе тут надта нап’ешся. Толькі ў Парыпанавай студні. Але туды трэба ісці адумысла. А Акцызнік узяў моду не пускаць — камандуе. Юрка глядзіць на Акцызніка. Той стаіць і цярэбіць сякерай пад’ялоўцавы разгач ці не кій сабе робіць. Ледзь махае сёння сякерай, курыць усё, не выкідаючы самакруткі з рота, і плюецца. Ад млосці, відаць: учора недзе піў цэлы вечар.