Выбрать главу

Юрка бачыць, якая чырвоная ў Акцызніка ззаду шыя,— здаецца, набегла крывёю. Калі той паварочваецца, Юрка бачыць яшчэ, што ў яго задрана ўгору на галаве шапка, блішчыць ад поту белы лоб — усё лета быў пад шапкай, не загарэў — і кратаюцца падстрыжаныя, "укарочаныя", жоўтыя вусы пад носам.

Акцызнік агідны; Юрка сёння глядзець на яго не можа — махае і махае сякерай, тады зноў сцягвае ў кучу голле.

— Сартуй, сартуй...— Акцызнік цэдзіць праз зубы, не гледзячы на Юрку.— Старайся дагадзіць с...най інцілігенцыі...— Пасля ён доўга маўчыць, нават не абсякае больш сучкоў на сваім кійку. Тады паварочваецца і спадылба глядзіць на Юрку.— Слухай, маць тваю за нагу... Ідзі сюды. Гляджу я на цябе ўсе гэтыя дні... Слухай, кінь на мінуту сваю сякеру. Рукі — яны не жалеза. А ты яшчэ смаркач. Я мужчына, і то... Курыць табе трэба вучыцца. Тады і адпачываць прывыкнеш. Я да цябе прыглядаўся, яшчэ калі вы кутам у мяне сядзелі... Працавіты ты хлапец расцеш. Хва-а-лю... Ну-ну... Ідзі бліжэй, садзіся...— Акцызнік сеў на купіну, уціснуўшы мох і зраўняўшы яе з зямлёю. Палез па махорку. Круціў самакрутку, пляваў і гаварыў: — На табе ж скура гарыць, на табе ж вада не ўстоіць... Ці ты ля малатарні, ці ты ў лесе. На табе ж калгас увесь трымаецца, х-хе... Брыгадзір ад цябе з хаты і не вылазіць: туды ідзі, сюды ідзі; туды бяжы, сюды ляці... I галава ў цябе ёсць, у шостую групу, відаць, сёлета пойдзеш, ці ўжо аж у сёмую. Хацеў бы я ў цябе, хлапец, запытацца. Гм... Ці ведаеш ты, чаго ты так са скуры лезеш... Чаго ты так стараешся... Ну тут, на пасецы, скажам, ведаеш... Трыццаць рублёў у дзень... не дзе валяецца. А вам жа крыдзіт за хату аддаваць трэба. Ды і на ногі няма чаго ўссунуць, зіма ідзе. Факт. А ў калгас чаго бяжыш? Ты ж яшчэ шчаня. Табе і нарад пісаць не маюць права, па-мойму. Скажы... Ці цябе так маці вучыць, ці цябе гэтак лёгка ўгаварыць?..

Акцызнік закурыў, натапырыўся і чакаў. Юрка сядзеў воддаль яго на вываратцы і маўчаў. Глядзеў у зямлю.

— Маўчыш, значыць... Баішся сказаць. А я табе скажу, не збаюся. Што цябе калгас адзеў, абуў, што ты туды ляціш? Ты, брат, канчай свае сем, ці колькі тут гэтых груп каля блізу, і да нас — у леспрамгас. Возчыкам цябе не паставяць, рэзчыкам таксама... Ды ты і сам не захочаш. Плечы дзіцячыя. А вось сукі церабіць... Сякера ў цябе ходзіць. Ці конюхам... Будзеш удзень на Выганчыку,ноччу — спаць. Тады — ноч на Выганчыку, дзень — спаць. I чатырыста рублёў будзеш мець. А то і болей. Тут табе і чаравікі-шмаравікі і крыдзіты-сярдзіты... Магу я пахадацельстваваць, я з начальствам гаварыць умею, калі на тое пайшло. Я яшчэ з бацькам тваім пагавару. Хаця што з бацькам, з маці трэба... Яна лепш шуліць, што да чаго. Не глядзі толькі на мяне, як шашок, натапырыўшыся. Што? Не майго носа палоса? Не, брат. Слухай людзей, калі бацька цябе на пуць не наставіць. Скажам, я, Акцызнік. Быў і ў калгасе. Але дудкі, збрыў, пацалуй пад хвост Акцызніку. Ён ночку адаспаў цяпер, заваліўшыся дзе пад прамгаскую канюшню,— і ў ведамасці яму ставяць што трэба. Канчаецца месяц, і Шавельзон яму чатырыста дваццаць у рукі — сам прывозіць на машыне аж у кантору... I дзень у Акцызніка ўсягды свабодны... Тут таксатар, там шмаксатар. Баба яшчэ з паўгэтулькі прыносіць. Ты, хлапец, не ведаеш яшчэ, што такое жыць. Жыць — гэта грошы. Думаеш, я махлярствам грошы нажываю? Не такі. Грошы, нажытыя махлярстзам,— на трыццаць год, а мазалём — на тысячу. Я з мазаля жыву. I я хачу жыць багата. У беднага многа ям на дарозе. А вазьмі — Міхал... Чаму ён да вайны не ішоў у калгас? Грошы шкадаваў. Жыў ён з падсочкі лепш за твайго бацьку... Ты, хлапец, яшчэ, відаць, ні чарта не шупіш... 3 табой ні пагаварыць, ні падурыць. Ну што ты ведаеш пра Міхала?.. А я табе скажу... У-у-у... Падзямельнік. Хі-ітры... Зямля б такіх не насіла. Але, мусіць, і будзе насіць. У начальстве ходзіць. Можа, у ім ёсць што такое, за што яго, можа, і цаніць трэба... Толькі... У-у-у... Падзямельнік, а не чалавек. Чаму толькі ён цябе ў адыходнікі пусціў, ніяк я не скумекаю. У яго ж вырвацца... Гм? — Акцызнік зноў утаропіўся на Юрку. Але той усё маўчаў, падпёршы кулаком падбародак і гледзячы на лінію ў лес, дзе перагукваліся дзяўчаты. Акцызнік тады плюнуў і ўсміхнуўся: — Я знаю. Табе не скажу, не трэба знаць. Малы зусім. Слухай, шашок. 3 табой я, відаць, балбачу ўхаластую... Падвярнуў шыю, як бугай... 3 табой гаварыць... Язык толькі труджу. Ты надта не рвіся на вачах у гэтага... Кучы, чмучы... Можа, яшчэ мох скажа драць на лініі, каб яму было цвёрда хадзіць, як па асфальце ў горадзе... Ты б драў, я ведаю. Дык вось — ніякіх куч. Мы цярэбім. Хочаш яшчэ чаго — падкінь нам. Не са сваёй кішэні. За грошы і чорта змусіш барыню найсці... А я табе, інцілігент, дарма жорны круціць не буду... Маўчы сабе, шашок, а я табе гавару, помні: сцісну — сам напусціш кучу. У мяне, брат, пальца ў дзверы не кладзі... Стань толькі перад ім танцаваць... Што? I мне, можа, тады, на цябе гледзячы?..