Выбрать главу

Юрка глядзеў цяпер на Акцызнікавы шырокія гумавыя боты, якія прытапталі мох, прыціснулі да зямлі так, што, здавалася, з яго пырсне вада. Юрка ўспомніў, што ў ботах у Акцызніка доўгія каравыя анучы, з пасцілкі ў чырвоыую клетку...

Калі Акцызнік стаў гаварыць яшчэ, Юрку здалося, што яго разуваюць, сцягваюць сілай, не расшнураваўшы, з ног бацькавы чаравікі... I тады ён успомніў, як пры немцах у вялікія маразы хадзілі па хатах паліцаі і збіралі воўну і кажухі. Нават анучы — суконкі бралі... У Юркавай маці паліцай тады здзёр з ног доўгія бабскія панчохі, якія маці сама зрабіла з воўны. Юрка нават помніць, як паліцай тады казаў: "Перарэзаць папалам, зашыць. Будзе дзве пары шкарпэтак..." Пачуў, што ў яго горка-горка ў роце. I калі Акцызнік пырснуў слінай яму ў твар — знячэўку,— Юрка падумаў, што ні слова не скажа яму цяпер... Ні слова. Хай хоць зарэжа...

Прыгравала сонца — якраз у спіну. Юрка выцер далонямі твар ад поту. Далоні былі ў смале і ліплі да шчок. Юрка падумаў, што недзе цяпер у яго на твары няма і вяснушак — усе пад смалой схаваныя. Калі ён водзіць далонню па твары, тады яму здаецца, што ў яго не такі ўжо і маленькі носік. Жэнька кажа, што ў яго носік, як у кацяняці... I яшчэ Юрка думае, што ўвосень пойдзе толькі ў шосты клас і трэба будзе зрэзаць польку. Дырэктар загадае, у таго надта не паносіш. Пакліча ў настаўніцкую і загадае... Каб і вунь як вучыўся. У сёмым класе — дык там можна ўжо насіць і польку. Як Юрку хочацца ў сёмы клас... Ён бы і вучыцца справіўся... Справіўся... каб толькі насіць польку. Пасля Юрка думае пра Жэньку... Якія ў яе густыя чорныя валасы... I вочы чорныя, і бровы чорныя. I якая яна добрая. I яна яго гладзіць па галаве, як Завішнюк... Два разы ўжо гладзіла... Што гэта ўсе яго гладзяць па галаве? Што ён — маленькі?

Юрка не скажа Акцызніку ні слова, ён яго зусім не чуе, хай той крычыць, аж апражэцца,— ён думае зусім-зусім пра другое. I цяпер ён не баіцца ніякай Акцызнікавай грозьбы. Яму вунь як хораша і хочацца нават смяяцца.

Акцызнік гэты раз доўга не ўседзеў. Не дамогшыся свайго, ён падняўся, узяў сякеру і пайшоў у цень. Прыпякала сонца, і Акцызніку, відаць, было горача ў ногі. Тады падхапіўся і Юрка...

Чах... Чах... Ча-ах...— адзін раз, другі, трэці. Не блішчыць ужо на сонцы сякера — яна ў смале і маладой сасновай кары; засмалілася тапарышча, стала чорнае і вуграватае; рукі ў смале аж па локці, у смале кашуля... На яе паналіпала сасновых іголак і моху.

Кропля за кропляй сцякае з ілба на бровы пот і капае тады на рукі, на тапарышча. Смыляць далоні, разгінаюцца пальцы, здаецца, што тапарышча толькі таму і трымаецца яшчэ ў руках, што прыліпае да далоняў. Каб не смала, яно даўно б ужо выслізнулася. Вунь як цяжка стала перастаўляць ногі ў чаравіках — чапляешся за кожны куст верасу. Юрка ступае асцярожна, глядзіць пад ногі, нагінае сасонку аж да зямлі, тады толькі заносіць руку з сякерай — гэта каб не махаць лішняга. Зводзіць, цісне плечы, бы гэта Акцызнік падышоў ззаду і схапіў яго за спіну; дрыжаць калені, і — чаго ніколі яшчэ не было — пачынаюць балець вочы. Тады Юрку здаецца, што ён можа зваліцца з ног... Ён вунь як баіцца цяпер зваліцца з ног... Ён баіцца нават спатыкнуцца. Бо спатыкнешся — упадзеш. А ўпадзеш — не ўстанеш ужо. Не падымешся. Так цягне зямля — цягне да сябе халодны мох, калі да яго дакранешся рукой. Здаецца, паваліўся б на яго, раскінуў рукі і толькі б дыхаў з сябе, як хворы на запаленне лёгкіх. Піць... Як хочацца цяпер піць... А з сабой нічога няма, толькі салёныя агуркі. Вада ў дзяўчат, яны панеслі з сабой дзве вялікія чорныя бутэлькі, схавалі недзе ў мох, і яна ў іх цяпер халодная... Але Юрка не пойдзе да іх. Ён лепш будзе цярпець. Цярпець да палудня, а там збегае да Парыпанавай студні. Вада там халодная-халодная, што лёд. Ён будзе піць яе прыгаршчамі, не адгінаючыся, ён будзе ліць яе сабе на галаву, на шыю, за каўнер...

Да палудня яшчэ далёка.

— Старайся... Старайся...— сапе на ўсю лінію Акцызнік.— У стаханаўцы да таго інцілігепта запішашся... Усё роўна той не бачыць. Усё роўна больш як трыццаць не выкіне... А ты старайся...

Акцызнік варочаецца, як мядзведзь. Паволі заносіць сякеру, замахваецца... Га-а-ах! — ляціць на зямлю сякера, і пад ёй падскоквае ўгору ссечаная сасонка. Акцызнік адкідвае яе нагой у шырокім гумавым боце, як нешта непатрэбнае, з воч. I зноў заносіць руку, і зноў чуваць гэта: га-а-ах!.. Юрку здаецца, што Акцызнік моцна б’е яго па патыліцы.