Выбрать главу

— Старайся, старайся, шчанюк падваротны... 3 мохам дзяры...

Каб хаця не паваліцца... Каб не гэты Акцызнік, Юрка адпачыў бы, прысеў бы хоць на хвіліну, каб адышлі рукі...

— Старайся, лезь са скуры... Не можаш лавіць рыбу — лаві ракаў...

Не, Юрка не адагнецца. Акцызнік толькі гэтага і хоча. Не дачакаецца.

Як далёка яшчэ да палудня.

Чах... Юрку здалося, што ён падае... Але тады ён пачуў на лініі галасы дзяўчат. Успомніў, што там Жэнька, Жэнька — з чорнымі-чорнымі вачыма... Ён такіх ніколі яшчэ і ні ў кога не бачыў...

Ён тады забываецца, што яго гне ў крук, што баліць рука, у якой цяжкая, як вялікі камень, сякера. Ён махае і махае балючай рукой. Не... Яна яму зусім не баліць. I соснік... зусім не мітусіцца...

Чах... Юрку здалося было, што ён едзе на машыне пагранзастаўскай дарогай і насустрач бяжыць, бяжыць, а тады ўцякае маленькі соснік, што ў Сырніцы на імшарах...

Чах... Чах...

Зноў смяецца на лініі Жэнька... Яна далёка-далёка, і ён глядзіць на яе ў тэадаліт... У Жэнькі чорныя-чорныя вочы. I блішчаць... Не. Гэта блішчаць чорныя бутэлькі з вадой, якія Жэнька закапала ў мох у імшарыне, каб яны не грэліся...

— Старайся... Старайся...— нехта сапе далёка на лініі.

Чах... Перад вачыма ў яго паплыў соснік, сякера і Жэнька. Чорнавалосая Жэнька. Яму стала лёгка-лёгка. Здалося пасля, што ён на ферме ля малатарні ўпаў на салому, у цень, пад страху... Салома мяккая-мяккая і халодная, што мох на імшары...

Нешта балючае кранулася ў яго ў грудзях...

Завішнюк тады падняўся з-за стала, зняў з цвіка лямпу, што вісела пад самым сталом на доўгім дроце, і перанёс, зачапіў яе на цвік у галовах ля ложка. Не распранаючыся, лёг да часу, падклаў пад галаву кулак — хоць падушка ляжала і высока, у яго была прывычка ўсё роўна падсоўваць пад галаву кулак — і глядзеў не адрываючыся ў столь. Яна была нядаўна чыста пабелена, а там, дзе пачыналася ўгары сцяна, шарэў папяровы карніз — у каласах. Ніжэй, пад ложкам, сцяна была ў нейкія дзіўныя раскрытыя парасончыкі. Здавалася парой, што гэта не парасончыкі, а людзі ў капелюшах, тады,— што гэта маленькія сасонкі на балоце; нарэшце перад вачыма стаў трыножнік... На зусім тоненькіх ножках, танчэйшых, чым запалкі...

Было балюча-балюча і нудна... Завішнюк не мог саўладаць з сабою, бо парой яму хацелася заплакаць... Тады ён праз сілу ўсміхаўся...

"Мужчыне плакаць?.. Што гэта за зелле — мужчынскія слёзы?"

Калі ён заплюшчваў вочы, тады адразу яго абступаў лес, абступаў з усіх бакоў... Густы, калючы, не выбрацца... Пасля лес круціўся, гнуўся да зямлі пад ветрам, шумеў, шалеў, як шалее ў самую страшную буру, калі сосны выварочваюцца з зямлі з карэннем. Тады сціхаў, стаяў росны і маўклівы, як раніцай на пачатку лета, калі далёка-далёка на пасецы снуецца белы туман, густы, хоць бяры яго жменяй, як першы мяккі снег увосень...

Завішнюку ўспомнілася, як ён першы раз прыехаў у мсціжаўскі лес. Прыйшоў тады ў бор адзін, раніцай пасля дажджу, вясной. Лес быў ціхі-ціхі, горды, як на Алтаі, да якога Завішнюк прывык.

Падымалася сонца, зыркае, як нагрэты ў печы камень, якім у кадзі грэюць ваду. Збіралася духата, парыла перад дажджом, падсыхала зямля... I тады Завішнюк убачыў, як па сасновых камлях з зямлі падымаецца пара і паўзе ўгору... Падымаецца, кратаецца, дрыжыць, што дым, ля кожнай сасны...

Зямля тлее, здалося яму тады. Такога ён яшчэ не бачыў...

Ён доўга ляжаў, закрыўшы рукой вочы...

Тады чамусьці ўспомніў, як у вайну ў інтэрнаце выварочваў рэчавы мяшок і вытрасаў сухія хлебныя крошкі...

Калі Завішнюк падымаў руку — агонь ад лямпы біў у вочы, і тады хацелася адвярнуцца да сцяны. Можа, лепш было б патушыць лямпу, позна ж, але ён ведаў, што ў цемнаце яшчэ цяжэй будзе аднаму, што ён не засне.

На двары ляпалі вароты, дугалі нагамі людзі, скрыпеў асвер ля студні — прыходзілі, мусіць, ад Акцызніка па ваду. Грасыльды не было дома, ці то не прыйшла яшчэ з фермы, ці, можа, проста, надаіўшы карову, заседзелася з бабамі дзе на прызбе...

У парозе бразнула недзе на судніку парожняя міска, зазвінела. Завішнюк здрыгануўся, адплюшчыў вочы і зноў доўга глядзеў у столь. Калі раптам недзе далёка на вуліцы загаманілі людзі, яму стала радасна на душы і... зноў балюча.

Калі ён зноў звёў вочы — убачыў далёка на чыстай лініі жоўты акраек зямлі і Жэньку...

Ён злавіў сябе на тым, што думае: як ён баіцца згубіць гэтага чалавека... Яшчэ не знайшоў, а ўжо баіцца згубіць? Не. Ён знайшоў, і знайшоў даўно, можа, тады, у той дзень, калі яна пераступіла першы раз парог у лясніцтве. Ціхая-ціхая — ні слова, і сарамлівая — вачэй не падымае. Яе чорныя валасы тады былі падстрыжаны — цяпер яны адраслі і закрываюць шыю — і спадалі на лоб да вачэй. Завішнюк тады падумаў, што ў дзяўчыны вузкі лоб, і яна яго хавае пад валасамі. Завішнюк не любіў, калі ў дзяўчат вузкія лбы. Смешна...