Жэнька раптам адвярнулася ад Чаркашына, нават ён, Завішнюк, такога не чакаў.
— Нічога... — Чаркашын пацішэў і ўсміхнуўся.— Сама да мяне палезеш у кабіну. Прыйдзе час... А ты, у акулярах... Не кусай пазногці. Запішы нумар... Запішы. Акуляры толькі трымай: з носа зваляцца. Я знаю, хто ты. Смарчок... Яшчэ нам гразіць. 3 такімі мне ў кабіне цесна. Це-е-сна... Ну, чорная... Я цябе даўно ўгледзеў з-за дрэва ў нашым лесе. А ён не такі вялікі... Знойдземся...
Да яго падбегла была Света.
— Белых не люблю і не важу. Смятана...— Ён не даў ёй сказаць і слова.
У Завішнюка і цяпер яшчэ стаяла ў вушах, як бразнулі, аж трэснуўшы, дзверцы, як зазвінеў ад натугі матор і забразгаў ланцугамі, скачучы па мосце, прычэп.
Чаркашына як і не было. Доўга толькі яшчэ на шашы пахла дымам.
Пасля яны доўга стаялі і маўчалі,— мусіць, злавалі адно на аднаго. Тады забыліся на Чаркашына і на ягоны прычэп: трэба было ісці — вечарэла.
...Завішнюк і не заўважыў, як зноў спыніў каня і пачаў папраўляць хамут. Хамут быў малы, цёр каню шыю, і конь дрыжаў, калі да яе дакраналіся рукі. Пасля Завішнюк падышоў і пагладзіў "маленькага Чаркашына" па белай галоўцы. Той задзёр угору носік — у роце ў хлопчыка была цукерка: ён сядзеў, як надзьмуўшыся, і жмакаў рукамі лейчыну.
Да Завішнюка падышла Жэнька. Вочы яе, чорныя ўдзень, блішчалі цяпер, як ад агню. Гэта ад злосці.
Яна падняла руку, відаць, хочучы тузануць яго за крыліну пінжака, але толькі сказала:
— Дакуль вы будзеце нас мучыць? Эх, вы-ы...
Пасля моўчкі са Светай пайшла пасярод грэблі да вёскі.
Завішнюк пастаяў яшчэ ля воза. Хлопчык маўчаў, падымаў галаву і глядзеў усё Завішнюку ў вочы — баяўся, відаць, без маці з чужымі людзьмі ехаць дамоў.
Завішнюк правёў каня за аброць, пасля сышоў з ездавой дарогі на сцежачку ля канавы — следам за дзяўчатамі. Падумаў, што Жэнька так сказала яму другі ўжо раз. Першы — ён не помніць ужо калі — недзе на пачатку лета, калі да яго ў Мсціжаўскі лясгас прыслалі дзвюх практыкантак. Прыслалі іх з тэхнікума, дзяўчатак яшчэ зусім, памочнікамі таксатара. На ўсё лета.
— Зарабляць прыехалі?..— самае першае спытаў ён у іх — прыйшло ж у галаву! — і вось тады яна яму выпаліла... Запомніцца... Тады, мусіць, ён і пачуў гэтае: "Эх, вы-ы..." Цяпер ён ведае, што Жэнька гаворыць "Эх, вы-ы..." толькі тады, калі ад злосці больш нічога не можа сказаць. Жэнька злосная...
"Лета... Мсціжы..." — Завішнюк ішоў паволі сцежачкай ля канавы, утоптанай, белай у цемнаце ад пяску-сіпаку.
Да моста з горкі ён спускаўся разам з калёсьмі, узяўшыся за ляжэйку. Калёсы тут ужо не ляскаталі, як па грэблі: калдобіны былі засыпаныя жвірам; за ракой на выгане, дзе, відаць, збіраліся нанач калгасныя начлежнікі, далёка ў тумане гарэў сляпы агеньчык — блішчаў, як жоўтая плямка на вялікім белым абрусе. Толькі за рэчку, у аселіцы да вёскі, туман не асмельваўся пералезці і павіс над берагам. Так, бывае, кідаюць з берага раскручанае палатно, якое прынеслі бяліць,— канцом у раку.
У вёсцы добра былі відаць чорныя ліпы над хатамі. Крычалі на ўсю вуліцу дзеці; далёка, у другім канцы, дзяўчаты спявалі штосьці працяжнае і незнаёмае. Завішнюку рабілася сумна і неяк трывожна ад таго, што ён не ведае ні гэтай песні, ні тых, хто спявае яе, што ён многа, многа чаго не ведае ў Лонве.
Чамусьці яму стала шкада сваіх дзяўчат. А яны, выходзіць, нікуды далёка ад яго і не ўцяклі. Стаяць вунь за мостам на тым беразе ракі.
— Хай ён давязе... Ну... давязе туды, дзе мы будзем начаваць. Як я хачу спаць, як хачу спаць...— Жэнька першая загаварыла да яго, і ён атрос далонямі спераду свой пінжак, нібыта выцер ад пылу. Заўсёды ён так рабіў, калі на яго раптам звальваўся клопат. I сам гэта ўжо заўважаў.
— Хай давязе...— адказаў ён Жэньцы і папраўляў усё на носе акуляры: яму здалося, што ён сёння ўвечары праз іх нічога не бачыць.
За мостам адразу пачыналася вуліца. Павярнуўшы па ём направа, яны ціха праехалі праз канец вёскі, не сустрэўшы ні адной жывой душы.
Ужо ў вёсцы Завішнюк быў разгаварыўся з хлопчыкам. Выйшла, што той — ягоны цёзка: яго звалі, як і Завішнюка, Толя.
Завішнюк сказаў яму, куды пад’ехаць. Хлопчык добра ўсё ведаў, хоць быў зусім малы.
Яны спыніліся на вуліцы ля вялікіх, зачыненых з двара варот з новай жоўтай сасновай брамай. Склалі на лаўцы, што была ля частаколу, скрынкі і адпусцілі хлопчыка з падводай. Жэнька зноў сунула яму нешта ў рукі.