Выбрать главу

Шафёры, раскачваючыся і прытоптваючы, хто важна, стройна, як на свята, а хто сарамліва, як усё роўна ў канторы палучаў малую зарплату — Завішнюк ведаў такіх,— з парога падбіралі, падчышчалі ад сцен усіх дзяўчат і вялі Ў круг.

Хутка і лавы ўсе былі чыстыя, на іх цяпер прымошчваліся і выціралі плячыма сцены тыя, хто мо ніколі за жыццё не прытопнуў нагой нават п’яны... У іх з-за плячэй вытыркаліся стрыжаныя галовы дзяцей. I як туды пазашываліся дзеці? I тыя былі тут, што лазілі на вуліцы ў рабіны. Двое белагаловых, са шлейкамі на белых кашульках. Трэцяга Завішнюк не запомніў. Да дзвярэй з бакоўкі падышлі жанчыны, пасталі і, гледзячы на леспрамгасаўцаў, ківалі толькі галовамі. Адна з іх была сумная-сумная, пасля заплакала і пачала выціраць вочы, як гэта рабіла часта Грасыльда, ражкамі хусткі.

Завішнюк падумаў, што яна ўспомніла, гледзячы на поўную хату мужчын, сваіх такіх жа хлопцаў-танцораў, якія не прыйшлі з вайны і ніколі не прыйдуць...

Дра-да-да... Дра-да-да...— цяпер ужо, здавалася, крышыцца падлога і ляцяць з-пад кірзавых ботаў у шафёраў і грузчыкаў адны трэскі...

Пасля Завішнюк заўважыў, што ў іх з-пад ног падымаецца толькі пыл — густы і сівы. Падлога ў хаце была зліта вадой — высахла за колькі хвілін.

Калі расступаліся ў крузе пары, Завішнюк бачыў на самым покуце вялікі белы гармонік на каленях у кучаравага хлопца з кепкай на патыліцы. Гэта яго он прыкмеціў на вуліцы. Гармонік у яго ў руках то дрыжаў, то падскокваў, расцягваўся і рабіўся доўгі-доўгі, на ўвесь покут, то сціскаўся, заміраў і толькі ледзь-ледзь варушыўся — дыхаў. Музыка лілася бадзёра, роўна, пералівалася, бы рака, у якой плёхалася тысяча рыб, шумела, як малады лес, калі на яго паляціць вецер і трэпле, трэпле, аж ломіць сучча, пасля рабілася лагодная-лагодная, як лес летам раніцай у пагоду, калі ажывае і трапечацца, цягнецца да сонца ўсё ў ім жывое, а ты не бачыш, табе здаецца, што ўсё застыла, спавілося сінечай і спачывае, спіць, як і ўся зямля...

А за сінечай недзе далёка-далёка ў канцы лініі на Каралінскай пасецы — жоўтая палоска. Яна свіціцца і праз сінечу і праз туман... Завішнюк успомніў, што гэта града, колішняя пагранічная града, якую нааралі ў лонваўскіх лясах у дваццатым годзе і да трыццаць дзевятага па ёй не прарасло ні зярняці — усё знішчаў чалавек. Гэтулькі сасновага насення прыносіла сюды ветрам з Сырніцы, з сасновага бору, з Каралінскай пасекі, а яго выбаронвалі, выполвалі кожны дзень, каб на градзе не рос лес. Града — граніца, на градзе пазнаеш след...

Завішнюку пасля стала ад нечага аж горача ў грудзях. I лес, і сінеча, і гэта палоска-града — яны ягоныя... I Завішнюка ахапіла радасць ад таго, што яны ёсць на зямлі... Пасля было мякка на душы, здавалася, што нехта гладзіць па галаве, трэпле, растрасае валасы такой мяккай рукой і такой прыгожай. I яна пахне ўсімі сухімі травамі, якія толькі растуць на зямлі...

Яму ўспомнілася Жэнька... Здалося, што яна ціха ў лесе па мяккаму моху падкралася да яго ззаду і закрыла рукамі вочы. Ён аж уздрыгнуў; падумалася, што яна так ніколі не зробіць.

Дра-да-да... Дра-да-да...— стукалі аб сухую сукаватую і выбітую падлогу гумавыя абцасы ад кірзавых ботаў і жалезныя падкоўкі ад цяжкіх нямецкіх чаравік, якія невядома дзе дасталі аж праз колькі часу пасля вайны леспрамгасаўцы.

Было цесна аж ля сцен. Ніякага круга не было — варушылася, тоўхалася і ківала галовамі ўся Палюшына хата-канцылярыя.

Раптам захліпнуўся белы гармонік на каленях у кучаравага музыканта, які сядзеў цяпер без кепкі: яна спаўзла, відаць, у яго з галавы і звалілася недзе пад лаву. Усе спыніліся, маўчалі і не разыходзіліся — набралі былі імпэту. Толькі дзяўчаты пачалі выслізгваць з-пад рук у леспрамгасаўцаў і ціснуцца то ў пакой за перагародку, то да дзвярэй, хаваючыся за спіны тых, хто стаяў у парозе,— не ўсе дзяўчаты былі рады, калі іх валтузілі па хаце п’яныя грузчыкі. А тыя не разыходзіліся, бо не ведалі, чаму заціх гармонік.

— Чаркаш-шын!..— пранеслася раптам па хаце, як зашумеў вецер.

Завішнюк угледзеў, як праз адчыненае ад вуліцы акно ў хату на самы кут, дзе сядзеў музыкант, працягнулася доўгая ў белым рукаве рука — што бярозавае метровае палена. Працягнулася, дастала да белага гармоніка і лягла на мяхі...

І-і-іем...— енкнуў гармонік на каленях у кучаравага гарманіста і змоўк. Гарманіст таргануўся на куце і аж ускочыў 3 лавы. Але падняцца яму не давала рука ў белым рукаве — цяпер яна ляжала ў яго на плячы. Тады музыкант неяк вывернуўся з-пад рукі і, прыціспуўшыся да сцяны, утаропіўся ў акно.