Выбрать главу

— Га-га-га... Га-а-а...— пасля заржаў ён, што конь.

I толькі тады Завішнюк угледзеў, што ў акне стаяў чалавек. Чалавек быў у белай кашулі на такіх шырокіх плячах, што яны закрывалі ўсё акно, як бы яго завесілі абрусам. I толькі ўгары над белай кашуляй у маленькай чорнай праёміне акна варочалася знаёмая галава. Доўгая, з выцягнутым тварам, коратка падстрыжаная. Чорная пасма валасоў была прылізана з правага боку лба над самым брывом, як бы там прыліп шырокі і крывы жаночы грэбень. Нос у чалавека быў тонкі, доўгі і прыгнуты ўніз. Калі чалавек загаварыў, Завішнюк спачатку ўбачыў прыгожыя белыя зубы, а пасля пачуў чысты голас-бас:

— Перакур, чумакі!.. 3 драматой!.. А ты-ы...— ён прыняў руку з белага гармоніка і паклаў яе, растапырыўшы пальцы, на кучаравую галаву гарманіста,— аддыхні. Разанеш барыню. Мне!..

— Давай сюды, Чаркас... Праз акно... Скакай!..— закрычалі яму аднекуль з парога.

Леспрамгасаўцы расступіліся, ціснуліся да сцен, давалі месца пасярод хаты. Відаць, хацелі паглядзець на Чаркашына — той, мусіць, умеў танцаваць,— а мо і баяліся яго. Ды і музыка ж маўчаў, не граў. Завішнюка зусім прыціснулі да сцяны, ён стараўся як-небудзь пралезці наперад, але яму не ўдавалася; ён тады стаў на дыбачкі, але заміналі галовы па хаце. Яму нечым спадабаўся сёння ўвечары гэты вялікі чалавек — захацелася паглядзець на яго самога і на ягоны танец.

- Давай, Чаркас, праз акно!..— крычалі ўсе ў парозе і смяяліся. Завішнюк убачыў там маленькага Вярбіцкага ў цюбецеечцы і гарбаносага белагаловага Калясня.

— Карчма на плячах астанецца...— Чаркашын адхінуў рукою кучаравую галаву музыканта і паказаў на хату: — Расступіцца! Хай падлога астыне...

Людзі расступіліся адразу і ў самым парозе. Чаркашын паявіўся ў дзвярах гэтаксама, як і ў акне. Прасунуў доўгія рукі ў белых рукавах і пачаў адчыняць другую палавіну дзвярэй — была адчынена толькі адна. Чалавек штукаваўся — любіў, відаць, гэта, і за гэта яго, мусіць, любілі, бо ў праёміну дзвярэй магла пралезці яшчэ палова такога Чаркашына, яны ў некалішняй карчме былі, як брама.

Дзверы ў яго руках адляцелі адразу, ён піхнуў іх недзе ў сенцы, дзе яны глуха стукнулі аб сцяну, і пайшоў праходам. У начышчаных ботах, у чорных штанах і белай кашулі. Высокі, аж пад столь, плячысты, што воз сена, стройны і роўны, што сасна ў бары, смуглявы і вясёлы, з усмешкай на белых зубах, як у дзіцяці, ён ішоў на круг... Усе маўчалі, маўчаў і музыкант — відаць, чакаў яго каманды.

Раптам усе зашумелі — нехта аж захліпаў ад смеху — і сталі паварочваць галовы недзе да грубкі, не глядзелі ўжо на Чаркашына. Завішнюк убачыў, як, перваліўшыся цераз парог і стараючыся ўхапіцца Чаркашыну за штаны, куляўся, што падстрэлены звер, Андрэй Акцызнік. Расхрыстаны, з мокрым тварам і бліскучай лысінай пад рэдкімі сівымі валасамі ў заляпаных аж з халявамі шырокіх гумавых ботах,— і ён цягнуўся на круг, як сабака за сваім гаспадаром, які тут яго пакорміць.

Завішнюк здагадаўся, што Чаркашын піў увесь вечар у Акцызніка і сёння зусім спаіў яго. Нашто толькі прыцягнуў на вечарынку?..

Выйшаўшы на сярэдзіну хаты, Чаркашын спыніўся і пакланіўся — нізка пакланіўся, здавалася, пераломіцца ў паясніцы, у кут, не туды, дзе сядзеў музыкант, а ў другі кут, дзе стаяла старая канцылярская шафа з паперамі наверсе... Завішнюк аж здрыгануўся: там на лаве прыхінуліся Жэнька са Светай. I як ён, Завішнюк, не ўгледзеў іх дагэтуль?

Пасля Чаркашын махнуў рукой музыканту, нібыта сыпнуў яму жменю манет, і адразу ж топнуў нагой. Пачуўся рэзкі стук, бы дзе стрэліла калясо пад прычэпам.

Гарманіст разануў такую барыню, што, здавалася, пасыпаліся з машыны на беразе Віліі аж у ваду сухія бярозавыя дровы-метры — даганялі адно аднаго і звінелі, як звон.

Чаркашын прайшоў па шырокім крузе, шырока размахваючы рукамі ў такт нагам, і раптам спыніўся ля Андрэя Акцызніка — той стаяў і зыбаўся на нагах — і, паказаўшы яму на хату, закрычаў:

— Пратапчы!.. Цвёрда!..

Акцызнік адразу задраў галаву, расставіў рукі і выкінуў уперад нагу ў шырокім гумавым боце. Пасля яго страсянула ўсяго, і ён завалюхаўся па хаце, не адрываючы ног ад падлогі, кульгаючы і спатыкаючыся... Здавалася, падлогай пацягнулі мех, набіты мякінай, і яна цярусіцца праз дзіркі...

— Давай, давай!.. Танчы-ы-ы-ы...— Чаркашын прысядаў, пасля выпростваўся і, выцягнуўшы руку, ішоў па хаце, нібыта вёў Акцызніка на павадку.

Акцызнік топаў нагамі, бы мясіў на вуліцы гразь, згінаўся і адгінаўся, нібыта падымаў дровы і грузіў на машыну, матляў галавой з боку на бок — яго хістала. Пасля ён, мусіць, добра разабраў музыку, падскочыў, як малады бычок, якога ўкусіў авадзень, прыгладзіў дзвюма рукамі рэдкія валасы на лысіне — яшчэ помніў, што трэба рабіць,— і... грымнуўся на калені — пайшоў упрысядкі...