Выбрать главу

— Га-га-га...— аж загрымела ў хаце: Чаркашын са смеху схапіўся за жывот.— Танчы-чы-ы... Мясі... Лысая патэльня... Раўняй, раўняй... У-у-у... звіўся...— Ён нагнуўся над Акцызнікам, пастаяў і шлёпнуў яму даланёй па лысіне.

Старая Палюшына хата стагнала ад смеху. Здавалася, падымалася і апускалася столь.

Людзі хлынулі зірнуць на Акцызніка, што ён робіць на падлозе,— Чаркашын зноў адапхнуў усіх да сцен. Завішнюк адчуў — там, дзе ён стаіць, трохі параскашнела, і злавіў сябе на тым, што падумаў: Чаркашын любуецца сабой і здзекуецца з чалавека. Спаіў і прывёў паказаць. Падумаў пасля яшчэ, што варта Акцызніку, што чалавек самахоць бразнуўся на калені і што яго цяпер трэба будзе радымаць...

— Хлопцы, хлам — з дарогі! Я еду...— Чаркашын аж дрыжаў, як перагрэты матор у машыне.

На хату выбеглі Вярбіцкі ў цюбецеечцы і Калясень, узялі Акцызніка за рукі, за ногі і павалаклі да дзвярэй — на вуліцу.

— Заснуў... Заснуў...— рагаталі ў парозе.

А Чаркашын, вялікі і прыгожы, хітры і задаволены, паплыў па хаце. Ціха-ціха, нават дзіўна было, каб такі рослы чалавек так нячутна ішоў на сукаватай і пашчапанай старой падлозе... Пасля ён трасянуў стрыжанай галавой — рассыпалася пасмачка валасоў на лбе, адкінуў галаву назад — надулася шыя, узмахнуў рэзка і спрытна рукамі і падскочыў угору... Тады, падаючы на адно калена, закруціўся па крузе — пайшоў, пайшоў упрысядкі.

— І-і-і-эх!..— узмахваў і ўзмахваў ён рукамі, падаў і падаў на адно калена... У белай кашулі і чорных штанах, ён цяпер быў падобны на падстрэленага на балоце пад Сырніцай жорава, які вунь як хацеў і не мог падняцца з зямлі. Было ў гэтым, здавалася Завішнюку, нешта вялікае ад разгулу чалавека, прыгожае ад яго нязмернай сілы і трагічнае ад ягонай бездапаможнасці перад самім сабою...

— І-і-і-эх!..— Усхапіўшыся, Чаркашын стаў дробненька-дробненька перабіраць абцасамі. Дробненька і ціхенька. Зноў сціхла Палюшына хата, і нехта ў парозе з мужчын прашаптаў: "Пайшоў сваю чачотку. Ну і даёць..." "Малоціць, як цапамі ў вайну..." — уздыхнула яму ў адказ Палюха з дзвярэй, што вялі ў каморку.

Чаркашын перабіраў нагамі і стаяў на месцы, як дрэва, якое падрэзалі з двух бакоў, а яно дрыжыць, пагінаецца і зноў адхінаецца назад, не падае. Вялікае дрэва цяжка скінуць з пня. Пад абцасамі ў Чаркашына, здавалася, вышчэпліваюцца са старых дошак у падлозе засмаленыя сукі і пырскаюць на застолле, да гарманіста, як іскры, як дробныя трэскі з-пад сякеры.

Людзі зноў сціснулі круг: здалёку ж не ўгледзіш, як ходзяць у чалавека ногі.

Завішнюк цяпер толькі бачыў, як матлялася над усімі галава з боку на бок, што шапка сланечніку ў гародзе ад ветру; адтапырвалася, надзімалася на спіне, што мех, белая кашуля, увачавідкі цямнеючы,— мокла ад поту; як знікалі, пасля зноў выскоквалі з грамады шырокія плечы, як пасля яны зноў пайшлі на грамаду, распіхалі людзей.

— Рас-с-ступісь!.. Кру-у-у-уг!..

Чаркашын пачаў адыходзіць спіною назад, да гарманіста, раскінуўшы рукі на ўсю хату. Усе адхіснуліся ў парог, дзе і месца там знайшлося.

Чаркашын на адну толькі якую хвіліну спыніўся, не адбіваў сваю чачотку, прыціх, справіўся нават махнуць далонню па лбе — паправіў валасы,— тады раптам з месца падскочыў вышэй лавы, дастаючы галавою аж да столі, распластаўся ў паветры, як птах, і ўпаў на рукі. Завішнюк пасля толькі ўгледзеў, як ён даткнуўся рукамі падлогі, страпянуўся, выгнуўся, што вуж, кульнуўшыся цераз галаву, і стаяў ужо на нагах... Не стаяў, зноў пайшоў па крузе, падаючы то на адно, то на другое калена, то круцячыся ўпрысядкі, як вялікі бярозавы ваўчок...

Хата стагнала — леспрамгасаўцы лупілі ў свае суровыя ад мазалёў, агрубелыя ад шрамаў і смалы, цвёрдыя, як дуб, далоні...

— Арціст!.. Арціст!.. Давай, Чаркас, маць яе так!..

Хата была заварушылася, затопала, гатовая ўся пайсці ў скокі, тады раптам змоўкла, насцярожылася, бо захліпнуўся гармонік, сціснуты здзіўленымі рукамі гарманіста. Стала ціха, як пасля раптоўнага дажджу.

Гэта Чаркашын быў спыніўся, стаў як укопаны і даў музыканту знак: маленькі адбой, і пайшоў, памаленьку пайшоў у кут да шафы, дзе сядзелі Жэнька са Светай.

Завішнюк чамусьці падумаў цяпер, што Чаркашын жа яшчэ зусім малады, яму, можа, якіх толькі трыццаць гадоў. I тады стала трывожна-трывожна...

Чаркашын падышоў блізка да самай Жэнькі — Завішнюк злавіў сябе на тым, што ведаў наперад: да Жэнькі падыдзе, а не да Светы,— пакланіўся, не так, як перш, а ніжэй — нізка-нізка, сагнуўся, упіраючыся галавой у шафу, і шырока павёў рукою аж ля самай падлогі. Завішнюк угледзеў, як пальцы ягонай рукі зачапіліся былі за насок бота.