Выбрать главу

Хата зноў заварушылася і ажыла, зашумела, засмяялася. Усе былі рады, нават такога не чакалі: Чаркашын просіць Жэньку, яны будуць удваіх ісці барыню. Усе хацелі на такое паглядзець, і хутчэй.

Жэнька спачатку зірнула сваімі вялікімі чорнымі вачыма на Чаркашына — здзівілася,— тады раптам зачырванелася ўся з твару і стала спалохана зыркаць вачыма па хаце — шукала ратунку.

Чаркашын пакланіўся яшчэ раз і яшчэ раз павёў ля падлогі рукой. Тады Жэнька адхінулася назад і прыціснулася да сцяны, хаваючыся неяк бачком за Свету, як птушаня за чужое крыло. Жэнька не хацела ісці ў круг, і Завішнюк ужо ведаў, што яна і не пойдзе, нізашто не пойдзе. Не тое што Света: сядзіць, толькі зубкі свае паказвае, нахінулася ўперад і стрыжэ, стрыжэ вачыма — так любуецца Чаркашыным. Яна пайшла б, пайшла б, але яе не запрашалі.

Чаркашын раптам павярнуўся на хату і пляснуў у далоні... Тады хата так запляскала, што здалося — з’ехалася на вуліцу аўтакалона і шафёры, згаварыўшыся, уключылі адразу ўсе маторы.

Чаркашын стаяў і ўсміхаўся. Цяпер ён рабіў тое, чаго хацелі ўсе, і быў смелы. Вунь які смелы...

— Не хочаш, знач, мая Чарнушка, ісці з намі, шафярамі?.. Чарнейшай баішся стаць? А мы папросім...— Ён яшчэ раз пакланіўся, ледзь-ледзь толькі і хуценька, і працягнуў руку.— Не хочаш? Зашываешся ў норку? Так, знач, не хочаш нясці-вязці культуру ў народ?.. Адказваешся...— Ён нават ведаў, што трэба перад усімі гаварыць.— А мы прасіць доўга не будзем. Мы — народ просты. Раз — і ў дамках...— Ён апусціў сваю доўгую і выцягнутую руку і паклаў Жэпьцы на калена.— Ножкі, можа, баляць, што цыпаць не хочаш? Дык мы цябе занясём на хатку... На ручках... Сілы хопіць. Ці, можа, баішся нас, мурзатых? Прыручым... Не такім рожкі ламалі...— Ён прыняў руку з калена і тут жа з сілай зноў хлоппуў па ім.

— Пусці-і-і...— ціха, зусім ціха, відаць, сціснуўшы зубы, прагаварыла Жэнька, і яе мала хто пачуў.

— Пракатаю-ю-ю!..— гэтаксама ціха, але груба адказаў ёй Чаркашын і тут жа, схапіўшы пад пахі, падняў з лавы, як нешта лёгкае-лёгкае. Жэнька не паспела, відаць, апамятацца, хацела ўхапіцца рукамі за Свету,— тая раптам адхінулася — не дастала, і цяпер махала толькі імі ў паветры. А Чаркашын, трымаючы яе пад пахі і падняўшы яшчэ вышэй ад падлогі, нёс на хату ў круг. Цяпер Жэнька стала круціць галавой — азіралася па баках — і махаць пагамі — вырывалася. Завішнюк бачыў толькі, як яе чорныя валасы растрэсліся і закрывалі ёй твар. Тады яна стала папраўляць іх абедзвюма рукамі.

Данёсшы на сярэдзіну хаты, Чаркашын апусціў яе асцярожна на падлогу, трымаючы ўсё пад пахі,— баяўся выпусціць. Ён ужо ведаў, што яна ад яго ўцячэ. Пры ўсіх. А ад яго ніхто яшчэ не ўцякаў... Не-е...

— Слёзкі, Чарнушка, схавай... А то мы іх вытрам. Шаўковай шафёрскай кашулькай...— Ён раптам выцягнуў адной рукой з-пад дзягі падол сваёй белай кашулі, павёў ім сабе па твары — высушыў пот — і зноў запхнуў пад дзягу. Хуценька, адным махам. Быў ён цяпер злосны, радасны і настырны, як чорт.

— Польку-у-у!.. Барыню мая Чарнушка не любіць. Не па сэрцу...

Музвкант быў напагатове. Нагнуўся на хату, выцягнуў шыю і трымаў белы гармонік на самых канцах каленяў... Польку ён урэзаў адразу, калі Чаркашын толькі павярнуў на кут галаву.

Чаркашын, трымаючы Жэньку пад пахі, выдаў ля яе такую чачотку, што недзе за перагародкай у Палюхі зазвінелі міскі. Пасля адарваў ад падлогі маленькую, стройную і кволую Жэньку і закруціў па хаце. Здавалася, гэта ён робіць у злосці, каб размахнуцца і кінуць яе некуды прэч за тое, што яна не пайшла сама з ім у танец. Не, гэтага танца ён не хацеў, не хацеў... Усе ж бачаць, што ён сваё не ўзяў...

Завішнюк угледзеў, як Чаркашын раптам даў музыканту другі знак рукой:

— Вальс! Полькі гарадскія не любяць...— і паплыў па хаце, цягнучы за сабой Жэньку. Яна маўчала, глядзела толькі ў падлогу і нават не пераступала нагамі. Нават не вырывалася — рабі што хочаш, а танцаваць не стану, не стану... Тады Чаркашын зноў падаў музыканту знак:

— Барыню... Разагрэць яе... Халодная... Змерзла на дажджы ў лесе за дзень...— і пайшоў шырокімі крокамі па крузе, ведучы яе за руку. Яна, відаць, забыўшыся, ступіла за ім. На хаце падумалі, што яна нарэшце наважыла і пакажа Чаркашыну, як трэба танцаваць, і запляскалі ў далоні. Тады Жэнька раптам уздрыгнула, рванула ад Чаркашына і застыла, закрыўшы твар адной рукой.

У хаце перасталі пляскаць у далоні. Прыціхлі, насцярожыліся. Цяпер усе ведалі — Чаркашын сарваўся на Жэньцы. Што ж ён будзе рабіць?

Жэнька больш не чакала. Яна пачала — што мела сілы — вырываць сваю руку з рук Чаркашына. Таму цяпер было ўжо не да танцаў: хацеў утрымаць яе ў крузе, а дзеля чаго, мо і сам ужо не ведаў. Жэнька выкручвалася, як толькі магла. Яе чорныя валасы сцёбалі яе па твары, па шыі...