Выбрать главу

Завішнюк пазнаў Юзэфу Шульгу і адазваўся.

Яна доўга маўчала, тупала па хаце, тады скінула з прабоя кручок і выйшла на ганак, уся захутаная ў нялікую чорную хустку.

— Жэнька дома?

— Дома. Прыйшла ж нядаўна... Ціхенька... Адна, без Светы. Раздзелася скарэй і ў пасцель. Я загаварыла — маўчыць. Як падмянілі дзяўчыну. А тая дзе, Света?

— Скажыце, хай Жэнька выйдзе. Я пачакаю на вуліцы.

— Скажу, чаму не скажу. Хай жа выйдзе. А дзе мой? Можа, спатыкалі?

— I твой і Света на танцах у канцылярыі... Паклічце Жэньку...

— На танцах? Мой... Ай-ай-ай... Ды ўжо ж, паклічу. Яна не спіць. Ляжыць ціха.

Жанчына хутка вярнулася. Выйшла на вуліцу, абціскаючы ля шыі чорную хустку.

— Не пойдзе. Спыталася хто — і не пойдзе.

Завішнюк гэтаму паверыў адразу. Пастаяў яшчэ трохі, памаўчаў. Маўчала і Юзэфа.

— Спакойнай вам ночы, цётка,— сказаў ён і пайшоў памалу сцежачкай.

— Дзякуй, дзеткі...— няскора яшчэ адказала яму Юзэфа.

Месяц зусім ужо схаваўся за Палюшыну вялікую ліпу, і на вуліцы яшчэ больш сцямнела. Завішнюк ішоў па гразі.

Раздзел сёмы

Лімб. Алідада

"Лімб і алідада зверху закрыты металічным чахлом..."

Над Юркам шумелі сосны...

"Лімб... Алідада..." — доўга думаў ён.

Яму здавалася тады, што ён ідзе Каралінскай пасекай з трыножнікам ад тэадаліта цераз плячо. На зямлю зверху падаюць сасновыя шышкі, б’юць па ўтаптанай сцежцы, як яблыкі ў садзе. Сыплюцца сасновыя іголкі, цярусяцца за шыю і колюцца. Юрка засоўвае тады руку пад галаву і абціскае сена. Доўга пасля ляжыць не варушачыся, з заплюшчанымі вачыма на сваёй мяккай пасцелі аж пад страхой і глядзіць угору. Праз патрэсканую драніцу ў хлеў на сена сочыцца белы месяц. 3 вёскі чуваць нечыя хрыпатыя галасы і нават як пяраць у Палюшынай хаце нагамі.

Недзе падыспадам шапаціць сена, асядае, і Юрку зноў здаецца, што ціха-ціха шумяць сосны і што ён ідзе з лентай па Каралінскай пасецы. Нацягнуў ленту туга-туга, як маці пражу-аснову, накручваючы на навой, калі пры немцах ткала кросны. Лента чапляецца на зямлі за сухі багун, звініць. А Юрка цягне яе, цягне — нават так не вучыў рабіць і Завішнюк. А на другім канцы ля ленты, прыпаўшы на адно калена, нагнулася Жэнька. Юрка бачыць, як яна совае і совае бліскучы жалезны прут у зямлю і ніяк не можа пракалоць яе... Відаць, на корч налучыла. Тады яна тузае ленту да сябе, паказвае Юрку, каб ён ступіў, ну хоць на паўкрока ўбок. Не, Юрка не ступіць, не адыдзе ад меткі... Не паслухае нават самой Жэнькі. Тады яна разводзіць рукамі — што ёй рабіць? Хай патрымае ленту ў руцэ... А то прыколе да зямлі, а сама гойсае па лініі...

"Лімб і алідада зверху закрыты металічным чахлом з двума аконцамі, праз якія адлічваюць лічбы на лімбе..." — стаяць у яго вушах незнаёмыя словы. Гэта Жэнька паўтарае за Завішнюком. Ён вучыць яе.

Калі Юрка не думае пра Жэньку, чуе тады, як зноў пад ім шапаціць сухое сена,— не зляглося яшчэ: нядаўна прывезлі з Цянёў з бацькам два вазы "балота", і цяпер яго ў хляве многа — аж за бэльку... I тады зноў ён ідзе праз Цяні з трыножнікам ад тэадаліта за плячыма, адзін, без Завішнюка і без Жэнькі, як Чумак з ручным кулямётам. За Цянямі, на бары, дзе да вайны рэзалі лес, хімгасцы рвуць карчы. Мусіць, прыехалі аднекуль гэтыя хімгасцы: яны — не лонваўскія. Лонваўскіх Юрка ведае, яны ў чорных фуфайках. Іх трое. А гэтыя — два мужчыны ў ваенных гімнасцёрках. I рвуць карчы не так, як лонваўцы.

Лонваўцы падважваюць пні — гушкаюцца на доўгім парубні і крэкчуць, крэкчуць... А новыя — рвуць аманалам. Юрка не ведае, як яны гэта робяць. Ні разу да іх не падыходзіў. Але пасля іх на пасецы астаецца бліскучая папера і вялікія парваныя рудыя мяшкі з паперы, укачаныя ў белы пыл, мусіць, аманал. I шнуры валяюцца доўгія і чорныя — пагарэлі. Шнуры Юрка бачыў такія ў партызанаў.

Гэта бікфордавікі, ён ведае. Запалі такі шнур — ён шыпіць і выкручваецца, што гадзюка, калі на яе наступіш... I дым ад яго горкі...

На пасецы пасля чужых хімгасцаў астаюцца яшчэ ямы. Глыбокія, як ад мін. I на дне ў іх — чырвоная гліна. Каля ям пушачкі ад капсуляў, новыя, з кардону, і казлякі. Казлякоў — што насыпана, але яны ўсе старыя, белыя, пасохлі ад сонца.

На пасецы рэдкія сосны, высокія — аж сагнуліся, самотныя, сіратлівыя. Калі глядзець на іхнія вярхі здалёку,— здаецца, што гэта чорныя воблакі недзе над Віліёй. Сосны накінулі некалі на насенне — і малады соснік ужо заслаў пасеку, схаваў з вачэй жоўты пясок, пні і верас з сіўцом. Соснік ладны — яго падкопваюць: дзяруць карэнне на кошыкі. Жоўтае карэнне валяецца ля самай дарогі, падымеш яго — пахне смалой і зямлёю.