Выбрать главу

На вуліцы яны стаялі доўга: у хаце не было нікога. Пасля Завішнюк ціха адчыніў вароты — яны зарыпелі, аселі і сунуліся, хоць і новыя, па зямлі. Па двары ён ішоў памалу і ўсё глядзеў у цёмнае акно. Дзверы ў сенцах былі "замкнёны": клямка надзета на прабой, у ім — доўгі сасновы сук.

На дварэ было ціха і адзінока. Завішнюк зноў адчуў, што ў яго стыне мокрая спіна, бы туды закінулі друзалачак лёду, маленькі, як змылачак. Ён, Завішнюк, падумаў яшчэ, што не чуе пад сабой ног. Здалося, што на двары па калені жвіру.

Месяц свяціў за хатай, і на дварэ стаяў змрок, але можна было пазнаць, што на студні новы зруб. Калі Завішнюк падышоў і апёрся на яго рукамі, адчуў, што зруб сыры і халодны. Пачуў, як на дно ў студню капала вада. Ён убачыў там краёк неба і зорку... Пасля ён глянуў на неба і ўгледзеў над фермай Вялікую Мядзведзіцу — яна паказвала сваёй доўгай худой лапай якраз на дарогу, на Мсціжы...

Ён тады апусціўся на калодку ля дрывотні: не хацелася вяртацца на вуліцу ні з чым. Сядзеў доўга, аж пакуль не ляпнулі вароты і цётка Грасыльда — ён адразу ж яе пазнаў — не загаманіла яшчэ на вуліцы:

— Каго гэта носіць поначы па чужых дварах? Адысціся няма як аднон, хоць бы да Акцызніка... Хаты няма як пакінуць... Вуглы разнясуць. Прыгоніць жа бура... Лаўку абселі на вуліцы. Хто гэта? Чужы нехта? — голас у Грасыльды мякчэў, калі яна падыходзіла бліжэй.— Божачкі... Хоць ты кліч каго... Сядзіць, во, ля самай студні, галаву ашчарэпіўшы. П’яны, ці што? Вось і кінь хату адну. Яшчэ і тых панаводзіў...— Яна паказала рукой на вуліцу.

Ён маўчаў, і Грасыльда, відаць па нечым, толькі ёй знаёмым, угадала — на двары нехта не п’яны — і сціхла — думала, мусіць, што рабіць.

Дзяўчаты паўставалі з лаўкі і падышлі, абаперліся з вуліцы на вароты.

Грасыльда, нічога не кажучы, паволі павярнулася і, ледзь перастаўляючы ногі,— думала ўсё нешта сваё,— пайшла да дзвярэй, выцягнула з прабоя сук, патрымала ў руках, пасля сунула яго недзе пад страху. Тады скінула клямку — тая глуха бразнула аб дошкі — і адхінула дзверы.

Завішнюк устаў і доўга глядзеў на Грасыльду. Твару яе цяпер ён не бачыў, але яна, відаць, зусім не змянілася. І акая ж рухавая, хоць і мажнаватая; на плечы накінуты светлы жакет — ён добра відаць у цемнаце на дварэ, на галаве закручана ў вузел каса. Грасыльда толькі, здалося яму, неяк паменшала ўся. А можа, гэта ён выцягнуўся за такі кароткі час — ад вясны?

Яна схавалася ў праёміне дзвярэй і доўга не паказвалася.

Ён падаўся да сяней. У хаце загарэўся агонь, праз двое адчыненых дзвярэй падаў яму на твар — нічога нельга было ўбачыць. Завішнюк начуў толькі, як на парозе Грасыльда пляснула ў далоні:

— Дык гэта вы... Адкуль жа гэта?..

— 3 дарогі... Са Мсціжаў. Зноў да вас, калі пусціце...— Ён зачыніў за сабою сенцы і доўга яшчэ стаяў на парозе.

— Калі пушчу?.. Ды я ж адна як палец...— Грасыльда памаўчала, бо была чуць не заплакала.— А я пазнала, што на двары нехта як свой. Чужы б так не сядзеў...— Яна паківала галавой і ўсміхнулася аднымі толькі вачыма. Ён убачыў, што твар яе, некалі шырокі і прыгожы, цяпер зусім пастарэў, асунуўся, выступілі скулы... Нават пры агні відаць ужо многа маршчын, глыбокіх і непрыгожых. Вочы яе блішчалі, мусіць, ад прыхаваных слёз. Блішчалі ад агню і яе белыя па галаве і ў касе на патыліцы валасы.

— А на вуліцы... жонка? — Яна спыталася і адразу ж падалася ад яго, можа, каб пабегчы да дзяўчат.

Завішнюк адчуў, што яму раптам цяжка стала гаварыць, але ён, хутчэй мо на мігі, сказаў ёй, хто там на вуліцы.

Грасыльда тады вярнулася, села ля стала, дзе гарэла лямпа, на ўслончык, глядзела на яго, Завішнюка, і маўчала. Пасля ўстала, узяла з шастка ля печы чорную хустку, ускінула на галаву — хавала валасы — і, выцершы ражкамі хусткі твар, так робяць у вёсцы жанчыны, сказала:

— Кліч тых у хату.

— Я пераначую сёння ў хляве. На сене...

— Кліч іх у хату. Што ж гэта я стаю, як дурная? Вячэраць жа што трэба. Малако ёсць кіслае, хлеб. Што ж гэта я стаю? Пліту падпаліць трэба... А спаць — і ў хаце ложкі ёсць. I табе і ім. 3 дарогі на дварэ... прастынеш... Я на печы лягу...

Света ўжо драмала на вуліцы, седзячы на лаўцы. Жэнька да яго, калі ён прыйшоў, нават не загаварыла. Ён тады пакратаў за плячо Свету; яна паднялася, нічога не кажучы, узяла скрынкі, піхнула вароты і пайшла на двор. Жэнька панесла за ёй чамаданы — цягнула аж па зямлі. Завішнюк узяў свае мяшкі, трыножнік і павалок на двор, як нешта зусім чужое.

Мяшкі пасля ён сартаваў адзін у сенечках. Бразджала лента, звінела і цокала нешта ў скрыначках,— ён баяўся тады, каб не пабіць тэадаліт.

Грасыльда вынесла на двор вядро з вадой і конаўку.