Выбрать главу

Юрка ўсё помніць, што бачыў за гэтыя дні на пасецы, усё ў яго стаіць у вачах. Нават ямкі і пясок, падняты на дарозе за Цянямі,— дарогу парылі краты. Учора днём над кратовымі ямкамі лёталі белыя матылькі, а на жоўтым пяску скакалі конікі-цвыркуны. А ля кратовых ямак — грыбы лісіцы выскачылі з зямлі, дробненькія яшчэ, і пабеглі дарогай, якраз там, дзе выбілі тор калёсы.

Юрка помніць, што кожную раніцу відаць сляды на пяску ля кратовых нор. Сляды тыя ад Акцызнікавых гумавых ботаў і ад ягоных, Юркавых, босых ног. Юрка пазнае кожны раз свае сляды — "босыя": ён носіць цяпер цяжкія бацькавы чаравікі на плячы і абувае іх толькі на лініі, дзе колецца, дзе можна прасадзіць нагу, а дарогай ідзе босы — так лягчэй ступаць і здаравей нагам і абутку, як кажа Акцызнік.

Раптам Юрку робіцца балюча-балюча, і тады нехта як адганяе ад яго сон. А здавалася ўжо, што яго, Юрку, пачынала атуляць сена, падымацца з бакоў і зацягваць шчыліны ў страсе, праз якія калоўся востры месяц,— лез са сваімі белымі шпількамі проста ў вочы. А цяпер нехта ўзяў ды раскінуў зноў сена, і зноў месяц рэжа вочы, нават калі іх заплюшчыш,— трэба адварочваць да сцяны галаву.

Юрка прыўзняўся і апёрся на локаць — локаць схаваўся ў сена. Тады Юрка сеў. Яму вунь як нудна. Ён чуе, як грукаюць нагамі ў Палюшынай хаце: да яе ад іх, Далінаў, недалёка. Ён мог бы ўскочыць, ссунуцца з сена — нават не злазіць па драбіне,— адчыніць дзверы ў хляве так, каб яны не скрыпнулі, і шмыгнуць праз рассунуты ля студні паркан на агароды. Не трэба і нагамі грукаць ля акна, каб пачула маці. Але Юрка не пойдзе. Не пойдзе на вечарынку босы. Дагэтуль ён хадзіў, бегаў з Валуйком і Сідаркам па вуліцы, тырчаў пад вокнамі і нават на куце сядзеў ля музыканта босы. А цяпер не будзе. I на вуліцы ля Палюхі блізка не пакажацца, хай там круціцца Сідарка з Валуйком. Ён мог бы і абуць вялікія бацькавыя чаравікі, якія носіць у лес. Яны стаяць на шафарні ў сенечках. Сенечкі яшчэ не запёрты на кручок — бацька не прыйшоў дадому. Але чаравікі сёння мокрыя і цяжкія. Ён забыўся іх паставіць на печ, каб падсохлі... Хаця заўтра ўсё роўна трэба лезці ў Сырніцы ў балота.

Калі ён нанава клаўся, пад ім асядала сена, шапацела і шапацела, а яму здавалася, што шумяць у Сырніцы сосны. Тады ён зноў усхопліваўся і, апёршыся на руку, падцягваўся і садзіўся вышэй. Пасля быў ссунуўся аж да самай бэлькі — ногі яго звіслі са сцірты, і ён пачуў, што ім холадна. Не. Ён не пакажацца босы нікому на вочы... Можа ўгледзець Жэнька... Тады засмяе. I так смяялася, што ён, мужчына, не выцерпеў сонца. 3 ног зваліўся... "Ну што гэта за мужчына?" Яна так і сказала, ён добра помніць. А хіба ён ад сонца зваліўся? Гэта Акцызнік так гаворыць. Ну хай і ад сонца. А яна? А яна што робіць? Ходзіць цэлы дзень па лініі і бубніць пад нос: "Лімб-алідада... Лімб-алідада... Лімб і алідада самі круцяцца вакол вертыкальнай асі... Вось вярчэння лімба мае адтуліну, у якой знаходзіцца вось алідады..." Падумаеш, вучыць... Ён, Юрка, і то скарэй за яе запомніў... Пачуў раз і — запомніў. I на тэадаліце пакажа, дзе лімб, а дзе алідада... Завішнюк паказаў, ён, Юрка, і запомніў адразу. А яна... алідада, алідада... Сама Алідада... Ён, Юрка, яе так і будзе зваць... Хай яна яшчэ раз яго зачэпіць, хай толькі засмяецца...

Юрка цяпер смелы. Ён нават можа і босы пайсці да Палюхі на вечарынку. Але калі ён хоча пайсці, яму тады робіцца холадна ў ногі, вунь як холадна і ўсяму, і ён адсоўваецца на старое месца і хавае ногі ў сена, як у нару. Доўга ляжыць, ні пра што не думае, пасля злуе на маці. Яна не пусціла на вечарынку. Ён пайшоў бы і без яе "пусціла", але яна вырвала з рук новыя чаравікі і замкнула ў куфры, у старым куфры, які ў апошнюю блакаду быў закапаны з жытам у гародзе. Чаравікі новыя, маці купіла іх "за грошы з крыдзіту" ў Даўгінаве ў нядзелю на рынку. Чаравікі чорныя, з сівымі брызентавымі халяўкамі, цеснаватыя. "Разносіш, як пойдзеш у школу. На большыя грошы не было",— сказала тады маці.

А сёння яна нічога не сказала. Вырвала з рук чаравікі і замкнула. "Кавалер..." — недзе падумала. Юрку сорамна, сорамна і крыўдна. Але ён больш ужо не злуе на маці і не будзе. Ён злосны на Жэньку. Вунь які злосны. Яна недзе думае, што ён хлапчаня, што ён ад зямлі яшчэ не падняўся, што ён... Пасля ён падумаў, што трэба было сказаць маці, што ён не будзе сёння гойсаць з Валуйком па вуліцы па гразі, не будзе "вешацца на платах" і "таптаць чужыя грады", а сядзе дзе ў куточку ці прыхінецца да сцяны і будзе ўвесь вечар глядзець, толькі глядзець, як танцуюць прамгасцы... Хіба ён сам пойдзе ў танцы?.. Людзі ж у вёсцы засмяюць...

Юрка думае, што каб ён гэта сказаў маці, яна б яго пусціла. Маці ў яго добрая... Пагладзіла б па галаве і пусціла. Нават каб і бацька "стаў перак дарогі",— яна б заступілася і пусціла... Юрка больш не злуе на маці, не-е... А Жэньцы ён яшчэ пакажа... "Лімб-алідада..."