Выбрать главу

— Капай-капай, жыдзянё... Сабе... Га-га-га... Даўно б я цябе на той свет справадзіў... вырадак бандзіцкі... У лес хавацца? Да партызан? А дзе яны? Сунуліся ноччу, а цяпер як мышы ў нары... Капай, рый сабе хату. Га-га... Шчасце яшчэ маеш... Сквёрся б у агні... жыдзяыё... Дзе вашы партызаны, га?!

Юрка пачуў, як зноў яму балюча ткнулі ў плечы рылам аўтамата, што тупым і цяжкім жалезным прутам.

"А чаму жыдзянё? — раптам падумаў ён.— Я ж не чорны, не. Я ж рыжы... і бацька рыжы..."

Тады яму мігнулася перад вачыма падвода... У Цянях, аж за балотам. На падводзе маці... Яна захварэла ў лесе. Яе калоціць другі дзень... Яна збіраецца з Грасыльдай нанач вярнуцца ў вёску. Яна не вернецца... Пачуе стрэлы, угледзіць дым... Яна астанецца ў Цянях. Туды немцы не сунуцца...

Як Юрку хочацца цяпер у Цяні... Але ў акопе кулямёт... Доўгі, чорны... Выткнуўся з пяску, як палка, і тырчыць, скіраваны ў лес, на Белую дарогу. Не пабяжыш...

За кулямётам сядзіць яшчэ адзін паліцай, не вылазіць з ямы... Не глядзіць нават на Юрку... Сваім заняты...

Чах... Чах...— зноў сячэ зямлю рыдлёўка, зноў коле босыя ногі жвір...

Юрка не хоча капаць сабе ямы, хай хоць цяпер страляюць... Хай страляюць... Але рукі дрыжаць і дрыжаць і самі падымаюць рыдлёўку, нічога з імі не зробіш...

Чах... Чах... — яма ўжо аж па грудзі... У рыдлёўцы доўгае цаўё, і Юрку ў яме з ёй цесна... Зноў з рота пайшла кроў, капае на пальцы...

— Глыбей! Глыбей!..— Юрка чуе, як над ім дыхае паліцай, сапе. Юрка баіцца павярнуць галаву: тады яму сыплюць пясок у вочы...— Глыбей!.. Глыбей!..

Раптам у акопе затрашчаў кулямёт, аж зазвінела ў вушах... Юрка ўбачыў, як бліснула з пяску доўгае полымя...

Па лесе пайшлі адгалоскі... I тады ўсюды засакаталі кулямёты: ля фермы, ля моста, ля старога крыжа на лагу і ў канцы гумнаў. Немцы баяліся начы...

Пасля стала ціха... Юрка нават чуў, як з-пад локцяў у паліцая, што сядзеў ля кулямёта, падаюць каменьчыкі на дно акопа і бразгаюць там аб нешта жалезнае... Пасля Юрка ўгледзеў, як высока над загуменнем у чырвоным ад вячэрняга сонца небе кружыць бусел. Маленькі-маленькі. Юрка ўгледзеў яго і адразу ж згубіў з воч... 3 вёскі цягнуўся густы сівы дым, цягнуўся нізка над зямлёй аж сюды да лесу, на загуменне, і засцілаў неба. Гарэла ўся вёска. Юрку здавалася, што гарыць не іхняя Лонва, а проста на вялікім-вялікім агні палае доўгае-доўгае бервяно ў смале...

"Як добра, што страляюць... Кулямёт чуваць у Цянях..."

Юрка ўспамінае, што яго не пускала з Цянёў маці. Як яна не пускала! Але ж у іх не было ўжо чаго есці... Усё асталося дома. Што яны надта ўправіліся ўхапіць з сабой...

— Канчай!.. Канчай!.. Жыдзянё... Жвавей! Га-га-га...

Юрку здалося, што паліцай дурны... Ён павярнуў быў галаву, каб зірнуць па паліцая, але ў вочы паляцеў жвір.

— Жвавей, шчаня! Растапчу...

Юрка чуе, як зноў на плечы яму апускаецца цяжкі бот. Зноў повен рот жвіру, мокрага, салёнага. 3 рук выпадае рыдлёўка... Няма, зусім няма на што аперціся... Згінаюцца калені, і Юрка падае тварам у халодны жвір, У яму.

— Тваю маць...

Юрка ўсё чуе, да макулінкі. Чуе, як лаецца і закурвае худзенькі паліцай, як трашчыць і трашчыць у канцы вёскі кулямёт, як бразгае нечым у акопе ля кулямёта другі паліцэйскі.

На шыю сыплецца і сыплецца зверху жвір... Там топчацца паліцай, той, худзенькі, з кароценькім чорным аўтаматам.

— Падымайся... бога маць!..

Юрка чуе, як у яго на плячах, у самым балючым месцы, цвёрдая, што костка, рука зграбла кашулю, як трэснула шлейка...

Юрка тады ўстаў сам. Яму паказаў паліцай вылезці з ямы і стаць на кучку жоўтага жвіру. Юрка ўсё рабіў, што яму паказвалі. Яму здавалася, што ён цяпер не ў полі на загуменні, а ў Цянях-балоце, увесь у ліпкай чорнай гразі, якая пахне гарам. Ён ніяк не можа выбрацца з прорвы. не можа дастаць рукой да лазіны. А яна дрыжыць перад вачыма, звісла з кургана... Юрка хоча ўхапіцца за яе, але не слухаюць рукі. Здранцвелі...

— ...Убога маць, жыдзянё!.. Маліся!..

Юрка не ведае, як гэта маліцца... Ён не бачыць, хто так яму крычыць...

Перад вачыма ўсё дрыжыць лазіна, мокрая ад вады. Ведама ж, над балотам... Вада сцякае ў Юркі з ілба. Вады поўныя вочы... Яна густая, ліпкая. Нічога не бачыш...

Кроў, зноў кроў... Мусіць, Юрка, як падаў, рассек аб камень лоб...

Калі лазіна на хвіліну схінулася з воч, Юрка ўбачыў на небе чырвонае зарыва і агонь у вёсцы. Агонь быў яркі і над ім мільгацелі цені — чорныя, вялікія. Юрку здалося, што гарыць зямля, гарыць загуменне і Цяні... Як яму хочацца ў Цяні...