Выбрать главу

Ён ступіў з халоднага жвіру... I тады яго лізнула доўгім і вострым языком балючае полымя... Дастала, мусіць, аж з вёскі... Ён адчуў, як яму стала горача-горача пад пахай... Мусіць, там загарэлася кашуля...

Ён помніў яшчэ, як моцна сціснуў зубы,— яму здалося, што ён ухапіўся імі за лазіну на кургане. Яна абарвалася. Вада ў прорве зрабілася чырвоная-чырвоная, аж белая, як полымя. I гарачая, што вар.

Нехта, мусіць, у вёсцы закрычаў Юркавым голасам... Нема-нема, як рвучы на сабе валасы.

Пажар патух. Зверху па Юрку пасыпалася чорная сажа...

Назаўтра пад вечар, калі немцаў у вёсцы ўжо не было і калі лонваўцы, хто астаўся жывы і вярнуўся з лесу, хавалі на могілках знявечаных агнём людзей, Грасыльда знайшла яго, Юрку, на загуменні, блізка ля дарогі. Ён выпаўз з ямы і яшчэ дыхаў — хрыпеў.

Грасыльда яму пра гэта расказала пасля, калі ён пачынаў ужо хадзіць і калі яны, Даліны, разам з Грасыльдай жылі ў адной зямлянцы...

"Лімб-алідада!.. Лімб-алідада!.." — нехта крычаў над ім Завішнюковым голасам.

Юрку здалося, што ён заснуў на Каралінскай пасецы. Ён усхапіўся і сеў, утаропіўшыся ў страху, туды, дзе праз шчыліну свяцілася цьмяная ўжо чырвоная палоска ад месяца...

Юрку было здалося яшчэ, што яго нехта душыць — цісне, схапіўшыся за шыю. Мусіць, ад таго ён захроп — моцна, на ўвесь хлеў — і прачнуўся... Ныла спіна, балела шыя — адлежаў, балеў пад пахай рубец. Даўно ён ужо пе ныў...

Тады Юрка ўспомніў, што, мусіць, сніў сон... Пажар і паліцая... Але чаму сон якраз такі, як усё гэта было ў блакаду? I чаму Юрка сасніў гэта першы раз за гэтулькі гадоў?.. У сне не так страшна... Тады было вунь як страшна. А можа, цяпер і не было б так страшна, Юрка ж падрос. А тады які ён быў...

Юрка пачуў, як на двары затупала маці,— ён пазнаў. Прыйшла да дзвярэй, падрагала:

— Ты спіш, сын? Га? Крычыш нема на ўвесь двор, аж я ў хаце прачнулася. Я ўжо думала, хто цябе тут душыць... I карова нешта на ланцугу тузаецца сёння. Ты спіш, сын? Ну спі...— Маці павярнулася і зноў пайшла па двары да сенцаў.— Апошнюю ноч... Больш я цябе не пушчу з хаты,— гаварыла яна ўжо сама сабе.— Днём нацягаецца па тым лесе, наморыцца і ноччу не спіць.. Дзіця яшчэ... Прывык валяцца на гэтым сене не распранаючыся... Хата ёсць... ложак...

Юрка пачуў, як у сенцах бразнула клямка: "Лімб-алідада..."

Ён тады зноў успомніў Жэньку. Не такую, як перш, а добрую, зусім добрую. Яна схілілася над ім і гладзіць яго па галаве. Яна ўсё ведае пра яго, ведае, што яго хацелі забіць паліцаі... Юрка нават чуе, як яна гаворыць, што ён яшчэ малы зусім і гаротны... Хай хутчэй падрастае... Гэта яна зноў смяецца з яго. Не, яна не ведае, што яго расстралялі былі паліцаі, калі палілі Лонву. Ён раскажа ёй пра гэта, раскажа. Ён скіне з сябе кашулю і пакажа ёй рубец. Пад левай пахай, на грудзях... Шырокі і сіні... Хай тады яна смяецца з яго, з Юркі...

Не, яна не будзе смяяцца.

Юрка зноў адваліўся на спіну. Ляжаў доўга — суцішыўся і баяўся крануцца. Шамацела сена — здавалася, што шуміць у галаве. За тынам стагнала карова, на ферме нехта ляпаў у жалеза — мусіць, вартаўнік ля малатарні ў парожнюю бочку ад газы.

Калі Юрка звёў павекі,— над ім зноў закалыхаліся сосны. Не адчэпяцца ніяк...

Пасля перад вачыма пацягнуліся доўгія старыя разоры на лініі — ад пажару. Яны жоўтыя ад пяску. На іх — воўчыя сляды, свежыя, аж цёплыя, здаецца. Мусіць, воўк прайшоў тут зусім нядаўна. Ён ходзіць — адзін — па лініі кожную раніцу, але Юрка яго ніколі не бачыў.

Ля воўчых слядоў — шырокія сляды ад Акцызнікавых ботаў і маленькія ад боцікаў Жэнькі. Побач — метачкі ад падковак, гэта чаравікі Завішнюка.

"На краі алідады два верньеры з нулявымі індэксамі..." — Юрка ўспомніў ягоныя словы.

Які добры Завішнюк. Ён усюды вучыць дзяўчат. Галаву ім, відаць, адурыў са сваім тэадалітам. Але так, мусіць, трэба. У дзяўчат — практыка.

Калі Юрка ўспамінае Свету — смяецца. Яна нічога не можа адказаць Завішнюку, калі той папытае ў яе пра тэадаліт і градусы або загадае ёй зрабіць праверку тэадаліта. Думае яна, думае доўга, круціць сваёй белай галавой з бяльматымі вочкамі, а тады як скажа што, дык Завішнюк аж заходзіцца ад смеху. I Жэнька з яе тады смяецца разам з Завішнюком.

Юрка сам бы узяў ды адказаў за яе ўсё Завішнюку, пра што ён пытаецца. Усё па тэадаліту... Бо Завішнюк запытае, пасля сам гаворыць усё. I не адзін раз. А хіба цяжка запомніць? Калі заўтра толькі не зможа адказаць Света Завішнюку, Юрка возьме ды сам адкажа. I ўсе "дэталі" пакажа на самім тэадаліце. Хай тады лыпае вачыма Света.

Хіба цяжка запомніць?

Тэадаліт — тры грэчаскія словы. Грэцыя — краіна ля мора. Юрка яе знае на карце. А "тэа" — гэта позірк, "одас" — шлях, "літас" — камень. Спачатку тэадаліт ставілі не на штатыў (штатыў — гэта трыножнік), а на камень. Тэадаліты бываюць дакладныя і звышдакладныя... Юрка ўсё запомніў, слова ў слова за Завішнюком... Тэадаліт мае тры пад’ёмныя вінты — пры дапамозе іх прыводзяць лімб у гарызантальнае становішча... На падстаўках, прымацаваных да алідаднага круга, ляжыць зрокавая труба — круціцца вакол асі... У зрокавай трубе ёсць акуляр. Юрка яго пакажа, сам колькі глядзеў у той бліскучы акуляр... Што ж яшчэ? Ага-а... Завішнюк гаварыў, што прататып (што гэта? трэба ў яго самога спытацца) тэадаліта — астралябія... (Нейкае нядобрае слова. Усё роўна як Акцызнік лаецца...) Астралябія — гэта даўнейшы тэадаліт. Яго маляваў у сшытку Завішнюк і паказваў дзяўчатам. Света хіхікала... Хіхікала, а не запомніла, што "астрон" — гэта зорка, а "ламбано" — бачыць. Ды такія словы яна ніколі не запомніць, калі нават не можа запомніць "алідадны круг" і "абрысную кніжку".