Выбрать главу

Што яна тады робіць у сваім тэхнікуме? Завішнюк казаў, што тэадаліт яны павінны былі ўжо прайсці...

Юрка, каб толькі навучыўся "лічыць" градусы і мінуты, сам бы рабіў усё тое, што робіць Завішнюк. I Свету вучыў бы. Не так, як Завішнюк. Юрка прымусіў бы яе вызубрыць усё, калі ў яе такая памяць. Хай бы ночы не гайсала на вечарынках, а сядзела над кнігай...

А Жэнька...

Юрка думае, што Завішнюк менш пытаецца ў Жэнькі і не смяецца з яе, калі яна блытаецца ў градусах. А і Жэнька блытаецца... А ён, Юрка, не заблытаўся б, каб толькі разабрацца, што да чаго. А колькі тут ля таго тэадаліта пастаіш надта... Завішнюк гоніць Акцызніка на лінію... А з ім — і Юрку. "Астралябія..." — лаецца тады на ўсіх Акцызнік і цягне Юрку з сабой на пасеку.

Трэба будзе папрасіць Завішнюка, каб ён расказаў, што гэта за градусы ў тэадаліце... Але Завішнюк не раскажа, пасмяецца толькі і Жэньцы ўсё перадасць. Ну і чорт з ім... Юрка і цяпер без яго справіўся б і з тэадалітам і дзяўчат бы вучыў...

Стаў бы ля трыножніка, узяў бы ў руку абрысную кніжку, тупаў бы нагамі — таптаў мох — і гаварыў бы, расцягваючы словы і папраўляючы акуляры (а нашто Юрку акуляры?):

— Пры здымку землекарыстання (што гэта за карыстанне?) спачатку на ўсіх вонкавых граніцах устанаўліваюць межавыя знакі (хм... знакі...) — слупы з курганчыкамі — на ўсіх паваротах граніц — і прачышчаюць паміж імі лініі так, каб можна было прыступіць да вымярэння ліній і вуглоў... (Мусіць, сам зазубрыў усё з кніжкі, як Света, і не спатыкнецца, як гаворыць.) Пры вымярэнні вуглоў вядзецца геадэзічны (што гэта такое? трэба будзе запытацца...) журнал, пры вымярэнні ліній — абрыс... (Нейкі абрыс.) Пасля "вяха адзін", "вяха два"... (Смешна нават. Рабы кіёк, толькі што доўгі і фабрычны, а завецца "вяха адзін"...)

Пасля Завішнюк "замацоўвае праграму":

— Жэнька! Прывесці лімб у гарызантальнае становішча.

Жэнька з падскокам, што каза, ідзе да тэадаліта.

— Жэнька! Атрымаць гарызантальную праекцыю вугла...

Тут Юрка нічога не разумее.

Калі і Жэнька і Света "прывядуць лімб у гарызантальнае становішча" і "атрымаюць праекцыю", Завішнюк пераходзіць да другога. I ўсё гэта ў полудзень, калі самы раз легчы ў цень на халодны мох ці збегаць апаласкаць пот да Парыпанавай студні.

Калі Завішнюк "пераходзіць да другой тэмы", ён кладзе на зямлю свой "абрыс" і пачынае, як настаўнік, дыктаваць — ходзіць, заклаўшы рукі за спіну, і ківае галавой. Нават і акуляраў не папраўляе.

— Першае — расчыстка трасы. Другое — вешкі на лініях. Трэцяе — вымярэнне адлегласці стальной дваццаціметровай лентай. Чацвёртае — вымярэнне вуглоў нахілу і пятае — запіс і вылічэнне ў палявых журналах...

Пасля ўжо, седячы на пні, Завішнюк разбірае самыя лёгкія пытанні.

— 3 чаго зроблены штатыў?

"3 буку ці ясеню каб не разбухаў ад вады..." — хоча адказаць Юрка, але адказвае Жэнька. А яны са Светай маўчаць.

Завішнюк у канцы "свайго ўрока" кожны раз задае "самае лёгкае пытанне" Свеце:

— Чым змазваюць ленту?

— Вазелінам... Не дурыце мне, Анатоль Вікенцьевіч, галавы...— Яна крутне галавой, што каза, бадучыся, бы і праўда хоча паказаць: галава ў яе занята другім, не дурыце яе.

Завішнюк смяецца і кажа, што адказала яна правільна і каб гэта ў тэхнікуме, то ён, Завішнюк, паставіў бы ёй за такі адказ пяцёрку. Света злуе і адыходзіць далёка на лінію. Жэнька тады доўга кліча яе вярнуцца назад:

— Света-а-а!.. Света-а-а!..

Голас яе ляціць па ўсёй пасецы, звонкі, чысты...

Калі яна сціхае — шумяць сосны. Не, гэта Юрка пасля работы ў Грасыльды на двары ля студні чысціць "сухой белай анучкай" — старым палатняным ручніком — ножкі, вінты, лімб, верньеры, трубы і ленту. Лепта аж пішчыць пад сухім ручніком. Юрка добра яе шаруе, не шкадуючы.