Выбрать главу

- Добры дзеыь, мужчыны...— Ён сказаў у парозе ціха, глянуўшы адразу за грубку. Пасля падышоў і падаў руку Завішнюку, тады павярнуўся і працягнуў яе Акцызніку. Рабіў ён гэта спавагі, не спяшаўся,— відаць, любіў здаровацца. Акцызнік павітаўся, але вачэй на старшыню не падняў. Пакратаўся толькі,— як бы адсоўваўся і даваў яму месца на ложку.

Міхал тады стаў хадзіць па хаце, заклаўшы рукі за спіну. Хадзіў і ківаў галавой, рассыпаючы глухія словы:

— Сушыла, сушыла, а цяпер уліло. А на полі — снапы. Падол не падставіш, неба вялікае. Але аблешчылася. Як думаеце, хлопцы, зноў стане на пагодзе? Хто дасць добрага чаго закурыць?..

Завішнюк развёў рукамі, паказваючы, што не курыць, а Акцызнік, не падымаючы вачэй, буркнуў:

— Учора ўсю сасмажыў. Добры чалавек, прыйшоўшы ў хату, сам частуе... А табе і "Казбек" можна кожны дзень курыць. Начальства курыць...

— Ну-ну... начальства... Я куру толькі самасад. Прывык. А сёння папуша слабая пад рукі папалася... Закурвай, Андрэй...— Міхал працягнуў яму скураны, чорны, выцерты партабак.— I не сядзі, як сыч. Сонца ўжо над хатай. Чалавека б чужога пастыдаўся. Штаны надзень. Свінства. Учора вунь на вечарынцы з Чаркашыным што вы вытваралі? На каго ты падобны?.. Устань, пахмяліся. Пройдзе. А ўчора і я па мордзе ўляпіў бы твайму Чаркашыну. Калі самі свінні, то рохкайце на сябе, чужых людзей паважайце... А то людзі нас перастануць паважаць...

Акцызнік раптам адкінуў далёка ад сябе з калень — аж на брыж — пасцілку і стаў ля ложка хістаючыся. Падцягнуў споднікі, тады, правай рукой — далонню — закінуў з патыліцы на лоб сівую пасму валасоў — прыкрыў лысіну, пасля паказаў рукой на маленькі ўслончык, што стаяў ля акна ад двара:

— Падай штаны, старшыня... I не рохкай надта ў мяне ў хаце...

Міхал як ступаў па хаце, так і прырос да падлогі. Пачырванеў, закратаў рукамі. Тады адбегся ў парог, дастаў з кішэні расчоску і стаў прыгладжваць валасы.

— Х-хм!..— Акцызнік прашлёпаў да ўслончыка, спрытна ўхапіў штаны і панёс іх у запечак, за грубку. Надзеў і зноў сеў на ложак, паклаўшы рукі на калені.

— Цябе людзі даўно перасталі паважаць, хоць ты і камандуеш імі. Ты пра гэта не думаў? А то — свінні... па мордзе... пахмяліцца...— перадражніў ён, скрывіўшыся, старшыню.— Ці не за гэтым прыбег так раненька? Ведаў, што я хмяліцца буду?.. А ў вёсцы, відаць, у баб не асталося пасля ўчарашняга, леспрамгасаўцы ўсё падчысцілі... Ге-ге-ге... Ён мяне раненька прыбег чысціць... Адмываць ад гразі, як свінню смаленую... Пры чужым чалавеку... А ты мне... А ты мне хто? Ты мне — шырака страна мая радная... Я свой карак яшчэ нікому не згінаў... Ні немцам, ні шмэнцам. А ты... Паказаць сябе цяпер захацеў. Відаць, перад начальствам прывык паказваць... I нямецкім, і савецкім. Таксатар ніякі не начальнік і не чужы чалавек. Ён мне больш свой, чым ты... А то ўжо...— Акцызнік быў памаўчаў.— Я табе вось што запяю: не можаш сякеры трымаць у руках — не бярыся і за сасну. Калені пасячэш... У-у-у... Ды я табе многа чаго сказаў бы пад гарачы язык... Сказаў бы... Свярбіць ён мне даўно... Толькі вось — хлапец у хаце...

— А ты скажы, скажы, не бойся... А можа, я і прыйшоў пагаварыць, а не хмяліцца з табой тваім паскудствам. Хто-хто, а ты ведаеш, што я даўно не п’ю, кінуў, што ў мяне жывот...— Міхал зноў супакоіўся і пачаў хадзіць па хаце, рукі за спіну.

— Кінуў... Позна. Калі спаліў яго... Хе-хе... Ну і чорт з табой. Пасля вайны, стаўшы старшынёй, ты ліў у яго, у свой жывот, як у сажалку... Сам спаліў... А мы ў гэты час кроў пралівалі на фронце. Хоць трошкі, а пралівалі.... Тут-то ў цябе рукі кораткі махаць на мяне... Кораткі...

Міхал Кастыцкі, пачуўшы такое, прыціх, не хадзіў па хаце і стаў надзіва яшчэ больш спакойны.

— Вось што... Не таго я прыйшоў да цябе, мой ты Акцызнік... Не маё персанальнае дзела рашаць. Пра ўсё гэта, што ты балбочаш тут, каму трэба — ведаюць. Райком ведае. I калі на старшыню мяне ставіў — ведаў. I солтысам да немцаў, калі Ігнася расстралялі, не сам я тады пайшоў, не сам... У штабе партызанскага руху ёсць дакументы. Ды і людзі тыя жывуць. Я і тады, мой ты Акцызнік, быў наш чалавек. А што ў калгасе не быў да вайны... немцам гэта больш за ўсё падыходзіла.— Міхал памаўчаў, і зноў пачаў хадзіць па хаце. Падышоў да стала, куды адступіў Завішнюк.— Я, Акцызнік, не хваліўся заслугамі нідзе і не хвалюся. I пяю гэта, можа быць, і не табе, як ты кажаш, а чужому чалавеку. Яму пра мяне ўсяго ўжо нагаварылі...

Акцызнік сядзеў на ложку і церабіў пальцамі калені, бы да яго са слоў старшыні нічога зусім не далягала.

Міхал тады падышоў да самага ложка: