Выбрать главу

Пасля ён нагнуўся над сталом, прынік да акна, доўга глядзеў недзе на ферму, тады адвярнуўся на хату. На ферме ён, мусіць, угледзеў Міхала — там былі людзі,— бо зноў да яго вярнулася ўтрапенне.

— Сякеру ён у мяне з рук... Дагавор... Ды я табе яго якраз і выставіў... Шыш! Сам, сам пайду на любую пасеку-шмасеку! На любую лінію... За любыя грошы... Галодны, не еўшы,— а сякеры сваёй табе не дам. Не дам, каб ты і хацеў. Я рабочы. Я люблю лес... Лес люблю!.. I я — не ты. Не ты... Не дам я ў твае паганыя рукі сякеры... I ніхто яе ў мяне не адыме... Сам іду, таксатар. На лінію іду. I твая пяцёрка мне не трэба. Хопіць мне і без яе... Пайду... Пайду... Мог і не пайсці, але пайду... Юзэфа-а!..— крыкнуу ён на ўсю хату, і, здавалася, гэта ад ягонага крыку самі расчыніліся дзверы.— 3 сабой мне чаго!.. На лінію іду. Есці не строй. Позна ўжо. Заспала. Пойдзем, таксатар. Ты, брат, відзеў, што ён за чалавек... Павесь — дык ён з пятлі выкруціцца. Не веру я ў яго байкі... Не веру... Мы з ім, брат,— "старыя друззя", як ты кажаш...

Калі яны выйшлі на двор, Завішнюк угледзеў, што ля парога, апёршыся на частакол і адвярнуўшыся спіною да хаты, глядзела недзе за гароды на раку Жэнька. Стаяла як збедніўшыся. I Света з Юркам перайшлі цераз вуліцу на гэты бок, пад частакол, на лаўку, да Акцызнікавага гародчыка.

Іх, Завішнюка і Акцызніка, прачакаліся...

Акцызнік, здавалася, аж прабег па двары да варотцаў, пасля далёка адкінуў іх ад сябе — расчыніў насцеж расчыненыя ўжо — і, перамераўшы шырокімі крокамі пясок на вуліцы, падаўся дзядзінцам да фермы. Скіраваў на загуменне — ішоў напрамую, праз Цяні, на Каралінскую пасеку.

За ім падаліся Юрка са Светай.

Калі Завішнюк быў ужо ў варотах, яго аклікнула Жэнька. Падышла, стала і стаяла, апусціўшы вочы. Не глянула ні разу на яго. Тады сказала:

— Вы на мяне не злуйце... што не выйшла ўчора. Не злуйце...

Сказала і пабегла даганяць Свету.

Завішнюк стаяў, як разгубіўшыся. Не ведаў быў адразу, што рабіць. Тады стаў зачыняць варотцы. Пасля зашчапіў іх на кручок.

"Які сёння цяжкі дзень... Які цяжкі... 3 самай раніцы...— падумаў ён.— А якая цяжкая была ноч..."

Ягоныя людзі ўжо міналі ферму.

"У каго тэадаліт? У Юркі? Так і забыцца можна. Трэба дагнаць іх. Хлопцу недзе цяжка..."

Неба над Лонвай стаяла чыстае і — пасля хмар — аж блішчала, усё роўна як памытыя ў хаце ў суботу вокны. Сонца было гарачае — пякло з самай раніцы.

"Які сёння цяжкі дзень...— зноў падумаў ён.— I гарачы... Цяжкі і гарачы..."

Раздзел дзевяты

Парыпанава студня — другі расказ Грасыльды

Завішнюк стаяў, апёршыся на вароты, і глядзеў на вуліцу. Вуліца была пустая, толькі ля Акцызніка на лаўцы сядзелі Юзэфа і Жэнька са Светай. Сёння яны, відаць, нікуды не хацелі ісці і, пасля вячэры, мусіць, адразу збіраліся легчы спаць. Сёння і дзяўчатам хапіла — за дзень пад сабою ніхто не чуў ног. Выйшлі з Каралінскай пасекі аж пад Сырніцу. Лінія вяла якраз самым балотам — месцамі правальваліся ў твань па пояс — і ішла па былыя партызанскія лагеры. Там яшчэ, гаварыў Акцызнік, зямлянкі не разбураны — залазь і жыві...

Вечарэла. Было ціха. На ферме сёння кончылі малаціць і пагналі трактар у другі канец вёскі па загуменню.

Ля варот было чуваць, як ціха пра нешта гавораць з Юзэфай дзяўчаты. Не смяюцца і не падскокваюць на дзядзін-цы, як раніцай. Завішнюку стала шкада іх. А ён сёння быў увесь дзень злосны і ганяў іх з лентай і вехамі па лініі, прымушаючы перамерваць балота дзе аж па два разы.

Што падумае Жэнька? Падумае яшчэ, што ён на яе пакрыўдзіўся за ўчарашняе... Яна ж яго перапрасіла... А ён, можа, ад гэтага быў такі ўтрапёны, што нават у акуляры тэадаліта ў яго ўвесь дзень зліваліся ў адно і паласатыя вехі, і нізкія на балоце бярозы. Ён бегаў, як чорт, не глядзеў ні пад ногі, ні на дзяўчат.

"Вехі!.. Лявей... Правей... Перамер!.."

Збоку яму добра было відаць, дзе не нацягнута лента, дзе яна перавешвалася цераз купіну, як вужака... А купін шмат на балоце... Так бы яны, дзяўчаты, намералі яму...

Дзяўчаты ўвесь дзень былі ціхія і рабілі ўсё, што ён загадваў. Жэнька на яго не падняла ні разу вачэй, не агрызнулася ні разу і Света. Ён іх такіх бачыў першы раз і спачатку рашыў, што гэта добра,— зробяць хоць што людскае за дзень, і так адсталі праз дажджы,— пасля яму стала трывожна, але ён не кінуў свайго.

"Вехі!.. Перамер!.."

Так аж да вечара.

Цяпер у яго самога ныла шыя, балелі ногі... Ён стаяў, узлёгшыся на вароты,— адпачываў. За плячыма халаднела кашуля. Пяршыла, напіраў кашаль: па вуліцы даўно прагналі кароў, але ў густым вячэрнім паветры вісеў пыл, не апаў і лез у горла.

Хутка з вуліцы пайшлі да Акцызніка ў хату дзяўчаты з Юзэфай. Яны сёння мала сядзелі.