Выбрать главу

— Ды пілы ўсё... Не вярнуся я ўжо да вас...

Тут і я ўмяшалася. "Прымы, мусіць, Мікола, недзе добрыя апытаў",— кажу і міргаю бацьку.

— Ды апытаў, суседка. Прыляплюся. Лягчэй пражыць будзе...

Мы змоўклі. Прыціх і Валодзя, не бразгаў абцугамі — ён ужо ўсё разумеў. Сын мой...— Грасыльда цяпер сама магла заплакаць. Маўчала — выцірала толькі ражкамі паркалёвай хусткі вочы.— Каб жывы астаўся, быў бы ўжо, можа, такі, як вы... Ён рослы быў, выцягнуўся, увесь у бацьку...

Агонь гарэў доўга і ціха. Шумела ў маленькім гаршчэчку на трыножніку вада — пачынала кіпець. Ад агню было горача і хацелася адсунуцца далей, да паркана, але Завішнюк сядзеў не здрыгануўшыся. Пасля ўжо, калі Грасыльда доўга маўчала, зняў акуляры і пачаў выціраць.

Месяц падняўся над лесам, стаў белы і ўзяўся свяціць. Павіднела ля лесу поле, за ракой парадзеў туман. У вёсцы недзе рыпелі вароты і на загуменні ляскаталі калёсы.

Грасыльда ўстала з услончыка, зняла скавародку з чыгунка, якой накрывала бульбу,— глядзела, ці кіпіць,— тады разгарнула агонь і паставіла чыгунок на жар. Стаяла, гледзячы, як дымяць галавешкі, кратала іх кійком, перакочвала і маўчала. Пасля ўздыхнула.

— Не трэба было мне пускаць дзіця на Палік... Не трэба было. Усё жыццё сябе буду праклінаць. Я яго сама загубіла. Быў бы са мной — жыў бы. Я знаю, што жыў бы...

Яна зноў села на ўслончык і падпёрла рукой шчаку.

— Дык я вам пра Парыпана і не кончыла... Сваім занялася... А Парыпан што... Мы думалі — у яго з галавой зноў нешта... А ён тады, помню, устаў з-за стала, зноў мне руку падаў, бацьку... Вачэй усё не падымае. Падышоў да печы, да Валодзі, пагладзіў яго па галаве,— па галаве ён яго тады ўвесь час гладзіў, як цяпер помню,— і сказаў уздыхнуўшы:

— Эх, фуфцікі мае, фуфцікі...

Пасля закрыў рукой вочы і пайшоў з хаты. Мусіць, плакаў...

Пайшоў, а мы ўвесь дзень не ведалі, што рабіць. Ці пайсці расказаць каму, каб, калі што якое, рады чалавеку даць, ці проста маўчаць. Я дык і цвікі тыя кінула, хадзіла ўвесь дзень, як дурная, месца сабе нідзе не знаходзіла. Бацька толькі маўчаў. Казаў, што тут нешта другое, дагадваўся і мне загадаў, каб маўчала. Але я... Пабегла назаўтра раніцай сама праведаць Парыпана — думаю, бяда з ім, а мяне пераняла ля варот Волька Мацяёнкава — вы яе не ведаеце — белая ўся, загаварыць не можа: "Немцы ў тым канцы... 3 Цянёў, з балота, сыплюць..." — сіпіць баба і жагнаецца. Я яшчэ не паверыла: гэта ж учора толькі дубаўцаў была поўна вёска...

— А Парыпан? — Завішнюк адсунуўся ад агню і глядзеў толькі на Грасыльду.

— Парыпа-ан?..— перапытала яна, неяк здзівіўшыся.— Не да яго тады, сын, мне было. Бацькі дома няма: у Жукаўшчыну араць выправіла раніцай разам з усімі. Адзін Валодзя ў хаце. А немцаў... 3 Цянёў усё ішлі, з-за Віліі... На дварах, на вуліцы, на платах — не павярнуцца за імі. Дзверы ў хату не зачыняліся. Адзін за адным: "Масла, матка". Бралі ўсё: і з хаты, і з хлева. Людзей тады не кранулі ў нас. Партызаны каля блізку іх не зачапілі. А немцы ўсё сыпалі і сыпалі — з грэблі ўжо, цэлы дзень — на Мсціжы, на Палік. Там ужо даўно грукатала — з тыдзень. Блакада ішла... Да вечара, здаецца, усе немцы, якія дзе на свеце былі, праз нашу вёску перавалілі валам. Машыны нават гружоныя паехалі. Астаўся толькі стаяць іхні штаб у Міхала. У яго хата была вялікая пасярод вёскі. Дым з коміна чорны валіў з самай раніцы: смалілі там, пяклі. А вечарам сталі баб заганяць да яго на двор. "Дзе мужчыны?" — "Аруць у Жукаўшчыне".— "Дзе стараста?" Пра Міхала пытаюцца. Дома, кажам. "Няма!.. — крычыць на ўвесь двор перакладчык (у чорным быў мужчына).— Бандзіты... Парцізаны... Калі нанач не вернуцца мужчыны — дымам усё задыміць..." — паказвае ён на стрэхі. Не ўсе вярнуліся. Тыя, хто шкадаваў сваіх дзяцей, прыехалі. Бацька мой вярнуўся. Немцы вечарам тады нікога не зачапілі, толькі доўга яшчэ ўсё шукалі па хатах старасты. Жонку яго ў свірне асобна запёрлі і немца свайго ля дзвярэй паставілі. А Міхал — як у ваду... Не прыйшоў ён і назаўтра. Не было яго тады ў вёсцы, мусіць, тыдні два,— гэта я помню...— Грасыльда доўга глядзела ў агонь. Твар яе расчырванеўся ад вуголля.— Усю ноч немцы са сваім тым штабам начавалі ў Міхала ў хаце. Па загуменні хадзілі, па вуліцы... Пакладуць чорныя аўтаматы на плот і ў лес страляюць. Недзе пад дзень ужо аціхлі. Паснулі, можа.

Лета тады было, як цяпер. Ноч ціхая стаяла, туман. Я ля акна сядзела. Бацька з Валодзем на падлозе спалі. На мяне ўсё бацька крычаў, каб і я клалася, не тырчала. На падлозе не так куля дастане. Лягла я была, а калі бацька захроп, схаваўшы недзе пад паху Валодзю, я зноў паднялася і падышла да акна. Пасля села воддаль, ля стала. О-ха-ха... Гляджу на белы гарод, за рэчку. Заснуць я, сын, тады не магла. Такая мітрэнга ў вёсцы. Бацька дык змардаваўся за дзень, з ног зваліўся. Яго ў штаб да Міхала цягалі, на калені ставілі, аўтамат чорны да грудзей прыстаўлялі. Усё Міхала дамагаліся. Даўся ім той у знакі. Начальства, думалі мы, свайго немцы шукаюць... Усяк думалі... А бацька мой і праўда не ведаў, дзе Міхал. Ніхто не ведаў. Не было яго, мусіць, у вёсцы з самай раніцы, ці што... Ды і перад гэтым, учора, я яго не бачыла...