Выбрать главу

— А што з Парыпанам? — зноў спытаўся Завішнюк, ціха, як прашаптаў.

— Парыпа-ан...— уздыхнула Грасыльда.— Я тады ўсяго не знала. Прывяла людзей да студні... Абступілі яны мяне, дзякуюць... Як зваць пытаюцца... А я дамоў рвуся... Успамінаю цяпер, сын, што тады я ўсё-такі ўгледзела, як да іх пасля мяне чалавек далучыўся. Мужчына, у чорным. Вялікі... Схаваўся быў ад мяне, ці што,— а так я яго пазнала б. Кінулася мне тады толькі ў вочы, што ён падобны на Міхала. Але хто б гэта даў веры...

Немцы раніцай павезлі свой штаб, ці што там было ў іх, з вёскі. Ціхенька, не стралялі нават. Вярнулася я з лесу, калі развіднела,— іх ужо ў вёсцы не было. Мусіць, угледзелі былі партызан... I жонка Міхалава жывая асталася. Чую вечарам: па вёсцы пагалоска пайшла... Партызаны былі... Па загуменні валам валілі. I камандзір у іх — баба. Наперадзе ішла ў чорнай скуранцы. А на мне, сын, і скуранога нічога не было, і па загуменні я не ішла.

А вось людзі бачылі... Хаця не спаў у тую ноч ніхто. Пачула я ў той вечар, што немцы павесілі ў Мсціжах Парыпана. Ніхто не ведаў, дзе яго злавілі і чаму павесілі.

Чуў чалавек сваю смерць... Ты скажы... Адвітацца прыйшоў...

Грасыльда апусціла галаву, глядзела ў зямлю пад ногі, і Завішнюк не бачыў яе твару. Не адрываючы вачэй ад зямлі, яна раптам сказала:

- Днём сёння прыязджаў Савасцянчык з тым тоўстым, што быў у яго ў кабінеце, калі я за Паніху хлапатаць хадзіла. Сходку склікалі... Якая там сходка. Сабраліся на дзядзінцы ля канцылярыі. Пра калгас наш гаварылі... Пра Міхала... I Міхал быў, стаяў, на плот апершыся. Ад слова адказаўся. Сказаў толькі: "Як народ рашыць..." Хоча ён, відаць, быць за старшыню. Савасцянчык мала гаварыў: гаварыў усё той, тоўсты. Ён, сын, і сказаў, што тады ноччу была спецгрупа. Партызаны тыя, якіх я завяла да Парыпанавай студні,— з Масквы былі. На парашутах іх не туды скінулі. На блакаду якраз... Немцы іх акружылі. I вывеў іх Парыпан... 3-пад носа ў немцаў, з балота... Ля самых Мсціжаў. Заданне яму "Жалязняк" даў... А сам Парыпан папаўся: збіваў немцаў саследу. Партызаны надта вялікія былі. 3 нейкімі апаратамі. I немцы гэта вынюхалі. Жывых хацелі пабраць. "Жалезняк" наш прарываўся да іх,— тоўсты той сам быў у "Жалезняку",— дык немцы аж танкі свае пусцілі. Гэтак хацелі тых партызан узяць. А Парыпан іх вывеў. I "пілы наразаць" ён, сын, за Вілію хадзіў ад "Жалезняка". Тоўсты той усё расказваў. О-ха-ха... А ля студні тады Міхал быў. Мяне ён не пазнаў. Каб пазнаў, сказаў бы дзе. Хаця ён тады не скора да партызан падышоў: на паліцыю баяўся наўрэцца. А партызан тых трэба было ў аўгустоўскія лясы за Вілію весці. Іх не ў наш лес кідалі, а туды, за раку. А за ракой — гарнізоны. Міхал і павёў тых людзей,— два тыдні яго не было. Доўга мы пра чалавека ўсяк думалі. О-ха-ха, сын... Змарылася я за дзень зусім...— Грасыльда стала гладзіць рукамі па каленях, адсунуўшыся ад агню.— А Парыпан пасля сябе памяць пакінуў — сваю студню. Калі ён жыў, ніхто надта і не ведаў, што ў лесе студня. Пасля ўжо ўгледзелі. А цяпер яна, студня тая, завалілася. Дрэва хоць і камянее ў сырой зямлі, а ўсё роўна гніе памаленьку. Парыпан, мусіць, нейкую падземную крыніцу быў апытаў. Вада адтуль і зімой і летам б’е аж наверх, на Белы лог, як мы завём той лажок на Каралінскай пасецы. I марозу не баіцца, а летам халодная-халодная. Касцы лонваўскія, калі на луг да Віліі ездзілі, заўсёды станавіліся ля лажка набраць вады ў біклажкі, бо яна лепшая, як у нас у студні. А нашу ваду хваляць. Хто ні піў, усе хваляць. I вы, во, не ганіце.

А тая студня — старая ўжо, завалілася. Ласі зімой да яе, казалі, прыходзілі піць,— сцежку вытапталі. Ласі ў нашым лесе ёсць... Партызаны з "Жалезняка", як цяпер помню, тую Парыпанаву студню хвалілі... О-хо-хо...

Закіпела вада ў чыгунку, і Грасыльда пайшла ў хату, "забылася ўзяць па судніку малінавы чай"...

Завішнюк устаў з калодкі, апёрся на паркан і доўга глядзеў на халодны белы месяц. Здалося, што на ім сёння пабольшала чорных плям.

Пастаяўшы далёка ад агню, ён пачуў, што стала холадна за плячыма, пасля — холадна ўсяму. Падумаў, што калі дасць сабе волю, то заляскае зубамі.

Туман ад ракі поўз на самыя гароды. Было ціха, здавалася,— толькі адна Грасыльда на ўсю Лонву стукае дзвярыма.

Ён зноў адчуў, што ў яго вунь як баляць ногі і рукі, ные спіна. I, мусіць, яшчэ начынае балець галава. Не хацелася ісці ў хату, хацелася зарыцца ў хляве ў сена з галавой, як у першую ноч, і забыцца на ўсё на свеце. Заўтра ж рана ўставаць.