Выбрать главу

І калі яго клікнула Грасыльда піць чай, ён падумаў, што і чаю зусім не хоча; тады падумаў яшчэ, што пакрыўдзіў бы Грасыльду, што цяпер, каб і зарыўся вунь у якую глыбокую нару,— не засне.

Ён пайшоў у хату. У хаце ўжо гарэла лямпа.

Раздзел дзесяты

Сырніца

Калі Юрка Даліна за мастком убачыў пагорак ля балота, у пнях і ў белым верасе, успомніў, што белым цветам цвіце і дома бульба ў гародзе, а пад цветам раніцай, калі ён, Юрка, ідзе ў лес, ужо лётаюць белыя матылькі. Сну ім няма. Няма сну і маці: яна капае ў гародзе маладую бульбу. Юрку тады робіцца шкода маці — яна кожны раз устае рана-рана, і спаць ёй не хочацца. Не, мусіць, і маці хочацца спаць, але ж трэба рана ўставаць — падкапаць маладой бульбы, змалоць у жорнах жыта — на праснак, нарваць у гародзе, над рэчку, лебяды парасяці. А прагнаўшы ў поле карову, трэба ісці чытаць нарад, што Волька Янкава начапіла ля Палюшынай брамкі, бо Волька тады сама ідзе аж у хату і просіць маці ўзяць свае граблі і ісці падграбаць мякіну. Маці не любіць, каб яе Волька "гнала" на работу, маці сама ідзе. Але ж дома бывае няўпраўка: есці ж нешта трэба зварыць і бацьку, і яму, Юрку. А яму, Юрку, трэба яшчэ і з сабой у лес даць...

Юрка сёння нясе толькі скрыначку з тэадалітам. Трыножнік узяў сам Завішнюк, закінуў за плечы і ад гэтага, здаецца, яшчэ больш сагнуўся. Ступае хутка-хутка, бы яго падганяе цяпер трыножнік. I чаго ён спяшае, гэты Завішнюк. I лекцый ужо не чытае дзяўчатам, толькі: "Правей!.. Правей!.. Вяху!.." Крычыць і носіцца па лініі. Дзяўчат зусім замучыў...

Сёння ён ад самай Лонвы, ад фермы, прыпусціўся — Юрку дык трэба ісці аж подбегам: адзін ён астаецца. Дзяўчаты ад Завішнюка не адсталі. Яны нічога цяжкага сёння не нясуць — Жэнька сваю ленту, Света дзве вяхі.

Ужо другі дзень, як Завішнюк не пайшоў праз Цяні — па кладках,— а кіраваў пагранзастаўскай дарогай на масток. Да Сырніцы тут, мусіць, бліжэй. Юрку дык усё роўна, ён мог ісці і на Цяні. На Цяні цяпер ходзіць адзін Акцызнік. Другі ўжо дзень адзін, як Завішнюк забраў ад яго Юрку. Забраў "толькі на пару дзён", пакуль выйдуць на сухое з Сырніцы — пад Ямскае, да партызанскіх лагераў. Акцызнік яго адпусціў, нічога не сказаў. Апошнія дні Акцызнік нешта зусім не гаворыць ні з Юркам, ні з Завішнюком — перамяніўся. Маўчыць, курыць і махае, махае сякерай цэлы дзень. Учора, казаў, нават быў без палудня. Многа ўгнаў Акцызнік за дзень. Перайшоў балота — на балоце, дык там і церабіць не было чаго,— а ў Сырніцы... Ельнік вышэй хаты парос. Ваўкі на лініі ў ім пладзіліся нядаўна, можа, нават летась,— Акцызнік вадзіў усіх логава паказваць.

За мастком — толькі падняцца на гару, а там завярнуць на лініі — Сырніца. Але Завішнюк не хоча мясіць лішне гразь — дзяўчат шкадуе,— завярнуў на старую ездавую дарогу і павядзе іх пагор’ем да самага таго месца ля рэдкага пад’ялоўцу, дзе ўчора вылезлі з балота.

Калі яны ўжо зварочвалі з пагранзастаўскай дарогі, іх нагналі два матацыклісты з ружжамі ў брызентавых чахлах за плячыма.

"На качак на Вілію...— падумаў Юрка.— Чужыя. У леспрамгасе такіх матацыклаў няма".

Матацыклы паўціскалі на дарожцы ў зямлю свежую жаўтаватую сасновую ігліцу, што ад расы і ветру апала за ноч на дол. Юрка ўгледзеў, што на дарозе ёсць яшчэ і свежы конскі след. Нехта ўжо ехаў на калёсах, мусіць, старых, разбайдаваных,— кола рабіла васьмёрку.

Стаяла гарачая летняя раніца. Сонца плыло над Сырніцай-імшарай у густой сінечы, як у тумане,— ад таго імшара здавалася вялікай і нуднай, як голае поле ўвосень. Над ёй толькі высока ў чыстым небе сонныя з начы канюхі млява прасілі піць...

"Гэтулькі вады на балоце,— падумаў Юрка,— а яны хочуць піць". Падумаў і ўспомніў, што і яму ўжо хочацца піць, што да Парыпанавай студні з Сырніцы далёка, нават у палудзень не збегаеш.

Але ён нап’ецца і ў Сырніцы, у балоце. Калі не знойдзе добрай яміны, выцісне вады прыгаршчамі з моху. Яна кіслая і халодная, яе можна піць, не раз ён піў, хоць у ёй і плаваюць маленькія чорныя парушынкі.

Ён успомніў, што сёння маці хацела яму наліць у бутэльку вады з сабой, але ён не ўзяў. Цягні яшчэ бутэльку — колькі ў яе ўлезе той вады, і яна сагрэецца адразу,— да лесу яшчэ не данясеш... Яму зноў стала шкада маці. Ён падумаў, што будзе вучыцца, вунь як будзе вучыцца, а тады стане таксатарам, як Завішнюк.

На пагор’і — старая дарога. Некалі тут ездзілі на калёсах, знаць тор — павыбіваныя калдобы. Пад нагамі шапоча і нагінаецца да зямлі верас, асморгваецца — з яго пырскаюць белыя пупышкі, што крупкі. 3 верасам расце сівец — цвёрдымі зялёнымі кустамі; аб іх спатыкаешся, калі наступіш нагой. Трапляецца і папараць, высокая. зялёная — па пояс. Папараць абсела мятліца, сівенькая, дробненькая — дрыжыць нават тады, калі няма ветру. Гэта ад таго — Юрка заўважыў,— што па ёй поўзаюць мурашкі, вялікія, з крыламі... Успомніў, што Света баіцца мурашак. "І-і-і!.." — крычыць яна на ўвесь лес, калі ўгледзіць, што на яе гумавы боцік ускочыла мурашка. Света яшчэ баіцца жаб. Убачыць — бяжыць па балоце, крыла ўразаючы... Света ўсяго баіцца ў лесе, не толькі мурашак і жаб. Баіцца нават птушак, дзікіх качак учора спужалася — крычала на ўсю Сырніцу. Света, мусіць, гарадская — трэба будзе ў Завішнюка спытацца. Юрка ўспомніў, што Завішнюк усё скажа, што ў яго ні запытайся. I Жэнька, мусіць, гарадская... А можа, і не гарадская, бо яна не баіцца ні качак, ні гадзюк. Але яна прыгожая... Гарадская, мусіць.