Выбрать главу

Там, дзе пагорак апускаецца да самай імшары,— бярэзнік. Лета яшчэ, а ён пажаўцеў; ля самай дарогі, дзе яны ідуць,— лучаюцца і маленькія, чырвоныя ўжо асінкі.

Ля імшары халадок, пахне балотам і вадой, але на дарозе суха. Шашчыць пад нагамі сівы мох, і ўцякаюць з вачэй, хваста ўразаючы, маленькія, рудаватыя яшчаркі. У старых, выбітых калясьмі калдобінах тут растуць грыбы чашчавікі, на тонкіх і высокіх ножках, і зайцавы баравікі — зялёныя, як альховае лісце.

Тут сыра, і грыбы растуць усё лета, з вясны. Але іх "давяць", як Завішнюк казаў, "браканьеры". Юрка ўспомніў, што браканьеры — два мужчыны на разводах — не ездзяць болей пагор’ем у Сырніцу. Яны недзе вазілі сасну з самай Сырніцы, далёка ад людскіх вачэй. А цяпер не ездзяць. Бо Юрка з Завішнюком убілі пад старой сасной на пагранзастаўскай дарозе яловы калок. Угналі ў зямлю на самай дарозе, а да яго прыбілі кавалак фанеры — з дому прынеслі, ён, Юрка, прынёс — і напісалі на ёй вялікімі літарамі, Завішнюк сам напісаў: "Заминировано! Проезд в Сырннцу закрыт!"

Юрка смяецца, калі ўспомніць фанеру з Завішнюковым надпісам. Яны ўсе смяюцца: і Света, і Жэнька, і сам Завішнюк. Смяюцца, бо Акцызнік падпільнаваў, як тыя двое мужчын на разводах завярнуліся і пагналі коней назад, на Каралінскую пасеку. Аж пыл з-пад калёс курэў...

3 Сырніцы-балота, калі глядзець лініяй на пагор’е, дзе ля пагранзастаўскай дарогі пасечаная мінай сасна,— перад вачыма роўная-роўная прасека і доўгая: цягнецца, здаецца, аж за Вілію, на самы кут зямлі. Чыстая, шырокая, а там, дзе яна вузее і губляецца з воч,— жоўтая паласа грады, і над ёй кавалачак сіняга неба.

Без лініі лес быў бы нудны. Нудны і чужы... Юрка ўжо не можа нават падумаць, што на Каралінскай пасецы няма лініі...

Калі доўга глядзіш лініяй на граду — пачынаюць балець вочы, хочацца жмурыцца і круціцца галава... Тады Юрка апускае вочы і глядзіць толькі на Сырніцу, на імшары, дзе ўчора лазілі з Акцызнікам, а пад вечар Завішнюк загадаў яму, Юрку, цягаць ленту. На лініі, якраз там, дзе канчаецца імшара,— жаўцее бярозка, а за ёй — чорныя сляды на балоце. Яны цягнуцца (далёка — маленькія, а бліжэй — большыя) чародкай аж сюды, дзе цяпер Завішнюк расстаўляе ля курганчыка, на якім ссякаў учора ніцую лазу Юрка, тэадаліт. Сляды тыя ад іхніх ног — ягоных і Жэньчыных. Ён з Жэнькай пад вечар лазілі тут з купіны на купіну з лентай — Завішнюк два разы ганяў перамяраць: не сыходзілася нешта ў яго са старой картай ці планам. Ну і што, калі ў яго не сыходзіцца нешта?.. Дык праз гэта трэба ганяць дзяўчат сто разоў з лентай па адным і тым жа месцы? Усё роўна не сышлося ў яго, Завішнюка... Хай ён выкіне свой стары план... Каб узяў асмеліўся ды сказаў гэта Завішнюку... Узлаваўся б і яшчэ з лесу мог бы прагнаць... Ён бывае і злосны. Вунь як злуе на Свету, калі яна яго возьме не паслухае... Крычыць тады і на Жэньку. Ён можа прагнаць. I возьме каго другога з вёскі: Валуйка ці Сідарку...

Калі Юрка думае, што Завішнюк можа прагнаць яго дадому, яму робіцца нудна. Яму сёння і так нудна, бо Завішнюк ужо ўчора сказаў дзяўчатам, што "дзела" ідуць добра, што калі парупяцца за пагодай, пакуль не ляглі туманы, то скора здымуцца. Ён так і сказаў: скора здымуцца. А што тады рабіць яму, Юрку? Астацца аднаму, без Завішнюка, без Жэнькі? Зноў з Валуйком і Сідаркам бегаць па сціртах саломы на ферме? I па вуліцы па гразі?.. А тады хадзіць па грэблі ў школу... Аж за чатыры вярсты... Юрка не хоча ні ў школу, ні бегаць па вуліцы з Валуйком... Не хоча гуляць ні ў "немцаў", ні ў "нашых", і што гэта за гулі — кідай адзін у аднаго каменнем. Галаву разбіць можна... Вокны вунь у канцылярыі, у Палюшынай хаце, павыбівалі... Паложыш камень на аборыну — на пятлю,— раскруціш і — выпусціш адзін канец аборыны з рукі... Камень ляціць тады і гудзе, як снарад, аж звініць: вум-м-м... Такая пушчалка ёсць яшчэ і цяпер у Юркі — ляжыць недзе ў сенечках за шафарняй. Даўно ўжо Юрка не кідаў камення са сваёй пушчалкі і не будзе. Яшчэ з пугі можна, калі пагоняць у Жукаўшчыну ў поле кароў. I то Юрка не будзе кідаць каменне з пугі на полі. Карове вока можна выбіць... Хіба толькі па старым маяку, калі на ім будуць сядзець груганы...