Пасля зноў на ўсходзе над лесам пырскалі зоркі і гулі самалёты. А над усёй Лонвай у небе панаваў Млечны Шлях.
Завішнюк доўга яшчэ сядзеў пад частаколам, аж пакуль не стала зусім цёмна. Пасля запёрся ў хляве на кручок, падняўся па драбіне, пералез цераз бэльку і, адсунуўшы пад страху белую падушку з посцілкай, зарыўся глыбока ў сена з галавой.
"Грасыльда разбудзіць рана",— падумаў ён.
Раздзел другі
Мсціжаўскія лясы
— Рушым, ці што?.. Чаго сядзець пад плотам на сонцы?..
— Пайшлі, праўду кажаш... У лесе цень. Хлапец толькі нечага ў хаце прыкарэў. Юрка-а-а! — Акцызнік крычыць і крэкча, падымаючыся з-пад плота, усміхаецца нечага на ўвесь зубаты рот. Русыя, пажаўцелыя пад носам вусы ў яго апускаюцца канцамі ўніз. Здаецца, што Акцызнік узяў у зубы кароткі жоўты пшанічны колас. 3-пад чорнай, выцвілай і зашмальцаванай ад поту кепкі на лоб у яго выбіваецца маленькая мокрая пасмачка валасоў. Пасівелых ужо, як попел ад альховых дроў. Андрэй Акцызнік — лысы.
- На слупкі адпускаю толькі адзін дзень... Заўтра — на лінію...— Гатоў рассыпацца драбней маку, таксатар...— Акцызнік яшчэ больш усміхаецца, і пшанічны колас астаецца ў яго на верхняй губе. Ніжняя зусім адвісае, да яе — Завішнюк толькі цяпер заўважыў — прыліп чорны агарак самакруткі.
Акцызнік у гадах — яму недзе пад пяцьдзесят, а рухавы, відаць, з гумарам.
— Пілу, востры тапор-калун, скоблі...
— I каня ў аглоблі...— перабіў ён Завішнюка і, сагнуўшыся, падняў з-пад плота "свае прычындалы".— Усё пад пахай, адным махам...
3 хаты ад Андрэя, смеючыся і азіраючыся на дзверы, выбег хлопец гадоў дванаццаці, перавальваўся з боку на бок і касалапіў, як мядзведзь. Гэта Юрка Даліна.
"Шанцуе мне на Юркаў,— падумаў Завішнюк.— У Мсціжах у мяне ленту цягаў такі самы Юрка..."
Юрка Даліна будзе сёння памагаць Андрэю рабіць слупкі. Дамаўляліся раніцай. Ні стары, ні малы не верылі, што ім на расцяробе лініі "гэтулькі многа" будуць плаціць. Давялося паказаць расцэнкі. Тады раптам упёрся Акцызнік: давай яму грошы цяпер, зараз жа, ну, а калі ўжо на тое пайшло — то вечарам, адразу пасля работы. Давялося яшчэ больш распінацца, што ён, Завішнюк, толькі таксатар, ніякі не казначэй, што грошы "першага чысла" будзе плаціць лясніцтва і палучаць іх трэба ў канторы. Тады Акцызнік сказаў, што падумае, ці варта звязвацца з лясніцтвам. А падумаўшы, разважыў, што па сённяшні дзень нідзе так не заробіш, каб і хацеў, і папрасіў даць "чэснае слова" і закурыць "Беламору".
"Ленту ж цягаць", як пачулі, прыбеглі дзеці з усёй вёскі.
— Сёння слупкі, слупкі і яшчэ раз слупкі...— не сціхаў Завішнюк.— А тады на лінію. Церабіць і церабіць. Заўтра ж, хоць і нядзеля. Пойдзем, відаць, з сорак восьмага квартала, старой, даваеннай лініяй. Гэта — па маім плане — ад Каралінскай пасекі на Цяні, недзе помніце. Там балота, карчы, лес-валежнік. Трэба тапары, тапары і яшчэ раз тапары. Вострыя, што нажы...
— Хе-хе-хе... Каб на яго...— смяяўся Андрэй. Можна было падумаць, што ён толькі тое і робіць — смяецца ўвесь дзень, на другое няздатны.
Яны выйшлі на развілку дарогі на ўзлессі,— да лесу ад Андрэя зусім блізка: ён жыў з самага краю Лонвы, яго хата была канцавая ў вёсцы.
Ззаду за Андрэем калдыбаў уроскідку Юрка Даліна. Махаў рукамі, аж пакуль Андрэй яго не штурхнуў. У Юркі шырокі, крутлы, загарэлы за лета твар — у чорных шрамах і сіняках. Валасы — чырванаватыя, падстрыжаныя пад "вожык". Стрыгся ён даўно, і цяпер яго "вожык" тырчыць ля вушэй. Нос у Юркі шырокі, і ён шморгае і шморгае ім раз-пораз. Калі гаворыць — глядзіць толькі ў вочы. Вочы ў яго самога шэрыя, бровы светлыя, густыя, рот чуць-чуць раскрыты, і часта можна ўгледзець на дробных ніжніх зубах кончык вострага языка. Завішнюк адразу заўважыў, што Юрка робіць усё, што яму ні скажа Андрэй.
Андрэя Акцызніка Завішнюк трохі ведаў. Жыў Акцызнік у суседзях з Грасыльдай. А вясной Завішнюк сядзеў над планам лонваўскіх лясоў і стаяў у Грасыльды бадай месяц. Андрэя бачыў часта: той прыходзіў да Грасыльды па ваду — сваёй студні ў яго на двары не было — і кожны раз, начапіўшы вядро на крук, ішоў у хату да бабы хоць чаго пазычыць. Рубель грошай — хоць сам жыў на зарплаце, а Грасыльда з працадня, рэшата — пасылала жонка,— солі, нажніцы, пытаўся самагонкі.
— Згінь ты, благое, прападзі, суседка... Не бачыў ні разу, каб гнала, але можа ж... Не там куры яйкі нясуць, дзе кудахчуць... Хоць з бутэлечку. Сын з Буслава прыехаў. Хе-хе...
Акцызнік — жыла і п’яніца. Завішнюк гэта ўжо ведаў.