Выбрать главу

— Юрка! Ленту! Што гэта сёння як папрырасталі ўсе?

Завішнюк зноў пачынае махаць рукамі.

Юрка падыходзіць да Жэнькі і бярэ ў яе з рук канец раскручанай, мокрай і слізкай, як дажджавы чарвяк, бліскучай ленты. I лента сёння блішчыць на сонцы, як тэадаліт, хоць ты і на яе не глядзі...

Хлюп-хлюп... Хлюп-хлюп...— ідзе наперадзе з лентай у руках Юрка. Чвяк-чвяк... Цяжка выцягваць вялікія бацькавы чаравікі з балота — на іх наліпае гразь, і яны тады робяцца яшчэ большыя і цяжэйшыя.

Чвяк-чвяк... Чвяк-чвяк... Калі Юрка спыняецца, чуе, як ззаду ідзе Жэнька, хуценька выцягваючы ногі ў гумавых боціках з балота, нібыта баючыся, каб яны там доўга не пабылі і не размоклі.

Жэнька ідзе хутка, хутчэй за Юрку,— ён нават выцягнуў наперад руку, а лента не напялася, цягнецца, шашчыць па траве і куп’і, чапляецца за сухую ніцую лазу і звініць. Юрка тады ступае шпарчэй, але ўсё роўна лента цягнецца па зямлі: дзе ты размахнешся ў такіх чаравіках — нават за ніцую лазу чапляюцца, як лента. Толькі б не паваліцца. Тады будзе бачыць усё Жэнька, бачыць, як ён абапрэцца, упаўшы, на локці, локці праваляцца ў мох, і ён ткнецца галавой між купін, у жоўтую лужыну, усё роўна як захацеўшы піць. Хоць бы ў чыстую лужыну, а то туды, дзе Светка, скачучы, што каза, з вяхой, разбалабошыла гразь... Жэнька будзе смяяцца, рагатаць на ўсю Сырніцу. Стане з лентай у руках, задзярэ галаву, адкіне яе аж на плечы, зажмурыцца ад сонца і будзе смяяцца не сціхаючы. Яе чорныя валасы рассыплюцца на плячах па стракатай сукенцы. Жэнька не скора супакоіцца, аж пакуль на яе не стане крычаць здалёку Завішнюк.

Юрку зноў робіцца нудна, і ён пачынае злаваць на Жэньку. Калі яна стане смяяцца з яго, ён ёй ніколі не раскажа пра сябе нічога, не раскажа, як ён капаў яму і як яго страляў паліцай.

Юрку хочацца самому пасмяяцца з Жэнькі. Вось каб яна паляцела носам у балота...

Але яна не падае. Не падае і не пішчыць, як Света. Яна ўмее хадзіць па балоце: чвяк-чвяк, чвяк-чвяк... Валюх-валюх з боку на бок, што качка... Жэнька, мусіць, зусім і не гарадская... I смяецца, Юрка ўспамінае, яна не заўсёды. I цяпер, мусіць, не стала б смяяцца з яго.

Нейкая яна сур’ёзная і ціхая. Усё пасля той вечарынкі ў Палюхі такая. Юрка ўсё ведае, што там было, уся вёска ведае. Ён, Юрка, паказаў бы таму Чаркашыну... Ён нават не ведае, што зрабіў бы... Але хай Чаркашын надта не носіцца... Юрка яму яшчэ не даруе. Ён яму зробіць "падэсце", як гаворыць Акцызнік, і будзе рабіць, аж пакуль Чаркашын не з’едзе куды са сваёй калонай. Юрка ведае, што трэба зрабіць, каб не завёўся ў машыне матор. I ён не завядзецца. I не будзе заводзіцца кожны дзень...

Юрка ведае і як страляюць колы ў машыне... Ён, Чаркашын, назнае, хто такі Юрка... А Завішнюк добры... Добры... I ён, Юрка, гэтак бы зрабіў, як Завішнюк, каб толькі змог дастаць у Чаркашына яго доўгую морду. Зрабіў бы... Хай бы тады і Жэнька ведала, хто такі Юрка...

Але Юрка думае, што тады б Жэнька на яго злавала, яна, мусіць, за гэта злуе і на Завішнюка. Злавала б, не гаварыла. Тады Юрку нічога не хочацца рабіць Чаркашыну — ніякага "падэсця". Не хочацца і расказваць Жэньцы, як яго страляў паліцай, калі палілі вёску. Жэнька будзе тады строгая і ніколі не засмяецца з яго, Юркі. Не, хай яна лепш смяецца. Як яна добра смяецца — што бусел. Якая яна тады прыгожая, і ў яе па плячах рассыпаюцца валасы. I не відаць вачэй, зусім не відаць. Яна, мусіць, як смяецца, заўсёды іх прыжмурвае...

Юрка думае цяпер, што ён ніколі не скажа Жэньцы пра паліцая.

— Стой,— камандуе яму Жэнька, неяк зусім ціха. Ён не пачуў бы яе голасу, каб не нацягнулася лента і не тузанула за руку.

Калі ён спыніўся і аглянуўся — убачыў, як Жэнька хуценька сагнулася ля прутка, за які зачэплена лента, і выставіла руку ўперад.

"Нацягвай...— значыла — і нацягвай не баючыся. Не лопне лента..."

Гэтак рукой заўсёды паказваў Завішнюк і гаварыў: "Нацягвай. Не бойся". Юрка падумаў, што і Жэнька робіць усё так, як рабіў Завішнюк. Толькі яна не дзярэ горла, яе зусім не чуваць. А Завішнюк і сёння нарабіў гоману на ўсё балота. "Вяха-два! Вяха-два! Правей!.." — крычыць ён усё на Свету. Як Міхал усё роўна на баб у вёсцы...

Сагнуўшыся, Юрка нацягвае ленту. Яна роўна кладзецца на мох і траву; тут, дзе яны прайшлі, зусім няма купін, "чыстае поле". На траве лента ўся блішчыць — роўная і доўгая, як чорт ведае якая вялікая і вострая змяя. Юрка хоча адразу ж утыркнуць у зямлю пруток, совае і совае, але той ніяк не хоча лезці, упіраецца ў нешта цвёрдае, як у палена. Разбалабошылася гразь, пруток ужо зусім не хоча трымацца, а пад рукой няма ні калочка, ні віткі — іх усе знесла з сабой Света,— не будзе чым зрабіць знак.