Выбрать главу

— Давай...— чуе ён, як падганяе яго здалёку Жэнька.

Ён тады са злосцю поркае прутком у зямлю і чуе, што прапароў свой чаравік, дастаў аж да нагі. Гэта доўгі бацькаў чаравік у балоце здаўся паленам, і ў яго поркаў прутком Юрка. Нагу прасадзіць можна...

Юрку смешна... Ён выцягвае нагу з гразі — і пруток лезе тады ў балота,— здаецца, аж на той свет.

— Вітку!.. Дзе віткі?..— крычыць цяпер і Юрка на ўсё балота, як Завішнюк.

— На сухім віткі!.. Ля бяроз... Сам схадзі...— адказвае яму Света. Яна ўжо далёка, аж за вялікім чорным карчом-вывараткай. Стаіць з "вяхой-два" ў руках, не здрыганецца. А па тым месцы, дзе япа перш стаяла з вяхой, Завішнюк расстаўляе тэадаліт.

Але па вітку — бярозавы доўгі дубец (Юрка заве яго так, бо імі, бярозавымі дубцамі, у Лонве вітавалі плот) — Юрка не пойдзе. Жэнька махае рукой, паказвае, што разбярэцца, убачыць, дзе тырчыць пруток, хай Юрка здымаецца і ідзе далей, па слядах.

— Шпільку я найду... Найду...— Жэнька называе жалезны пруток шпількай, як і Завішнюк. Завішнюк, відаць, яе і навучыў так зваць.

Шпільку знойдзе Жэнька, падбярэ. Падбярэ і ўсе адзінаццаць штук. Цяпер іх ужо толькі дзевяць у Юркі на руцэ. Матляюцца, бразджаць, поруць штаны ля калена — шпількі вострыя. Іх — усе — трэба перадаць Жэньцы. Юрка ідзе першы і, напяўшы ленту, утыкае ў зямлю шпільку-пруток, прыціскаючы яе да "кручка наканечніка ленты", як кажа Завішнюк. Калі ж ён, Юрка, падаецца з лентай наперад, Жэнька забірае сваю шпільку — надзяе яе на металічнае кольца, якое ў яе на руцэ,— і ідзе за Юркам, аж пакуль не наткнецца на яго шпільку. Тады ўжо гэта шпілька не ягоная, а яе. Калі Юрка нацягне ленту і зноў пойдзе наперад, Жэнька падбярэ і гэту шпільку, начэпіць яе на кольца. Яна за ім будзе падбіраць і падбіраць шпількі, аж пакуль яны ў яе ўсе не забразджаць на руцэ ля локця. Юрка ведае, калі яна падбярэ ўсе пруткі — усе адзінаццаць,— тады яны пройдуць дзвесце метраў. Жэнька крыкне адразу Завішнюку, што ў яе ўсе шпількі; той запіша іх сабе ў журнал, запіша іх сабе ў кніжачку і Жэнька. Вечарам яны з Завішнюком сядуць на пні — бок у бок — і будуць разам падлічваць свае шпількі. А Света будзе дзе-небудзь збоку, адвярнуўшыся, прычэсваць свае кудлатыя белыя валасы і моршчыць нос.

Юрка смяецца кожны вечар са Светы. Прычэсваецца... Патрэбны каму яе валасы ў лесе...

Калі яны пройдуць дзвесце метраў — будуць далёка, аж там, дзе цяпер Завішнюк з тэадалітам... А сёння сама цяжэй ісці балотам, яно нейкае слізкае ўсё — коўзаешся толькі на куп’і, і нейкае халоднае, як лёд. Юрка змок па калені, і яго пачынае трэсці, ляскаюць зубы. Не сагрэешся, хоць сонца проста паліць з чыстага неба. На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым пад сваёй хатай... Тады таксама было цёпла, а яго схапілі дрыжыкі. Ён яшчэ дрыжаў і ў хляве на сене — у тую ноч, як была вечарынка ў Палюхі, калі яму сасніўся паліцай, што страляў яго на загуменні. Юрка думае тады, што, можа, ён хворы, калі яго так часта трасуць дрыжыкі... Але не, ён, Юрка, не хворы, гэта так намёрзся, калі яны жылі ў новай хаце і там не было печы... Але цяпер у хаце цёпла-цёпла, і Юрку больш не бяруць дрыжыкі. Ён нават спіць не накрываючыся, накрываецца толькі бацька. Бацька хворы.

Калі Юрка ўспомніў, што ў іх дома ў хаце печ, у якой варыць раніцай і ўвечары маці маладую бульбу і пякла нават праснакі на подзе, яму зноў стала цёпла. Тады ён паглядзеў на сонца і не зажмурыўся — яно было не такое ўжо і зыркае, толькі гарачае, аж вачам ад яго горача. Калі Юрка павёў рукамі па твары — твар быў мокры. "Вадой, мусіць, запырскаў, калі цёпкаўся нагамі па лужынах",— падумаў ён, тады падумаў яшчэ, што яго чамусьці вунь як цягне паглядзець на сонца. Зірнуў раз — і цягне цяпер. Сонца такое — да сябе ўсё цягне.

Яно было яшчэ ранішняе, вялікае, прыгожае і — як смяялася: скакала. I адно-адно над усёй Сырніцай-балотам, над усім мсціжаўскім лесам. Коціцца, падымаецца ўгору і пячэ, смаліць адтуль, зверху, аж сохне адразу гразь на балоце і вяне прыбітая нагамі трава круглец.

Раскручваюцца на купінах, расцягваюцца, як лепта, і грэюцца на сонцы вужы. У Сырніцы іх не так ужо і шмат, але яны ёсць. Шваргочуць недзе, аж у куце пад Ямскім — у партызанскіх лагерах,— качкі; і высока, не ўгледзіш дзе, аж пад сонцам, просіць вады канюх. Юрка зноў успамінае, што яму хочацца піць і што да Парыпапавай студні сёння не збегаеш: далёка да яе, далёка яшчэ і да палудня, і баляць ногі. Сёння Юрка папросіць вады ў Светы з бутэлькі. У Жэнькі не будзе, а ў Светы возьме і напросіць напіцца.

Юрка думае, што ён вунь як любіць сонца... Успамінае, як у вайну і пасля вайны вясной, калі яшчэ на дварэ ляжаў снег, выбегшы босы з хаты, пад прызбу, грэў на сонцы босыя ногі. А летась увосень бегаў у школу босы, калі ўжо раніцай ад марозу была белая трава на сцежцы і змярзалася ў груду гразь на грэблі. Ногі былі тады чырвоныя, што буракі. Юрка выстаўляў ногі на сонца, грэў. Яно было ўжо не гарачае, але грэла...