Выбрать главу

Ён любіў сонца...

— Цягні!.. Задумаўся... Загараеш...— здаецца, аж пад самым вухам гаворыць Жэнька, і ёе уздрыгвае.

Хлюп-хлюп... Ён выцягвае ногі з ямкі, у якую набегла вады аж па калені, ступае на сухую купіну і ідзе памалу якраз на чорны корч-вываратку, куды паказала Жэнька. Ды Юрка і сам ведае, дзе ісці. Толькі Жэньцы трэба ўсё роўна "выкінуць руку ўперад", як яе вучылі...

На балоце шмат журавін. На чырвоным доўгім і топкім журавінніку яны, тоўстыя і белыя, што боб, і маленькія, дробненькія, што чырвоны гарошак, вісяць высока аж над куп’ём, зачапіўшыся за траву круглец. Трава іх нават і не чуе, не гнецца... Але яны, як ідзеш, пырскаюць і пырскаюць з-пад ног, лучаюць аж па твары. Пырсне журавіна з купіны на шчаку, цвёрдая, што каменьчык,— і хочацца тады пацерабіць пад вокам...

— Правей, правей...

Што гэта яны сягоння як згаварыліся ўсе: правей... правей... I Завішнюк, і Жэнька. Нашто тады Жэньцы і хадзіць з лентай. Стаяла б сабе на сухім, аж там, ля капца на пагранзастаўскай дарозе, і камандавала... Юрка думае пасля, што Жэнька з лентай ніколі і не стане хадзіць, яна будзе, як выўчыцца, што Завішнюк: з тэадалітам. I тады Юрку здаецца, што Жэнька гарадская. Вунь якая гарадская... I далёкая-далёкая. Чужая... Юрка баіцца яе. баіцца глядзець на яе. А калі зірне — уздрыгвае. Хоць бы яна не згледзела — смяяцца стане. I раскажа Завішнюку, калі яны сядуць на пень "падлічваць шпількі"...

Чвяк-чвяк... Калі Юрка спыняецца, чуе, што ззаду ўсё ідзе Жэнька. Не дайшла тады яшчэ да "яго" шпількі... Яму трэба ступаць далей, на гладкае. А гладкае балота ў Сырніцы — самае горшае. На ім можна праваліцца на той свет. А дзе купіны — смялей.

На гладкім нават і слядоў няма — адна рудая гразь. На ёй бліскучая, як ад бензіну, вада і маленькая-маленькая трава з зялёнымі лісточкамі, што зайцава капуста. А можа, Завішнюк са Светай абышлі гэту гладкую латочыну? Абышлі і пайшлі далей... Юрка падумаў, што ён баіцца ступіць сюды, у рудую гразь, баіцца, бо яго пачынаюць браць дрыжыкі. Ён аглядаецца назад: хоць бы Жэнька не ішла, хоць бы яна скарэй знайшла "яго" шпільку... А можа, яна, Жэнька, перайшла, згубіла яе? Гэтулькі прайшлі ўжо... Юрка хоча крыкнуць ёй, каб лепш глядзела пад ногі.

— Правей, правей... Да шпількі недалёка. Я яе даўно ўгледзела. Вачэй не спускаю, каб не згубіць...

Юрку здаецца, што гэта над ім угары крычыць канюх, забыўшыся, што яму, канюху, трэба прасіць піць. Правей — гэта на самае роўнае месца, якраз пасярод яго трэба ісці. А там і травіца нават не расце. Юрка стаіць і, стоячы, перабірае ў пальцах, цягне ленту, скручвае ў руках, што вяроўку: не цягні, не скручвай — стане і Жэнька, будзе крычаць на ўсё балота. Лента корчыцца, бразджыць, выскоквае з рук і, як змяя, круціцца ля ног...

Юрка хоча тады крыкнуць самому Завішнюку, запытацца, дзе яны абыходзілі гэта месца... Але Завішнюк далёка, за вывараткай, яго адгэтуль зусім не відаць. Ён не пачуе. А можа, яны — Завішнюк са Светай — як ішлі, так і пайшлі праз роўнае, там, дзе няма травы, а гразь залізала іхнія сляды? Калі Юрка так думае, яму не страшна, але ён усё роўна дрыжыць. Чаму ён сёння так дрыжыць? Як апечаны ўвесь — да сябе не даткніся...

— Стой!.. Шпілька!..— Чуваць, як уздрыгнула Жэнька. Юрка бачыць, як яна сагнулася і падняла руку: цягні, не бойся...

Хлюп-хлюп... Хлюп... Вада заходзіць адразу за калені, чуваць праз картовыя штаны. Здрыганулася ўся роўная латочына, закалыхалася, што кісель, наверх на гразь выступіла чорная вада,— відаць, як намачыла галоўкі трава, што падобна на зайцаву капусту. Юрку здалося, што ён сабраўся купацца, зайшоў голы ў ваду і ніяк не асмеліцца — трэба адразу даваць нырца. Ён перакінуў ленту цераз плячо, як лейчыну, разам з пруткамі-шпількамі, і пайшоў памалу-памалу, як пераходзіў не раз у Цыбульскім бродзе Вілію, калі ішлі з маці ў Даўгінава на рынак.

Гразь была халодная, што вада ў бродзе вясной, і булькатала — наверх выходзілі маленькія бурбалкі і лопаліся, што ў запечку ў дзежачцы, дзе ўчынены хлеб.

- Цягні!.. Цяг...— пачуў ён раптам, як аціхла недзе там, ззаду, Жэнька... Ён яе ўжо не слухаў. Гразь паднялася неяк адразу аж пад пахі, і ён пачуў, што трава, якая падобна на зайцаву капусту, пахне кропам, усё роўна як кропам... Зрабілася холадна-холадна ў ногі, бы ён стаяў цяпер босы на лёдзе; бурбалкі сталі дробненькія, іх было многа-многа, яны адразу лопаліся і пырскалі па твары маленькімі кропелькамі, што дождж-імжа. Юрка пачуў яшчэ, што паднізам на нечым цвёрдым лёгка ступаць у вялікіх і цяжкіх чаравіках, лягчэй нават, чым рассоўваць грудзьмі гразь.