Выбрать главу

Але ў тым баку неба чыстае, як вымытае: і яно высахла ад гарачыні і пабялела.

Жэнька са Светай пабеглі недзе на Карэнне — збіраць брусніцы; і ногі не баляць, нібы і не лазілі ад рання па балоце. Чуваць нават, як яны смяюцца нечага на тым Карэнні. I любяць жа брусніцы. Адна кісля, а яны ядуць. Света дык прыгаршчамі будзе ў рот сыпаць і не зморшчыцца. I ён, Юрка, любіць брусніцы, але яны яшчэ зялёныя, не паспелі.

Пасля Юрка думае, што дзяўчаты скора паедуць, і іхнія спелыя ягады астануцца некранутыя. Змерзнуць, перастаяць пад снегам зіму, а вясной будуць яшчэ чырванейшыя. I кіслейшыя — Масква відаць, кінь толькі адну ў рот.

А дзяўчаты смяюцца — пайшлі ўсё далей і далей. Смяюцца, мусіць, з Чаркашына, бо і раніцай, ідучы сюды, з яго ўсё смяяліся. Ён ужо аж дзве ночы запар прыязджаў з Мсціжаў у Лонву, адчапіўшы педзе прычэп; дзве ночы ў дзверы ім, дзяўчатам, стукаў, ды яны не пусцілі. Света яму "нос" паказала. Мусіць, ён ёй нешта зрабіў тады, калі яны танцавалі ўсю ноч у Палюхі; пацалаваў, мусіць, ды яна не прызнаецца. А цяпер катаць прыязджаў у машыне. Ноччу. Чаркашын, як стаіць у Лонве, катае кожны раз у кабіне дзяўчат. Кожны раз. I ўдзень і ноччу, Юрка бачыў. Юрка і не гэта яшчэ бачыў, не гэта знае пра Чаркашына. Але хай той яшчэ раз паставіць машыну на дзядзінцы ля партызанскага камення, а сам хай пойдзе, сагнуўшыся, як злодзей, стукаць Акцызніку ў акно... Хай толькі пойдзе...

Калі Юрка сцішыўся і слухаў, як на Карэнні крычаць дзяўчаты, чуў яшчэ — недзе блізка ў яго пад вухам шамаціць папера. Ён ведае, што гэта сеў на пні Завішнюк і "прыводзіць у парадак свой абрыс"... Скора кончыцца тады палудзень, трэба будзе зноў лезці ў балота, калі Завішнюк узяў у рукі журнал. Завішнюк, як і Юрка, ляжаў быў, раскінуўшы рукі, на імху, закурыў нават, лежачы, папяросу,— нейкую тоненькую і кароценькую, "Спорт", ці што,— і адразу патушыў. Можа, збаяўся, што ў мох агню падаткне, а можа, проста кінуў, не захацеў смактаць, як смокча Акцызнік. Што з ім стала рабіцца, з гэтым Завішнюком? Курыць пачаў. Толькі не разбярэш: не то курыць, не то — не. Крычаць яшчэ вунь як стаў і камандаваць, мудрэй за Міхала. У яго, у Завішнюка, усё разбіта па мінутах. Памыў рукі пад вывараткай, папалудняваў разам з усімі, дзе ён там палудняваў, гламзануў трохі, ваду нават сваю ўсю з бутэлькі не выпіў, адкаціўся ў цень, зняў акуляры, выцер ад поту лоб, лёг і заплюшчыў вочы. Мусіць, ён і паспаў ужо. А цяпер устаў, надзеў недзе акуляры і журнал прыводзіць у парадак... Скора закрычыць-закамандуе на ўсю Сырніцу:

— На лінію!..

Аж сінюкі спалохаюцца. Зацінькаюць, фыркнуць і палятуць на Карэнне. Сінюкоў тут, у Сырніцы, многа,— скачуць з галінкі на галінку па сосніку, клююць маладую кару — і духаты ім няма, і піць не хочацца.

Юрка думае, што ў Завішнюка асталася ў вялікай чорнай Грасыльдзінай бутэльцы вада, але ён не папросіць. Ён зноў на лініі выцісне яе прыгаршчамі з моху і нап’ецца, хоць яна цёплая, зялёная нейкая, і ў ёй плаваюць маленькія чорныя парушынкі: драбней маку.

Як хочацца піць! Над Сырніцай-балотам аж стогнуць канюхі - іх аж тры. Узрушыў іх нехта, носяцца, выпрастаўшы крылы, сасмяглі. Юрка, лежачы, добра бачыць іх — круцяцца адзін за адным — снуюць кросны, высока-высока, аж там, дзе белае ад смугі неба. Недзе за імі грыміць зямля — гур-р... гур-р...

Юрка зусім разамлеў, як канюхі ў небе... Не хочацца ўставаць самому, хутчэй бы Завішнюк закрычаў сваю каманду: "На лінію!" Тады б Юрка выціснуў у балоце прыгаршчамі вады... Але Завішнюк не крычыць, суцішыўся, не шастае нават сваім "абрысам". Юрка падняў галаву — угледзеў, што Завішнюк зусім не чытае свой "абрыс",— падпёрся рукой і думае. Пра што ён думае? Крычаў бы ўжо: "На лінію!" Але Завішнюк не крычыць і, можа, будзе доўга так сядзець — як і ўчора. Сядзець і думаць... Пасля ўзарвецца са свайго пня, як утрапёны, і будзе крычаць аж да самага вечара, пакуль яны не выйдуць на Ямскае — на сухое.

Юрка вунь як чакае, калі яны выйдуць на Ямскае... Пройдуць партызанскія лагеры-зямлянкі — там Юрка быў, ведае нават "штабную" зямлянку, дзе жыў камбрыг "кутузаўцаў", яна яшчэ цэлая, толькі абгарэла ў блакаду, немцы падпалілі,— і дойдуць да Жукаўшчыны. Пойдуць самым краем, ад мастка — па дарозе. Старая лінія ідзе па самай дарозе — лінію і чысціць не трэба. Праз усю Жукаўшчыну.

Жукаўшчына — лонваўскае поле. На ім расло жыта, яго даўно звезлі на ферму — вазілі снапы дзень і ноч. Вазіў і Юрка на Смыку.

Жукаўшчына цяпер чыстая, на ёй — на ржышчы — пасуць скаціну. I калгасную і вясковую. Але Жукаўшчына чыстая толькі да бярэзніку-грады, які ля дарогі цягнецца аж да старога, даваеннага маяка. Маяк разбайдавалі ў вайну, ад яго асталіся толькі дзве "драбіны" з палкамі-ручкамі, за якія чапляешся, калі лезеш наверх. Драбіны хістаюцца. Па іх ніхто цяпер не лазіць. А ў вайну лазілі. I партызаны, калі рабілі засаду на немцаў ля мастка, і Юрка, калі гуляў "у немцаў". Аж з Лонвы сюды прыходзіў з дзецьмі гуляць. Лазіў на маяк на самы верх, бо лазілі Сідарка з Валуйком. Як тады круцілася ў галаве — усё адно як хто раскалыхаў яго ў пуні на лейцах, што былі перавешаны цераз бэльку. Хацелася адарваць рукі ад палак і закрыць далонямі вочы — тады б, здавалася, не круцілася і ў галаве. Але рукі Юрка не адарваў бы нізашто. I не закрыў бы імі вачэй. Колечка Янкаў на самым версе закрыў вочы і паляцеў на зямлю. Ляцеў і крычаў — на ўсю Жукаўшчыну. Калі да яго падбеглі, ён ціха ляжаў на пяску, не кратаўся, а з галавы ў яго ішла кроў. Колечку пахавалі на могілках у той дзень, калі хавалі партызан, што біліся на шашы з немцамі. Мужчыны хацелі пайсці пасля і зрэзаць маяк. Але туды не пайшоў ужо ніхто гуляць. Не лазіў наверх. Садзіліся на ім толькі старыя груганы — іх у Жукаўшчыне многа.