Пасля робіцца ціха...
"На лінію!.." — крычыць недзе над самым вухам Завішнюк, і тады Юрка зноў адразу чуе, як грыміць на Мсціжах гром: гур-р... гур-р... Грыміць моцна і зусім не на Мсціжах, а над самай Сырніцай.
На твар раптам пырснулі халодныя-халодныя кроплі. "Дождж..." — думае Юрка, падхопліваецца і садзіцца, праціраючы вочы.
— На лінію!.. Я вам пазабаўляюся з хлопца. Найшлі гулі. Света — вехі!.. Са мной зноў пойдзеш. Жэнька — з лентай... Я вам набегаю, я вам пазабаўляюся... Да вечара будзем ужо на сухім... Вачэй з вас не спушчу, пакуль не вылезем з балота. На лінію!..
Завішнюк крычыць, а голас у яго не злосны. Тады Юрка здагадваецца, што быў заснуў. Заснуў і спаў, накуль не прыйшлі з ягад дзяўчаты і не пырснулі яму на твар вады. Света ўсё стаіць з вялікай чорнай Завішнюковай бутэлькай у руках і смяецца на ўвесь рот. Смяецца і Жэнька...
Тады Юрка зноў працёр вочы і сам пачаў смяяцца.
— На лінію! — строга ўжо загадаў Завішнюк, і Юрка ўсхапіўся з зямлі.
Жэнька адразу падалася за крыніцу, да чорнай вывараткі,— там яны пакінулі ленту са шпількамі.
Ён ішоў за ёй, а на душы пасля сну была трывога. Адкуль яна ўзялася і чаму не праходзіць?..
Перад вачыма ўсё стаяла тая ноч з зарывам, калі "Жалязняк" браў гарнізон і калі пачыналася блакада...
Жэнька ішла хутка — перабірала сваімі ножкамі ў бліскучых гумавых боціках,— аж бегла, як каза; ён спяшаўся, каб не астацца, а ўсярэдзіне ў яго ўсё нешта ныла і ныла. Перад вачыма стаяла зарыва — не праходзіла. Забалеў пад левай пахай рубец...
I калі грымела, не сціхаючы, далёка на Мсціжах, ён, Юрка, уздрыгваў і са страху кідаў туды позірк, сам не ведаючы чаму.
— Света!.. Вехі!.. Не спаць...— зноў закрычаў на ўсю Сырніцу Завішнюк.
Юрка ўздрыгнуў і пабег даганяць Жэньку. Хацелася быць бліжэй да яе — бліжэй да людзей.
За вывараткай, на сушэйшым, рос круглец, і пад ім, на самай зямлі,— трава, што была падобна па зайцаву капусту. Яе мясілі з гразёю яго, Юркавы, вялікія, з бацькавых ног, чаравікі.
Ён не ведаў, чаму цяпер не мог супакоіцца, суцішыцца на хвіліну. Здавалася, калі правальваліся ногі, ляціш аж на той свет. Тады хацелася кінуць ленту і бегчы куды ў Сырніцу ці на пагранзастаўскую, убітую леспрамгасаўскімі машынамі, дарогу.
Ён думаў, што ніколі ж не баяўся балота. У Цянях касіў сёлета з бацькам і касцамі на самай Жоўтай крыніцы... А Жоўтая крыніца — не Сырніца...
Яму прыйшло было ў галаву, што ён баіцца грымот, што ўздрыгвае тады, калі на Мсціжах грукоча гром...
Ён пазіраў туды скоса, спадылба, але нічога не мог угледзець: неба ў тым баку было чыстае, зацягнутае рэдкімі белымі пісягамі.
I нылі, нылі без аддухі канюхі... Апускаліся нізка, на самы лес, пасля ўзляталі, набіраючы вышыню.
Так лёталі ў апошнюю блакаду нямецкія самалёты, калі бамбілі вёску. Па іх стралялі з фермы партызаны — самалёты тады падымаліся высока, меншалі і губляліся з вачэй.
Гур, гур...— грукоча за лесам. Чвяк, чвяк...— хлюпае пад нагамі балота.
Яны з Жэнькай ужо далёка за вывараткай. Да вечара выйдуць на сухое.
Жэнька ўжо не крычыць, не падганяе. А калі Жэнька не крычыць, не муштруе яго — значыць, ён робіць усё як трэба, і ленту нацягвае так, што не прычапіўся б Завішнюк.
Калі Жэнька не крычыць — яна тады спявае.
Якая яна сёння вясёлая! I як яна бегае. На ёй жа вада не ўстоіць...
Жэнька пяе лепш за Свету, цішэй, можа, толькі. А чаго крычаць на ўвесь лес? Ваўкоў пужаць?
Калі Юрка згінаўся і нацягваў ленту, чуў, што дрыжаць рукі. Пасля не хацелася адгінацца: балела паясніца, аж рэзалася, бы яе перацялі мокрым пяньковым путам. Трашчалі ногі ў суставах, як спіцы ў сухім коле ў калёсах.
Але трэба было пакінуць у траве пруток і, падняўшы на плячо ленту, ісці далей,— таптаць прымятую траву круглец і мясіць з гразёю зайцаву капусту.
Гур...— грукатала за лесам. У тым баку шырока пачынала цямнець неба. 3 Жукаўшчыны плыла хмара, бурая і рагатая, што вялікі лось выставіў уперад рогі.
Падзьмуў халодны вецер; у Сырніцы стала свежа, здалося, што і пад нагамі пахаладнела вада.
Юрка, аглядаючыся, бачыў, як вецер рассыпае Жэньчыны чорныя валасы і як яна прыгладжвае іх рукой, гладзіць і гладзіць і ніяк не дасць рады. Можа, цяпер яна і не выстаўляе руку ўперад — не камандуе, бо ў яе ж яна занята...