Смык не ішоў — наравіўся.
Завішнюк у адчаі ўхапіў з воза лейцы і стаў лупіць яго, Смыка, дзе папала. Той толькі адсядаў узад і стагнаў, што чалавек, якому нешта балела.
Тады Завішнюк рашыў, што трэба пачакаць. Хоць трохі, пакуль адсапецца загнаная зусім жывёліна.
Ён паволі ўзлез на калёсы, ступіўшы на вось, і сеў у перадку, падабраўшы пад сябе ногі.
Калі захрыпела Жэнька, ён тузануў зноў за лейцы, пасля аж рваў іх, тузаючы і тузаючы. Смык яшчэ больш адсядаў у аглоблях да калёс і стагнаў.
Тады Завішнюк заплакаў наўзрыд...
Пачуў пасля ўжо, што па бруку пад ім заляскаталі колы, памалу зусім, пераскокваючы з каменя на камень. Загайдала калёсы, загайдалася на белай падушцы Жэнька.
Ён здагадаўся, што Смык пайшоў сам. Пасля агледзеўся, што Смык усцягнуў калёсы на гару, што была за мостам перад лесам. 3 гары і было добра відаць зарыва над Мсціжамі. Завішнюк успомніў, як яны — ён, Жэнька і Света — тады вечарам, ідучы ад шашы логам у Лонву, пасля захаду сонца, бачылі яшчэ раз яго, чырвонае сонца, падняўшыся на гару...
У Завішнюка зашчымела, аж забалела ўсярэдзіне.
Калі ён угледзеў, што над зарывам вісяць доўгія бурыя хмары, падумаў, што і зорак паменела раптам уверсе над галавой, і знаць на дарозе — днём тут быў лівень: стаялі лужыны і Смык цепкаў па іх нагамі.
Калі яны спусціліся з гары, зарыва паменшала, але Завішнюк ведаў, што яно яшчэ доўга будзе то большаць, то меншаць, аж пакуль яны не выедуць з лесу.
Уязджаючы ў лес, ён прыпыніў каня.
Жэнька не храпла. Ён нагнуўся над ёй: яна зусім не дыхала, у яе былі халодныя шчокі і мокры ад поту лоб.
— Не маўчы! Жэ-энька!..— закрычаў ён і ўтаропіўся на зарыва, яно зноў расло і займала ўвесь край неба над лесам.
...Дзверы былі адчынены: адны, другія і трэція, і ён, нарабіўшы стуку, калі бег па ганку і па калідоры, апынуўся раптам у белым ад агню і чыстых сцен пакоі. Ён, мусіць, і тут нарабіў грукату, бо з канапы раптам усхапілася, прачнуўшыся, мусіць, дзяжурная сястра і, папраўляючы на галаве валасы і ўтаропіўшыся ў яго, лыпала вузенькімі ад сну вачыма.
У пакоі былі яшчэ адны дзверы — вялі ў доўгі і белы калідор; яны расчыніліся якраз у гэты час, і на парозе стала такое ж самае дзяўчо ў белым халаце, як і гэта, што ўсхапілася з канапы, і гэтаксама пачало папраўляць валасы.
"I там недзе капапа... I там спяць..." — падумаў ён раптам.
— Хутчэй! — закрычаў ён пасля і, крутнуўшыся, пусціўся бегчы на двор па тым жа калідоры, грукаючы нагамі па высокай і звонкай падлозе.
Яго адразу паслухалі: за ім тупала ножкамі медсястра, як падумаў ён,— тая, што ўскочыла была з капапы.
Выбегшы з белага ад агню пакоя на двор, ён убачыў, што там вунь як цёмна, можна спатыкнуцца і паляцець к чортавай мацеры... Лапнуў тады абедзвюма рукамі за твар, там, дзе павінны былі вісець акуляры. Акуляраў не было. Ён падумаў, што згубіў іх, трэба шукаць на возе, пасля падумаў, што хто ведае, дзе іх згубіў,— нічога не помніць.
Сястра першая падбегла да воза і адным махам сарвала з Жэнькі абедзве пасцілкі, скінула на зямлю пад ногі. Пасля ўхапілася абедзвюма рукамі за яе руку.
— Вера! Насілкі!..— закрычала яна раптам на ўвесь двор прарэзлівым голасам. Ён, Завішнюк, аж уздрыгнуў і пахаладзеў. Не мог крануцца з месца — як прырос да зямлі. Пасля прашаптаў чамусьці за медсястрой: "Насілкі..." Пачуў, што голас у яго стаў сіпаты, пачуў яшчэ, што горка ў роце і суха — не павярнуць языком.
Вера — другая сястра, што выйшла была з калідорчыка ў белы пакой,— збегла адразу ж з ганка з насілкамі — Завішнюк нават не ўгледзеў, дзе яна іх магла ўзяць,— падскочыла, як птушка, да калёс, стаяла і дрыжала.
"Ад холаду, мусіць..." — падумаў ён.
Насілкі ляжалі на зямлі, на ўтаптанай сырой траве,— на іх падаў цень ад ліпы, за якой над дзвярыма амбулаторыі свяціла калючая лямпачка. Цень падаў і на белы твар Жэнькі — закрываў ёй вочы ад яркага агню...
Тады ў Завішнюка раптам усё скалыхнулася ў душы, усё, што было з ім у дарозе...
Ён рвануўся да калёс — можа, нават памагчы зняць Жэньку, але яго не пусцілі. Не пусціла першая медсястра, што ўсхапілася была ў пакоі з канапы. Адапхнула яго рукой — рука ў яе была моцная — і сказала злосна:
— Не замінайце!
Ён тады адышоўся, адступіўся ад калёс — адразу паслухаў яе. Падумаў, што ў яе дужыя рукі, вунь якія дужыя. Тады на якую долю часу ў яго мігнула ў галаве, што Жэнька будзе жыць, будзе, бо ў медсястры дужыя рукі... Калі ён цяпер сваімі блізарукімі вачыма глянуў на яе, убачыў, што яна немаладая ўжо і што недзе, мусіць, урач, а не сястра...