Дзве дзяўчыны ў белым хутка знялі Жэньку з калёс, лёгка, як пушынку, і паклалі на насілкі. Старэйшая, прыпаўшы на адно калена на траву, змахнула рукой у Жэнькі з сукенкі прыліплае белае сена-сінец — як яна ўсё спраўлялася рабіць? — ухапілася тады рукамі за насілкі і сказала такім жа голасам, як і Завішнюку:
— Вера!..
Жэньку хутка панеслі да ганка — подбегам. Адразу загрукалі па падлозе ў калідоры цяпер цяжкія ўжо ногі ў дзяўчат, бразнулі, зазвінеўшы шклом, дзверы...Завішнюк раптам тады падумаў, што больш, можа, не ўбачыць Жэнькі, што яе забіраюць у яго... Ускочыўшы на ганак, ён пусціўся бегчы па калідоры, выставіўшы ўперад рукі.— баяўся наткнуцца на што: не бачыў жа без акуляраў нічога.
Дзверы ў белы пакой былі зачынены, ён піхнуў іх.
Жэнька ляжала ля сцяны на нечым невысокім, як на стале. Твар у яе быў белы-белы пры агні, што снег... На грудзях не было ўжо кофтачкі, і грудзі былі белыя...
Ён, забыўшыся на ўсё, загрукаў нагамі па падлозе — дабег аж на сярэдзіну пакоя.
На яго нават не аглянуліся. Старэйшая дзяўчына — урач, як ён пра яе цяпер думаў,— нагнуўшыся над Жэнькай, перабірала хуценька-хуценька пальцамі нешта ў маленькай бліскучай баначцы.
— Вера! Шпрыц... Два кубікі... Шпрыц, шпрыц мне! — закрычала яна раптам мацней, чым на двары. Тады, не адварочваючыся, закрычала на яго, Завішнюка: — Не замінайце! Не замінайце! Вера! Шпрыц!
Веры нідзе не было, і Завішнюк рвануўся ў той калідорчык, адкуль яна была раней выйшла, але яму заступіла дарогу старэйшая сястра-ўрач, упёрлася сваімі дужымі рукамі ў грудзі і выпхнула за дзверы ў калідор. Ён нават не агледзеўся калі.
Узяўшыся пасля за бліскучую ручку на дзвярах, пачуў, што яны замкнёны. Працёршы вочы, ён тады паглядзеў на шкло ў дзвярах — з таго боку была фіранка.
Ён чуў яшчэ, як у пакоі за дзвярыма тупалі ногі,— мусіць, прыбегла Вера, чуў, як два разы яшчэ загаманіў знаёмы голас: "Шпрыц! Шпрыц!" — цішэй толькі: за дзвярыма ж.
"Шпрыц, шпрыц..." — калола яму ў галаве. "Два кубікі... Два кубікі..." — думаў і думаў ён.
Пасля падумаў: "А ці дыхае Жэнька? Ці дыхае?" — і зноў схапіўся за бліскучую ручку на дзвярах абедзвюма рукамі.
Але за шклом нават не ўздрыгнула фіранка.
Тады ён адчуў, што ў яго больш няма ніякай сілы, адчуў, што баляць, баляць ногі і нічога не бачыць, як аслеп.
Ён пайшоў назад па калідоры, баючыся прыхінуцца да сцяны плячом, прыхініся — не адарвешся, не хопіць сілы ступіць адгэтуль прэч.
На дварэ было холадна, стыла мокрая ля спіны кашуля. Недзе на шашы, адкуль ён прыехаў, міргалі фары: успыхвалі — білі ў вочы — і патухалі. Гулі машыны, і далёка нешта звінела — тоненькім ціхім звонам. Неба на ўсходзе пасвятлела — шырока, на ўвесь край. На ім зусім не было зор.
Чорны Смык стаяў у цяні, што падаў ад ліпы. Цепь падаў і на калёсы.
Завішнюку раптам здалося, што на калёсах у перадку сядзіць Юрка — адвярнуўся, глядзіць недзе ўбок...
Завішнюк уздрыгнуў, падышоў да калёс, падняў з зямлі пасцілкі, ускінуў на сена і, ступіўшы на вось, узлез, сеў у перадку, падкурчыўшы ногі, як і ў дарозе.
Недзе далёка нешта ўсё тоненька звінела, і ён абхапіў аберуч галаву.
"Шпрыц... Шпрыц... Два кубікі..." — стаяла ў яго ў вушах. "Два кубікі..." — падумаў ён пасля. "Два кубікі... Жэнька выжыве..." — падумаў ён яшчэ і ўспомніў, што ў старэйшай сястры-ўрача дужыя рукі.
Калі ён суцішыўся, пачуў, як нехта стогне. Ён аж уздрыгнуў, апусціў рукі і насцярожыўся. Стагнаў Смык, ціха, што чалавек.
Завішнюк тады ўспомніў — конь жа галодны. Злез з калёс, падышоў, абняў яго за шыю. Доўга гладзіў мокрую грыву ля вушэй, пасля пайшоў узяў з ляжэек ахапак сена і паклаў яму ля частаколу; адпусціў на спіне падпінак.
Узлез зноў на калёсы і зноў абхапіў рукамі галаву. Зноў нешта звінела і стагнаў Смык. Стагнаў ціха, як чалавек.
Сена не зачапіў, не нагнуўся нават, стрыножыўся і ўздрыгваў.
Завішнюк больш ужо не мог злезці з калёс. Сядзеў, падкурчыўшы ногі і ашчапіўшы галаву, і глядзеў на вокны амбулаторыі, дзе гарэў агонь. Яму здалося, што цяпер загарэўся агонь ва ўсіх вокнах у бальніцы.
Недзе далёка несціхана нешта ўсё звінела і грукацелі па бруку калёсы. Пасля закрычаў на ўсю Сырніцу Юрка...
Завішнюк тады падумаў, што гэта ў яго ў галаве, і сціснуў яе яшчэ болей.
Ён сядзеў так на калёсах не варухнуўшыся; слухаў, як стогне Смык, як гудуць на шашы рэдкія машыны; глядзеў сляпымі вачыма на вокны ў бальніцы, дзе гарэў агонь, на жоўтую зару, што бялела і бялела на ўсходзе, як града на Каралінскай пасецы...