Днела.
Раздзел дванаццаты
Восень
Было ціха. Неба над Лонвай зацягнулі шэрыя, як попел, хмары. Над вёскай і туды далей, на загуменне, на Цяні, яны чарнелі і нізка звісалі над зямлёй; на ўсходзе — над Сырніцай і Ямскім, дзе партызанскія лагеры і дзе ўзышло сонца,— яны былі чырвона-белыя, з сінімі прагалінамі, а над самым лесам — аж бурыя, у вялікіх тулягах. I здаваліся цяжкія: не ўтрымаюцца пад сонцам, упадуць на лес і паломяць, паваляць на зямлю мсціжаўскія старыя сосны. Пакрышанае дрэва паляжа па дол — цвёрдае, што камень, і белае, як сыр.
Цішыня плыла з усходу, з лесу, разам з хмарамі і сонцам, і хутала сабою загуменне і шырокае поле, шо ляжала ў канцы Лонвы за пагранзастаўскай дарогай і за ямамі, дзе лонваўцы спрадвеку, як зачапіліся тут, хавалі на зіму бульбу.
Адгэтуль, з дарогі ля ям, было чуваць, як далёка на Жукаўшчыне ракоча ранні трактар, як у вёсцы ў кузні над лёгенькім малатком смяялася кавалда, а тады аж стагнала ад звону, калі па ім біў пудовы молат.
На загуменні па камяністай і ўбітай дарозе стукалі з ляскатам калёсы — былі на жалезным ходзе; там недзе ржалі коні, ціха, дробненька,— здалёку здавалася, што гэта смяюцца дзеці.
Бліжэй ля лесу стаяла яшчэ большая цішыня — чуваць было, як перасыпаецца пад нагамі на дарозе глыбокі сухі пясок: шась... шась... Усё адно як хто браў яго з сяўні і сеяў па зямлі, што жыта.
Тады здавалася, што цішыня цярусіцца з высокіх сонных жнівеньскіх хмар, як бы і яе хто сыпле і сыпле адтуль на лес, на поле, на Лонву — сее разам з расой і грыбамі.
У цішыні чуваць было, як стукае ў лесе галодны дзяцел. Калі не свяціла сонца, дыхаў з поля сухі халадок: ішла восень.
3 фермы, што недалёка ад дарогі, пахла саломай, даўняй, ляжалай; з узлесся, з пасекі, несла смалой-жывіцай і рассцеленым па сіўцы льном; а з поля, з Земфонда, натыхала раллёй, цёплай, свежай і прэснай, як учынены нядаўна ў дзяжы хлеб.
Ад лесу відаць была добра ўся Лонва — стаяла на шырокіх і цвёрдых тут грудзях зямлі; здавалася, яе нішто не можа зрушыць з пагор’я і сапхнуць да ракі, дзе ніжэй, дзе лог і балота; здавалася, яна тут прырасла навек да зямлі; і зямля без яе — не зямля, і лес без яе — не лес...
За Лонвай, за ракой, пачыналася поле і цягнулася далёка на захад, дзе сінелі, заходзячы краем аж сюды, па Мсціжаўшчыну, аўгустоўскія лясы.
Можна было падумаць, што на гэтым багатым кавалку зямлі, выкраеным сярод лясоў, на яго ўлонні, і ляжала Лонва — старажытная паўночная беларуская вёска...
Завішнюку, калі ён глядзеў на яе ад лесу, доўга думалася — што значыць Лонва?
Калі ён доўга думаў, яму тады здавалася, што Лонва — гэта ранішняя зара на ўсходзе; што гэта — прастор з яго лясамі і рэкамі, з яго пагор’ямі і балотамі; што гэта — сонца на захадзе, калі барвавее ў вячэрняй летняй і асенняй цішыні ўсё неба, а далёка, як даступна вачам,— сінеча... Густая, што дым...
Як туды заўсёды хочацца ісці... Дарогай, сцежкай, полем ці лесам, але ісці і ісці... Бо ў такой сінечы, у лясах, на паўночны захад ад Лонвы,— Каралінская пасека з шырокай даваеннай градой...
Пасля Завішнюк падумаў, што трэба будзе спытацца ў людзей, у вёсцы, што значыць Лонва: спытацца ў Грасыльды, у Міхала Кастыцкага, у Акцызніка ці старога Тодарчыка...
Ён яшчэ будзе гаварыць з імі: ён доўга будзе ў Лонве.
Прайшло ўжо два дні, як ён завёз Жэньку, і сёння ўсходам сонца зноў ішоў па старой дарозе з трыножнікам за плячыма і драўлянай скрыначкай з тэадалітам у руках, ішоў у Сырніцу — на лінію, што вяла праз партызанскія лагеры на Жукаўшчыну, на маяк.
За Лонвай, ля лесу, быў той самы глыбокі пясок, па якім ён хадзіў ужо не раз, а яму здавалася цяпер. што на дарозе пяску пабольшала — аж гразнуць па калені ногі і зусім робяцца вялыя, не хочуць ісці.
Тады Завішнюк адставаў ад усіх.
Наперадзе, недалёка ішлі грамадой яго рабочыя: Акцызнік з сякерай пад пахай па руцэ, Валуёк, Сідарка і Света. Света несла на плячы дзве паласатыя вяхі. Валуёк з Сідаркам усё крычалі і крычалі Акцызніку наперабой пра тое, што іх не пускаў Міхал у лес "ні за якія грошы" і што яны ўзялі і пайшлі самі, і ён ім нічога не зробіць, не зловіць за хвост...
Завішнюк ведаў, як усё было: сам прасіў у Міхала рабочых. Ішла восень, у лес поўз туман і вісеў на лініях цэлы дзень да вечара. Трэба было спяшацца прайсці мсціжаўскі масіў...
Уперадзе ўсё крычалі і смяяліся Валуёк з Сідаркам.
На іх пачынаў за нешта крычаць і сам Акцызнік.
Света маўчала, яна маўчала ўжо каторы дзень: не гаварыла нават і з ім, Завішнюком. Маўчаў пры ёй і ён — ніяк не мог адважыцца загаварыць.