Ён падумаў, што пагаворыць з ёй сёння ўвечары, пасля. як яны прыйдуць з лесу,— бо маўчаць больш нельга...
Калі наперадзе цяпер, не сціхаючы, крычаў Акцызнік, Завішнюк падумаў, што ён не можа чамусьці падымаць вачэй на таго, не можа, і ўсё. Стаяць і стаяць у вушах яго словы, калі ён, прыгнаўшы з фермы запрэжанага Смыка, крычаў гэтаксама моцна ля Грасыльдзіных варот:
— А ў раён я не паеду... Варта ў мяне ноччу, сам знаеш, таксатар. Як жа мне ехаць? Мяне з работы тады могуць... А з дзеўчынёхай нічога не будзе. Гэта з хлопцам... а-яй... бяда якая. Так галавон палажыць... Нізашто... А-яй... А з дзеўчынёхай... Можа, каго папрасіць? Мая баба каб дома была... Грасыльда, во... Але ж і яна, відаць, хату пабаіцца адну кінуць... Згінь ты, благое, прападзі... Гэтыя снарады... Панакідалі іх усюды і нашы, партызаны, і немцы...— Ён доўга кляў ля варот снарады.
Завішнюку цяпер здалося, што Акцызнік і тады таргаваўся, і ён падумаў,— відаць, не ўсяму трэба верыць, што Акцызнік верне на Міхала і на "сваіх прамгасаўцаў"... Верне, а сам думае "дабівацца праўды"...
Не хацелася цяпер з ім і гаварыць — ні пра што.
А ён лез з гутаркай, хоць ты яму ў вочы было плюнь,— не сціхаў ні пра сябе, ні пра свайго Чаркашына. 3 двара ў Грасыльды ўчора цэлы дзень не вылез.
— Шавельзон не прывёз зарплаты на ўчастак... Не прывёз, чорт насаты... Скула ў яго села ці якая там шмула. Я на машыну — адразу ў раён. 3 участка проста. А туды якраз усе нашы з’ехаліся да канторы, уся калона. Заставілі вуліцу прычэпамі...
Акцызнік на двары пра "сваю пяцёрку" ўжо не ўспамінаў, глядзеў толькі яму, Завішнюку, у вочы, як гаспадару сабака, які ведае: усё роўна ты мне нешта кінеш. Выседжу, лапамі з зямлі выдзеру... Для Завішнюка гэта значыла: табе цяпер вунь як патрэбны рабочыя: восені баішся і спяшаешся. А ў лес прыпоўз туман. Вось мы за яго і схаваемся... А ты нідзе не дзенешся... Але Акцызнік гаварыў зусім пра другое. Гаварыў і воч не спускаў з яго, Завішнюка, як ведаў усё роўна што.
— Даганяе мяне Чаркашын... Здароў... Здароў... Хмуры хлапец нейкі. Думаю — вып’ем... Адвядзём душу... Гляджу, мінае нешта "Чайку", закусачная ў нас там ёсць такая ля гасцініцы,— можа, даводзілася... Ды даводзілася...— махнуў ён рукой і паправіў пальцамі вусікі пад носам, як пыл з іх змахнуў.— Ну, мінай, думаю, чорт з табой, у мяне свае ёсць, палучыў. Клічу, сам пастаўлю, кажу,— і не чуе. Цягну — не туды тое... Упёрся, як бык. Я тады яму... А ён мне дастае дзве пачкі грошай, у жмені ў яго не тоўпяцца, і тыча ў морду, як сабаку... Я тады ўжо да яго бокам, бокам... I так і сяк, кажу, што з табой, хлопец... А ён і не хаваецца... Мы, брат, мужчыны, кажа. I многа дзе круцімся, пакуль галовы сабе не паскручваем... Ты думаеш, я да цябе праз кожную ноч так гэта прычэп свой ганяў... Бензін пёк... У мяне, брат, і вока ёсць і сэрца ёсць. Я, брат, баб перабраў... А што знайшоў? Што яна плюнула мне ў вочы? Узяла і плюнула. А не ведала, каму плюнула, не ведала... Я... я... люблю яе... Ёй цяпер цяжка. Я там быў, кажа ціха так і ў зямлю ўсё некуды глядзіць, пад ногі сабе, каб мо яшчэ раз у сваім, думаю, паганым жыцці не спатыкнуцца. А магло быць і горш, кажа... Цяжка ёй. Я быў у яе. Не пусцілі... Сказалі, што нікога не пускаюць. Ды я ім усю іхнюю бальніцу разнясу, калі другі раз не пусцяць... Я, брат... цяпер увесь увяз... Душа ўвязла...— Акцызнік аж падскокваў на Грасыльдзінай калодачцы, што стаяла пры асверы ля студні.— Вот табе і Чаркашын... Скапыціўся... На Жэньцы... Г-ге... Кінуў мяне аднаго на вуліцы і пачапаў па бруку да аўтакалоны. Ге-ге...
Завішнюк спяшыў.
Калі на ўсходзе рассоўваліся жоўтыя хмары, адтуль сыпалася на зямлю, як церусілася праз сіта, белае святло; у канцы пасекі на полі падымаўся з зямлі туман — як пара з вялікага гаршка.
Шась... Шась...— перасыпаўся пад нагамі нясок...
Цюк... Цюк...— стукаў далёка ў лесе галодны з начы дзяцел.
Было ціха, і ў цішыні нешта густа шумела, як недзе далёка раіліся пчолы,— шум ледзь лавіла вуха: трэба было доўга стаяць суцішыўшыся.
Завішнюк падумаў, што гэта шумяць раніцай мсціжаўскія лясы... Яны і без ветру шумяць, ніколі не сціхаюць...
Пасля цішыня раптам здрыганулася, і на полі, на лесе, па ўсёй Лонве пакацілася ядранае рэха. У Земфондзе, там, дзе з зямлі ўставаў туман, загудзеў трактар. На полі над чорнай раллёй падняўся сіні дым і паволі папоўз угару, як туман. Над ім закружыліся маленькія чорныя вароны — ад спалоху насіліся, як дурныя. Крычалі, мусіць, на ўсё горла, але іх не было чуваць.
3 фермы на поле, нагружаныя роўна з коньмі белымі мяхамі, паехалі дзве падводы. Завішнюк угледзеў іх, калі яны былі ўжо ля ям, і пазнаў чорнага Смыка.
У яго заныла-заныла ўсярэдзіне...