Выбрать главу

Лонваўцы сеялі жыта.

Ззаду за падводамі на поле ішлі Міхал з Грасыльдай, ішлі ўпобачкі, плячо ў плячо, гамапілі моцна — на ўвесь Земфонд — і размахвалі, размахвалі рукамі.

"Многа ім яшчэ вось так ісці поплеч і даказваць адно аднаму..." — падумаў Завішнюк.

Калі ён угледзеў, што Грасыльда ў белай хустцы, успомніў, што гэта яна, Грасыльда, мігнулася ля акна на двары тады, як ён, Завішнюк, толькі яшчэ працёр вочы,— пайшла на ферму, кінуўшы яму снеданне на стале пад белым абрусам, і не вярнулася: будзе занята ўвесь дзень. Ён падумаў, што ў Грасыльды ж хворае сэрца, што яна плакала і па Жэньцы, і па Юрку, якога нідзе не знайшлі, як па сваім Валодзю, і што пра гэта ведае толькі ён, Завішнюк. Успомнілася яшчэ, як Грасыльда, калі ён кратаўся ад варот з Жэнькай на калёсах, не магла ўжо стаяць на нагах — апусцілася на лаўку і сядзела, торкаючы ў зямлю кійком,— сасновым гладкім сукам,— які стаяў у яе ў сенечках ля парога. Не бачыла нават, што перакруціла кіёк і трымае востры канец у руцэ, а тупым совае ў зямлю.

Ён успомніў яшчэ, як у Жэнькі, калі яе паклалі на калёсы, вываліўся з кішэнькі на кофтачцы жолуд. Зялёны яшчэ зусім, з Грасыльдзінага маладога дуба, што рос у гародчыку; зялёны, з маленькім жоўтым лісточкам. Вываліўся, скаціўся з калёс, з пасцілак і ўпаў на зямлю. Яго адразу ўтапталі ў пясок людзі...

У Земфондзе лонваўцы сеялі жыта...

На ўсходзе раз’язджаліся хмары і жаўцела над лесам неба, як усё роўна стаяла зарыва.

Тады на Завішнюка хлынула нешта гарачае...

Успомніў зарыва ўначы над шашой і граду на Каралінскай пасецы... Успомніў дужыя рукі сястры ў бальніцы... Успомніў Жэньку... Вясёлую, з рассыпанымі па плячах валасамі... Яна скача з курганка на курганок, смяецца, аж заліваецца, адкінуўшы галаву, і лічыць на пальцах сваіх канюхоў...

...Над трактарам у Земфондзе кружыліся вароны... А калі раз’едуцца зусім хмары і днём стане горача, у Сырніцы ў небе зноў будуць прасіць вады канюхі...

Яны будуць лётаць высока ў небе, будуць кружыцца і кружыцца над лесам... I Жэнька будзе жыць... I гаварыць стане. I ён цяпер будзе ездзіць да яе ў бальніцу кожны раз, калі толькі выпадзе, а то будзе ездзіць і праз дзень. I паедзе заўтра: у лясгас жа трэба. Выйдзе вечарам на шашу — і пойдзе, калі не будзе машын, пойдзе пехатой. А назад раніцай пад’едзе з кім-небудзь, каб паспець на работу: раніцай лягчэй знайсці машыну..

Калі змоўк у Земфондзе трактар, над дарогай павісла яшчэ гусцейшая цішыня...

Даганяючы сваіх, Завішнюк сышоў з дарогі на пасеку і пайшоў па белым высокім і сухім сіўцы. Угледзеў, што на сіўцы шэрае павуцінне — вісіць густымі латочынкамі, не ступіць за ім, а на павуцінні — блішчыць раса. Падумаў, што і тут, на ўзлессі, ля самай Лонвы, нядаўна ляжаў туман і раса недзе ўжо была халодная з начы...

Падумаў пасля, што восень на Мсціжаўшчыне пачынаецца яшчэ ў жніўні...

1964